Вы тут

Да ІІ Еўрапейскіх гульняў застаўся роўна год


Чакаецца, што ў самым буйным для нашай краіны і ўсяго кантынента мультыспартыўным мерапрыемстве 2019 года будуць прадстаўлены найлепшыя спартсмены ў 15 відах спорту і 23 дысцыплінах. У спаборніцтвах прыме ўдзел больш за восем тысяч афіцыйных прадстаўнікоў 50 краін Еўропы, якія разыграюць больш за 200 камплектаў узнагарод. Напярэдадні пачатку афіцыйнага адліку часу да адкрыцця намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў (на фота) пагутарыў з дэлегацыяй вядучых расійскіх СМІ і расказаў ім аб арганізацыйных момантах і асаблівасцях правядзення спаборніцтваў.


Фота БЕЛТА.

Гаворачы пра гатоўнасць сталіцы да ІІ Еўрапейскіх гульняў, Анатоль Котаў адзначыў, што работа над спартыўнай інфраструктурай ужо практычна завершана. Фактычна справіліся з рэканструкцыяй і будаўніцтвам некалькіх спартыўных аб'ектаў. Аднак, для таго каб яны змаглі паўнавартасна функцыянаваць, неабходна стварыць вялікую колькасць часовай інфраструктуры для валанцёраў, журналістаў, удзельнікаў. Таксама важна забяспечыць неабходны ўзровень бяспекі.

«З пункту гледжання пастаяннай інфраструктуры, у нас 99 % гатоўнасць. З пункту гледжання інфраструктуры забеспячэння, мы цяпер знаходзімся на этапе планавання. Мы выбіраем найлепшыя кампаніі, якія прапануюць свае паслугі па арганізацыі падобных мерапрыемстваў», — паведаміў Анатоль Котаў.

Таксама ён расказаў, што арганізатары зараз плануюць закупіць транспарт, вылучыць для яго палосы на праезнай частцы. Акрамя таго, паводле яго слоў, на найбліжэйшую перспектыву плануецца аператыўна дарабіць усе планы, якія аргкамітэт мае з рознымі ведамствамі і органамі дзяржкіравання.

«У падобных мерапрыемствах спартсмены асабліва запамінаюць тры рэчы. І гэта не спаборніцтвы. Памятаюць, ці якасна размясцілі, ці зручна перавезлі і як накармілі. Гэта топ-тры задачы, якія мы павінны выканаць на самым высокім узроўні, каб спартсмены змаглі вырашыць сваю галоўную задачу — паказаць высокі спартыўны вынік», — падкрэсліў намеснік дырэктара фонду.

Ён таксама адзначыў, што сёння для дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў пройдзе адзін з галоўных экзаменаў у плане адкрыцця ключавога аб'екта, дзе будуць праводзіцца спартыўныя мерапрыемствы, — стадыёна «Дынама».

«Менавіта там праз год пройдзе цырымонія адкрыцця і закрыцця гульняў. Днямі мы разам з Мінспорту, Нацыянальным алімпійскім камітэтам рыхтуем цікавае свята. Плануем арганізаваць відовішчны матч сярод найлепшых спартсменаў краіны. Тое, як пройдзе гэтае мерапрыемства, шмат у чым дасць нам разуменне, у якім кірунку рухацца ў падрыхтоўцы», — растлумачыў Анатоль Котаў.

Ён падзякаваў расійскім журналістам за вялікую цікавасць да Еўрапейскіх гульняў у Беларусі і адзначыў, што падобныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць вядучыя СМІ Расіі, ствараюць станоўчы імідж і краіны, і саміх спаборніцтваў.

«Мы неаднаразова падкрэслівалі, што найбольшую колькасць гасцей чакаем менавіта з Расійскай Федэрацыі, — рэзюмаваў Анатоль Котаў. Чым больш будзе інфармацыі пра наш праект, тым больш людзей прыедуць сюды або ўключаць тэлевізар у момант правядзення Еўрапейскіх гульняў».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Адлік пайшоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?