Вы тут

Прагулкі па пінскай набярэжнай


Што рабіць камандзіровачнаму чалавеку летнім прыгожым вечарам у пінскай гасцініцы? Вядома, выпраўляцца гуляць на набярэжную Піны, якая віднеецца нават з акна гатэля.


Фота: svirsky.ru

А пад ціхі і прыемны шум вады можна згадваць, якія людзі пабывалі на гэтай набярэжнай за амаль тысячагадовую гісторыю Пінска. Ды самыя розныя. Шведскага караля Карла ХІІ і апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага прымалі ў езуіцкім Калегіуме, які да гэтай пары служыць людзям ужо ў якасці музея і стаіць таксама над ракой. Але гэта ўжо далёкая гісторыя. У Пінску ўсім гасцям з задавальненнем паказваюць будынак навучальнай установы, якую заканчвалі Хаім Вейцман, першы прэзідэнт Ізраіля, і Голда Меір, прэм'ер гэтай краіны. Гімназістамі яны таксама гулялі па беразе Піны, бо гэта найлепшае месца для шпацыру. Няма сумнення, што набярэжная помніць і маладога настаўніка Канстанціна Міцкевіча, што ішоў тут пад ручку з прыгожай Марыяй Дзмітрыеўнай. Яны, дарэчы, і вянчаліся ў пінскай царкве...

Добра было разглядаць тых, хто ў канцы другога дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя бавіць час на набярэжнай знакамітай ракі, гадаць, чым яны займаюцца, што любяць. Цікавы, вам скажу, занятак. Дык вось, першы ціхі закуток, які я выбрала сабе для любавання вадой і няспешнага роздуму, аказаўся няўдалы. Для мяне. Бо яго ўжо занялі: шчаслівай закаханай парачцы маё суседства было зусім непатрэбнае. Спачатку падумала: студэнты, тут жа ёсць свой універсітэт. Але на выгляд гэта былі людзі крыху старэйшыя, можа, ужо маладыя спецыялісты ці работнікі якога прадпрыемства. Яны стаялі каля вады і з замілаваннем глядзелі адно на аднаго. Давялося крочыць далей. А там, дзе чарговыя прыступкі спускаюцца да вады, зноў парачка, але не такая, як папярэдняя. Кабета яўна за сорак і малады кавалер, абое добра нападпітку. Адразу згадаліся даволі тыповыя крымінальныя зводкі, якія даводзіцца чытаць апошнім часам: пасля сумеснага распіцця спіртнога пасварыліся 50-гадовая жанчына і 35-гадовы сужыцель, інцыдэнт завяршыўся ў бальніцы. І што гэта за мода такая пайшла, што дарослыя жанчыны выбіраюць маладых каханкаў, чытай сабутэльнікаў? Ці, наадварот, маладыя мужчыны выбіраюць ледзь не равесніц сваіх мам. Адна справа, калі гэта капрызы багатых... Але чаму ж адна? Відаць, тэндэнцыя.

А вось і другая тэндэнцыя, правільней сказаць, яе прадстаўнікі: на першы погляд, можа, нават ваенныя пенсіянеры, у падобных шортах і бейсболках, са слядамі былой выпраўкі ў постацях. Але ж надта баязліва яны аглядваліся, тым самым поўнасцю сябе выдаўшы. Вядома, ужываць у грамадскіх месцах нельга, таму старанна хавалі пляшку, але ж гэтыя азіранні па баках... Так і хацелася сказаць: канспіратары вы ніякія. А можа, прыяцелі не міліцэйскі патруль выглядвалі, а сваіх строгіх жонак? Тады яшчэ больш смешна.

...Найбольш на гэтым шпацыры ўсё ж было сем'яў з дзецьмі. Адны, па выглядзе — турысты з Расіі, фатаграфаваліся каля памятнага знака маракам Пінскай флатыліі. Мясцовыя няспешна гулялі з сынамі і дочкамі. І рэдкая сям'я сустракалася, дзе двое дзяцей, найбольш — з адным. Во, напрыклад, дзве матулькі, па выглядзе сяброўкі, прыселі на лаўцы. Пакуль малыя коўзаліся ў пяску, іх маці нешта абмяркоўвалі з дапамогай сваіх тэлефонаў, хутчэй за ўсё, глядзелі навінкі моды, пры гэтым курылі тонкія цыгарэты, манерна адстаўляючы пальчыкі. І хоць тыя маладзічкі былі добра апранутыя, побач стаялі нятанныя сумкі, мне яны не паказаліся нашчадкамі тутэйшых шляхцянак. Хутчэй, нашчадкамі той пінчучкі, якая дзякуючы здымку Луізы Бойд пабывала на многіх сусветных выстаўках. Амерыканская даследчыца зрабіла згаданы здымак у 1930-х гадах на кірмашы, што праходзіў акурат на беразе Піны. На фота маладая жанчына стаіць у тутэйшым уборы з мудрагелістай хусткай на галаве... але басанож.

Пра Луізу Арнер Бойд я потым прачытала ўсё, што знайшла. Цікавая, загадкавая, унікальная жанчына. Пасля смерці бацькоў Луіза стала самай багатай нявестай не толькі сваёй Каліфорніі, але і ўсіх Злучаных Штатаў. Магла б «купіць» сабе любога жаніха, магла б стаць гаспадыняй салона, сабраць патрэбных людзей, праз іх уплываць нават на палітыку, пры гэтым праславіцца, напрыклад, дабрачыннасцю. Але яна не стала гэтага рабіць, а ўклала свае мільёны ў навуку і даследаванні свету. Луіза ездзіла ў экспедыцыі на Паўночны полюс, у Грэнландыю, вывучала акіяны і сушу, наведвала самыя розныя кантыненты і краіны. А калі трапіла на геаграфічны кангрэс у Варшаву, адразу прыняла рашэнне зрабіць экспедыцыю на Палессе. Вось яна і апісала знакамітыя пінскія кірмашы, праілюстравала іх здымкамі і з цеплынёй адазвалася пра мясцовую жыхарку, што стаяла і цікаўна глядзела ў аб'ектыў замежніцы. Той пінчучцы з далёкіх 30-х у галаву не прыйшло саромецца сваіх брудных парэпаных ног. Як не прыйшло ў галаву сённяшнім гараджанкам саромецца сваіх цыгарэт, дымам якіх яны труцяць уласных дзяцей... Многае памянялася на пінскай набярэжнай амаль за сто гадоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?