22 Ліпень, нядзеля

Вы тут

Што адбываецца з работамі ўдзельнікаў ЦТ


Колькі б ні папярэджвалі абітурыентаў пра адказнасць за парушэнні правілаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, але традыцыйна пасля здачы чарговай дысцыпліны прыходзіць інфармацыя пра тое, што з ЦТ зноў былі выдалены некалькі чалавек.


Не стаў выключэннем і гэты год: так, з экзамену па беларускай мове выдалілі дваіх, ад іспыту па рускай мове былі адхілены пяцёра, траіх адправілі за дзверы з тэста па грамадазнаўстве і двое пазбавіліся магчымасці ўдзельнічаць далей у прыёмнай кампаніі на ЦТ па матэматыцы. Галоўныя прычыны — спробы скарыстацца шпаргалкамі і пранос у экзаменацыйныя аўдыторыі мабільных тэлефонаў. Даходзіць і да абсурду — так, адна з абітурыентак вырашыла зрабіць у экзаменацыйнай аўдыторыі... сэлфі, каб, па яе словах, «разрадзіць абстаноўку». Наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць. Экзаменатары гумар не ацанілі, і для дзяўчыны прыёмная кампанія скончылася. Парушальнікі не могуць пераздаць прадмет у рэзервовы дзень.

Сёння ўсіх абітурыентаў, якія здавалі ЦТ па рускай і беларускай мовах, цікавіць, калі з'явяцца вынікі экзамену. Звычайна на праверку работ па самай масавай дысцыпліне — рускай мове — ідзе восем дзён. Але вынікі ЦТ па беларускай і рускай мовах агучваюцца заўсёды адначасова.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў тлумачаць: працэс праверкі тэставых работ стрымлівае верыфікацыя, якая ажыццяўляецца выключна ў інтарэсах абітурыентаў. Праблема ў тым, што сучаснае праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтную якасць пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат. Між іншым, акуратнасцю абітурыенты не вылучаюцца, а многія і ўвогуле замест друкаваных літар выкарыстоўваюць пропісь. Некаторыя ўмудраюцца дапусціць памылкі ў рэгістрацыі ва ўсіх трох тэставых работах. Быў выпадак, калі адзін абітурыент пры напісанні ўласнага імя, імя па бацьку і прозвішча дапусціў аж сем памылак. А ёсць абітурыенты, якія ўвогуле з-за хвалявання забываюць запоўніць у бланку рэгістрацыйную частку.

Пасля пераводу рукапісных бланкаў у электронны фармат над імі пачынаюць працаваць верыфікатары, якія дапамагаюць машыне разабраць «каракулі» ў бланку. Электронная выява раздзяляецца на частку рэгістрацыі і частку адказаў. Адны аператары правяраюць толькі рэгістрацыю, а другія — толькі адказы і нават не ведаюць, чыя работа знаходзіцца перад імі на экране.

Кожны бланк праходзіць як мінімум трайную праверку вачамі, і кожны раз яго «чытае» новы верыфікатар. Аператары выдаляюць і ўвесь бруд: напрыклад, абітурыент выпадкова чыркнуў ручкай, і, каб камп'ютар не залічыў яму няправільны адказ, гэта з элетроннай выявы прыбіраецца. Здараецца, што абітурыент з-за хвалявання дзве літары напісаў у адной клетачцы. Іх таксама расстаўляюць па сваіх месцах.

Пры гэтым камп'ютарная праграма фіксуе абсалютна ўсе ўмяшанні верыфікатара. Не варта думаць, што аператар (верыфікатар), які сядзіць за камп'ютарам, можа нейкім чынам умяшацца ў праверку работ.

І яшчэ адзін важны момант — адказаў да тэставых заданняў аператары не ведаюць. Адказы рыхтуюцца толькі пасля таго, як работы ўдзельнікаў ЦТ прайшлі ўсе праверкі. Акрамя верыфікацыі (распазнавання рукапісных выяў), прадугледжаны яшчэ і тры апаратныя праверкі. Калі адказы, нарэшце, з'яўляюцца, яны ўносяцца ў камп'ютарную праграму, і пасля націскання адной кнопкі праз долі секунды становяцца бачнымі ўсе вынікі.

Балы цэнтралізаванага тэсціравання можна будзе даведацца, калі падпісацца на sms-паведамленне, або ў асабістым кабінеце на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У інтарэсах абітурыентаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.