23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Ірына Рамбальская: Не кожны паставіць дома маю скульптуру


Тэлевядучая, актрыса, мадэль, пераможца конкурсаў прыгажосці Ірына Рамбальская мае і яшчэ адно даволі нечаканае амплуа — скульптар. Прычым хобі ператварылася ўжо ў нешта большае — на мінулым тыдні, напрыклад, работы Ірыны ўвайшлі ў дзясятку найлепшых на прэстыжным конкурсе «Арт-рэзідэнцыя ў Лондане». З паўтары тысячы ўдзельнікаў — еўрапейскіх скульптараў — беларуска ўвайшла ў дзясятку фіналістаў! Аб захапленні скульптурай, тэлебачаннем, выхаванні дачкі і месцы гламуру ў жыцці мы паразмаўлялі з Ірынай.


— Большасць гледачоў ведаюць вас усё ж як вядучую. Прычым адну з самых пазнавальных на СТБ. Колькі вы працуеце на тэлеканале?

— Ужо 12 гадоў. Прычым мой шлях у журналістыку быў доўгі: я спачатку скончыла юрыдычны факультэт БДУ.

— Напэўна, з чырвоным дыпломам?

— Так. Сіндром выдатніцы ў мяне на працягу ўсяго жыцця і вельмі мне замінае. Журфак заўсёды быў ружовай марай, таму пасля юрыдычнага я вырашыла яе ажыццявіць і паступіла. Прыйшла на першую практыку на СТБ карэспандэнтам, тут і засталася. Убачыўшы мяне, адразу прапанавалі здымаць сюжэты пра культуру, але я сказала, што цікавіць эканоміка. Пачынала карэспандэнтам, пасля працавала і ў прэзідэнцкім пуле, у навінах, асвятляла сур'ёзныя тэмы. Праз 2—3 гады пачала працаваць у праграме «Сталічныя падрабязнасці». З гэтага часу пачаўся медыйны складнік маёй прафесіі, хоць медыйнасць ніколі не была для мяне прыярытэтам. Нават зараз тое, што на экране — вяршыня айсберга. Мне куды больш цікава іншае — тэхналагічныя, рэкламныя працэсы ў тэлевытворчасці, якія для гледача не заўважныя. Эфірныя складнікі прафесіі — грым, касцюм, прыгажосць — для мяне проста пабочны эфект ад прысутнасці на тэлебачанні. СТБ адрозніваецца тым, што ў нас няма дыктараў у класічным разуменні, і гэта спрыяе развіццю асобы ў самых розных кірунках.

— Пазнавальнасць дае ўпэўненасць, што вы не застаняцеся без працы і праекты для вас заўсёды знойдуцца?

— Зусім не. Кожны чалавек, які прыходзіць на тэлебачанне, павінен разумець, што яно жыве па сваіх законах, і быць проста вядучым — гэта шлях у нікуды. У такім выпадку трэба быць гатовым да таго, што ў любы момант выпадзеш з кадра. Да таго ж жаночая прыгажосць не вечная, так можна застацца ў 40 гадоў без усялякіх навыкаў і ўменняў. Экран у гэтым плане жорсткі.

— Цяпер вы вядучая праграмы «Вялікі сняданак». У якіх праектах мы ўбачым вас у новым тэлевізійным сезоне?

— У тэлеканала СТБ цалкам зменіцца канцэпцыя, і я як вядучая і прэс-сакратар тэлеканала ўдзельнічаю ў распрацоўцы новага кантэнту. Але пакуль не буду расказваць пра канкрэтныя праекты, але гэта будзе ў добрым сэнсе рэвалюцыя.

— На пачатку кар'еры ў Ірыны Рамбальскай на экране быў вельмі гламурны вобраз, вы былі частай госцяй на свецкіх мерапрыемствах. А ў нейкі момант ад гэтага адышлі. Што адбылося ў вашым жыцці?

— Вечарынкі, прэзентацыі, гламур ніколі мяне асабліва не цікавілі. Але гэта неад'емная частка мадэльнай кар'еры, якая ў мяне пачалася ў 12 гадоў. Такі мой вобраз сфарміраваўся, хоць я ад яго доўга імкнулася адхрысціцца. А потым зразумела: каб рухацца далей, трэба выкарыстоўваць тую аснову, што ёсць. Таму ў новым сезоне ад ранейшага вобраза адыходзіць не будзем, хоць ён і не супадае з маім унутраным «я». Зламаць стэрэатыпы, што я і імкнулася зрабіць усё сваё жыццё, немагчыма. Тым больш што з мадэльнай кар'ерай не завязваю, ёсць прапановы паўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці, праўда, для больш старэйшага ўзросту. Так што мой сфарміраваны вобраз застанецца, праўда, з інтэлектуальным складнікам, які для кагосьці, магчыма, стане нечаканым.

— Вельмі дзіўна, дарэчы, чуць ад тэлевядучай, мадэлі і ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці, што манікюр вы можаце зрабіць і самі, масаж вас напружвае, а на SPА-працэдуры шкада часу...

— Увесь мой догляд цяпер заключаецца ў тым, што зімой у мяне вячэрнія прабежкі, а летам — ранішнія. Зараз я прачынаюся а палове сёмай і выходжу на гадзінную прабежку. Яна, дарэчы, займае больш часу, чым зборы на працу — збіраюся я літаральна за 20 хвілін.

— А прыгатаваць сняданак?

— Я не снедаю з раніцы, дачка снедае звычайна ў школе, цяпер нам з гэтым дапамагае мая мама. Гэта, канешне, вялікі мінус, але апошнім часам я не гатую складаных страў, у мяне ўсё максімальна проста. Як і з догляду за сабой — толькі прабежка. Кайф ад бегу, ад марафону, які я злавіла, зацягнуў. Той, хто паспрабаваў, ведае, што цяжка спыніцца. Перыяд адаптацыі ў мяне, дарэчы, быў доўгі. Я пачынала з 300—500 метраў, на якія не хапала дыхання. А зараз я забываю нават, колькі прабегла. Што датычыцца так званых уколаў прыгажосці, магу зрабіць іх раз у паўгода-год для жыўлення скуры, і ніякага ботаксу. У мяне ёсць касметолаг, якая бачыць мяне ад сілы два-тры разы на год. Ніякіх спецыфічных мерапрыемстваў няма. Маё хобі — скульптура — манікюру не прадугледжвае. Валасы больш не нарошчваю.

— Такое складанае хобі, дарэчы, вымагае шмат часу. Да ўдзелу ў конкурсе ў Лондане доўга рыхтаваліся?

— Я мала сплю і шмат працую. Змена актыўнасці вельмі дапамагае аднаўляцца. На ўдзел у «Арт-рэзідэнцыі», дарэчы, падала заяўку ў апошні дзень. Трэба было прадставіць свае работы і выставы, аўтабіяграфію, а таксама візуалізаваць праект, які я магла б увасобіць для Лондана. Я са сваіх скульптур нешта выбрала, напрыдумвала, візуалізавала ў графічным рэдактары — усё вельмі хутка. Адаслала і забыла. Не чакала, што нават у 50-ку траплю. А атрымалася, што ў дзясятку найлепшых. Вось цяпер вядзём перамовы аб спецыяльным артыкуле ў іх каталогу і навучанні ў Лондане, у Цэнтральным каледжы мастацтва і дызайну імя Святога Марціна, я марыла там павучыцца. Калі твае работы ацэньваюць прафесіяналы, гэта дае вялікі штуршок. Я адразу ж пабегла дакупляць новыя матэрыялы, каб рабіць нешта далей.

— У вас ёсць свая майстэрня?

— Так, але пакуль яна знаходзіцца на дачы. Матэрыялы, з якімі даводзіцца працаваць, складаныя: ёсць і небяспечныя, і таксічныя. Але цешу сябе надзеяй, што ў горадзе ў мяне таксама з'явіцца майстэрня.

— Скульптуру вы, здаецца, нідзе спецыяльна не вывучалі...

— І дзесьці нават рада гэтаму, хоць павучыцца ў той жа Акадэміі мастацтваў хацела б. Затое ў мяне няма страху перад нейкімі новымі матэрыяламі. Я магу купіць эпаксідны клей і ляпіць з яго. Спрабую ўсё, што можна.

— У які момант вы зразумелі, што работы дастойныя таго, каб выстаўляць?

— Я з самага пачатку вырашыла іх выстаўляць, і тады ў мяне не было боязі, што яны недастойныя. А цяпер, наадварот, з'явіўся страх, што работы не такія, як трэба. І я выстаўляюся ўсё меней. І ўсяляк з сабой змагаюся. Таму такія рэчы, як конкурс у Лондане, дапамагаюць ісці далей. Я вельмі няўпэўнены ў гэтых адносінах чалавек. Мяне раскрытыкаваць вельмі лёгка. Таму стараюся ніколі не чытаць каментарыі ў інтэрнэце, бо буду перажываць. З іншага боку, ніхто і дзясятай долі таго, што я сама пра сябе думаю, не напіша. Навучанне ў Лондане — гэта і магчымасць выхаду на еўрапейскі рынак. Скульптура складаная ў плане перавозкі. Калі адсылаеш работы, і Еўропа, і Амерыка зацікаўленыя, а вось з лагістыкай усё вельмі складана.

— Вы прадаяце вашы работы?

— Лялькі, з якіх пачыналася маё захапленне скульптурай, я прадавала ў Беларусі, і даволі паспяхова. Але я не вельмі люблю працаваць на заказ. Хоць з усімі, каго я ляпіла, я пражывала жыццё. Гэта ж месяц-два работы над тварам, над фотаздымкамі. І поўнае пагружэнне ў жыццё іншага чалавека. Гэта было цікава і прыносіла даход. Але я ўсё ж хачу рабіць штосьці менш класічнае, распаўсюджанае. І разумею, што дома ў нас не кожны паставіць тое, што мне сніцца. Еўропа ў гэтым плане мае больш шырокія погляды.

— Якія яшчэ перамогі былі ў вашым жыцці апошнім часам?

— Мая 10-гадовая дачка Ізабела паступіла ў гімназію-каледж мастацтваў. Прычым сёлета быў самы высокі конкурс. Яна яго вытрымала і будзе вучыцца ў тым творчым асяроддзі, у якім я заўсёды імкнулася аказацца. Выдатная школа, дзе ўрокі матэматыкі і рускай мовы разбаўленыя ўрокамі малюнка, кампазіцыі... Мой дзядуля маляваў, прыемна, што гэта традыцыя ў нашай сям'і застаецца.

— Ведаю, што вы вельмі шмат робіце для ўсебаковага развіцця дачкі...

— Акрамя заняткаў малюнкам, яна наведвае тэатральны гурток, займаецца танцамі, але гэта тое, што яна сама выбрала, абавязалаўкі з майго боку няма. Прынцыповай задачай было заахвоціць яе чытаннем. Тут прыйшлося зламаць свае стэрэатыпы. Я ж хацела, каб яна чытала тое, што мне цікава. Потым вырашыла: няхай чытае хоць бы і абгорткі ад цукерак. І яна сама стала выбіраць кнігі. І тады справа пайшла прасцей.

— Любіце кіраваць аўтамабілем?

— Машына застаецца для мяне тым месцам, дзе я магу падумаць, адпачыць, папіць кавы, дзе знаходзяцца ўсе патрэбныя мне рэчы, туфлі і адзенне, каб пераапрануцца. Люблю ўключыць гучна музыку і накруціць пару лішніх кругоў па тых мясцінах, якія падабаюцца, каб разгрузіцца ад думак пасля працы. Марка аўтамабіля, узровень яе камфорту не маюць для мяне абсалютна ніякага значэння. Я ў быце абсалютна непатрабавальны чалавек — жыву ў кватэры ў звычайным панэльным доме. Калі ў чалавека шмат часу, магчыма, яму патрэбныя SPA-салоны, асаблівыя хатнія ўмовы. У маім выпадку я прыходжу дадому, каб пераначаваць. Нават у выхадныя дома мы з Ізабелай не сядзім.

— Як іх праводзіце?

— Едзем на дачу, дзе я працую, а дачка малюе. У яе там ёсць ровар і ўсё неабходнае для нармальнага дачнага жыцця. У горадзе ходзім і ў кіно, на выставы, абедаем звычайна не дома. Вельмі любім падарожнічаць — раптам набыць білеты і куды-небудзь з'ехаць. У мяне вялізны турысцкі рукзак на 65 літраў, які мы загружаем і качуем, не прывязваючыся да аднаго месца ці гатэля. Звычайна як выйшлі з раніцы — той музей, іншы — так да вечара і гуляем. Выбіраем гасцініцу, каб яна была або з цікавым дызайнам, або ў цікавым месцы. Вось нядаўна былі ў Францыі, выбралі гатэльчык, бо прачыталі, што прасіць ежу праз акно ў нас будуць канадскія гусі, якія там жывуць.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.