Вы тут

Выстаўка Паўла Татарнікава прадстаўлена ў Прэзідэнцкай бібліятэцы


Адкрыццё выстаўкі ілюстрацый "Маляўнічая гісторыя Радзімы" Паўла Татарнікава адбылося ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі.


Фота: БЕЛТА

На выстаўцы прадстаўлены ілюстрацыі да толькі што выдадзенай кнігі беларускіх народных казак "Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка" (апрацоўка Уладзіміра Ягоўдзіка) і да кніг цыкла "Сем цудаў Беларусі" (аўтар Анатоль Бутэвіч). Творчае супрацоўніцтва Паўла Татарнікава і Анатоля Бутэвіча доўжыцца ўжо не адзін год. Як расказаў на творчай сустрэчы ў бібліятэцы Анатоль Бутэвіч, натхненне яму заўсёды давала малая радзіма, а калі б ён быў мастаком, то на яго карцінах абавязкова былі б валошкі, рамонкі, залатыя палі пшаніцы на хутары ў Нясвіжскім раёне. Пісьменнік заўсёды шукаў такія аспекты гісторыі Беларусі, якія будуць цікавымі і новымі для чытача. Ён з вялікім інтарэсам вывучаў гісторыю, да гэтага часу займаецца тэмай гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Расказваючы пра работу над кнігамі Анатоля Бутэвіча, Павел Татарнікаў падзяліўся, што заўсёды малюе так, каб гэта спадабалася 12-13-годкам. Паводле яго слоў, ён уяўляе, якія ілюстрацыі спадабаліся б яму 13-гадоваму, і гэта дае магчымасць ствараць цікавыя работы.

Папулярызатару беларускай культурна-гістарычнай спадчыны Анатолю Бутэвічу споўнілася ў гэтым годзе 70 гадоў. Гэту выстаўку можна трактаваць як падарунак мастака пісьменніку, з якім ён арганізаваў вельмі паспяховы выдавецкі праект. "Сем цудаў Беларусі" адкрылі пэўныя рэаліі гісторыі краіны не толькі іншаземцам, але і многім з беларусаў.

Павел Татарнікаў - адзін з тых нямногіх, чый мастацкі почырк стаў нацыянальным брэндам Беларусі, адбіткам часу, а яго творчасць - эстэтычным асэнсаваннем нацыянальнай ідэі. Спецыфічная ментальнасць, у аснове якой прага да сусветнай гармоніі і душэўнай раўнавагі, адчуваецца ва ўсіх творах мастака - станковым творы на гістарычную тэматыку, ілюстрацыях да кніг аўтараў і сусветнай літаратурнай класікі, пейзажах, партрэтах.

За плячыма мэтра беларускай графікі вучоба ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя І. В. Ахрэмчыка і на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, плённая творчая праца. Сёння Павел Татарнікаў выкладае там, дзе калісьці вучыўся. Ён дацэнт кафедры графікі БДАМ.

Вядомы беларускі ілюстратар неаднаразова быў удастоены ўзнагарод прэстыжных конкурсаў. Ён адзіны ў Беларусі ўладальнік узнагароды "Залаты яблык" Міжнароднага біенале ілюстрацыі ў Браціславе. Гэтай узнагародай яго работы адзначаны двойчы.

У стылістыцы і вобразнасці твораў Паўла Татарнікава спалучаецца гістарычная дакладнасць і казачны рамантызм. Што б ні ілюстраваў мастак - беларускія казкі, гістарычныя апавяданні, легенды Заходняй Еўропы, паэтычныя прытчы Далёкага Усходу - усім кнігам спадарожнічае поспех і цікавасць чытачоў, як дзяцей, так і дарослых.

Азнаёміцца з выстаўкай "Маляўнічая гісторыя Радзімы" ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі можна па 27 жніўня. Уваход па прад'яўленні чытацкага білета або пашпарта.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».