Вы тут

Уладзімір Цвірка. Цялядавічы


Яшчэ тыдзень-другі, і вясновая зеляніна дрэў схавала б адметныя і непаўторныя рысы гэтага храма. Толькі купалы святочна панавалі б над маляўнічымі абшарамі наваколля. Але ж у дзень, калі я тут пабываў, праз сетку галін, якія толькі-толькі набіралі сокі новага жыцця, сілуэт царквы бачыў цалкам, без перашкод. Ужо здалёк пачынаю разумець, што праз нейкую хвілінку пашчасціць сустрэцца з помнікам драўлянай архітэктуры, які ўжо адсюль, з ускрайку вёскі, вабіць вока багатым, разнастайным вонкавым дэкорам, гарманічным спалучэннем невысокіх вежачак і невялікіх сціплых купалоў.


Гэта здалёк. А чым бліжэй да царквы, тым больш, да дробязей, адкрываецца насычанасць элементаў дэкору. Не толькі на галоўным фасадзе святыні, але і на ўсіх яе сценах. Не заўважаю, як паскараюцца мае крокі. І нядзіўна! Такі цуд зараз убачу!.. Першай сустракае агароджа царквы. Храм мураваны, складзены з палявога камення, адносна невысокі. Выглядае яшчэ моцным, толькі дзе-нідзе відаць невялікія пашкоджанні. Гэтыя агароджы, як бастыёны, на працягу стагоддзяў выконвалі асноўную задачу — абаранялі царкву на подступах, вызначалі яе непасрэдную тэрыторыю, былі мяжой і дапаўняльным элементам у агульным ансамблі культавых пабудоў.

Ступаю праз браму ў двор царквы і закідваю галаву, углядаюся ў бязмежнае неба, якое сёння абяцае быць высокім і чыстым. Здаецца, і царква, і неба сочаць з зацікаўленасцю і адразу разумеюць, што я не мясцовы.

У вёсцы Цялядавічы Капыльскага раёна, якая ўтульна раскінула свае вулачкі па берагах рэчак Скорыцы і Гніліцы, з архітэктурных помнікаў, акрамя гэтай царквы, больш няма. Але ж і сама вёска, упэўнены, будзе цікавая вандроўніку хатамі з асаблівымі рысамі, уласцівымі драўляным будынкам толькі тутэйшым мясцінам: гэта і абмаляваныя франтоны з маленькімі паддашкавымі акенцамі, і з густам аздобленыя рознымі ліштвамі вокны, шанкі і веранды, двары, гаспадарчыя пабудовы, калодзежы ды кветкавыя агародчыкі.

Сама вёска і багаты маёнтак, які некалі існаваў тут, належалі кляштару бернардзінак з Нясвіжа. Заснавалі яго ў 1591 годзе на сродкі Элжбеты Еўфіміі, жонкі Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, пры якім адначасова ўзвялі касцёл па праекце вядомага італьянскага архітэктара Бернардзіні. Гэта быў першы жаночы каталіцкі манастыр на нашых землях. У ім працавала школа для дзяўчынак, меліся вялікая бібліятэка, пякарня і сад лекавых траў. Цікавы факт: манашкі гэтага ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага мелі права насіць на сваёй вопратцы вышыты аксамітны чырвоны крыж, які лічыўся напамінам пра ахвяры ордэна падчас Паўночнай вайны, якая пракацілася па землях ВКЛ у 1700—1721 гадах.

Але вернемся да вёскі Цялядавічы, дзе да нашых дзён захаваўся прыгожы помнік архітэктуры, які быў збудаваны з дрэва ў 1792 годзе на сродкі нясвіжскага кляштара бернардзінак як Траецкі касцёл. Ёсць вельмі сціплыя звесткі, што драўляны храм існаваў тут яшчэ ў далёкім 1700 годзе. Мабыць, на яго месцы і з’явіўся гэты храм. Пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага шматлікія каталіцкія і ўніяцкія храмы былі прыстасаваныя пад праваслаўныя цэрквы. Не абышоў такі лёс і гэтую каталіцкую святыню. У 1868 годзе Траецкі касцёл перабудавалі і перадалі праваслаўным вернікам. Яшчэ адну перабудову храм перацярпеў у 1910 годзе. Што было зменена ў вонкавым дэкоры, сёння ўжо сказаць цяжка, але ў гэты год царква атрымала новую шалёўку, а тая ў сваю чаргу была аздоблена новымі дэкаратыўнымі элементамі.

І вось у рэшце рэшт перад намі царква ў гонар Святой Троіцы ў стылі драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму. Некаторыя архітэктары нават заўважаюць яшчэ і рысы неарускага стылю. Над царквой узнёсла лунае васьмігранная званіца, вежы ўпрыгожаны невялікімі купаламі, выцягнутую малітоўную залу завяршае пяцігранная апсіда.

Жыхары Цялядавіч запэўнілі мяне, што царква ў страшэнныя часы савецкага атэізму не была закрыта, хаця адзін са святароў быў застрэлены ў 30-я гады. Яшчэ я даведаўся, што Траецкая царква з’яўляецца найстарэйшай культавай пабудовай у гэтым раёне.

Бывайце, Цялядавічы, і беражыце свой неацэнны драўляны цуд.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.