Вы тут

Якія планы ў старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню?


На Міншчыне, як і паўсюдна, падчас апошніх выбараў быў абноўлены склад мясцовых Саветаў дэпутатаў. Сюды прыйшло нямала творчых, ініцыятыўных людзей, якія імкнуцца зрабіць жыццё больш камфортным, зручным, вырашыць надзённыя праблемы сваіх рэгіёнаў. Некаторыя з «навічкоў» — старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню, — падзяліліся сваімі планамі, ідэямі, прапановамі з «МС».


Аляксандр ПРАНОВІЧ, старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Пухавіцкага раёна прадстаўлена 13 сельскімі і Праўдзінскім пасялковым выканкамамі. З сакавіка 2018 года да работы прыступілі пяць новых старшынь пасялковага і сельскіх выканкамаў. Яны маюць дастатковы вопыт і добра ведаюць праблемы сваіх рэгіёнаў.

Адна з іх, зрэшты, як і ў іншых раёнах Мінскай вобласці, — утрыманне і добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак. У веданні выканкамаў іх — 110. Так пастаянна праводзяцца работы па ўстаноўцы і рамонце агароджаў, вывазе адходаў, выдаленні аварыйных дрэваў і зараснікаў — у межах фінансавання, якое ёсць.

У адпаведнасці з заканадаўчай базай аб пахаванні і пахавальнай справе, неабходна правесці інвентарызацыю могілак і поўны дзяржаўны ўлік участкаў пахаванняў. Ды і ўтрыманню тэрыторый і добраўпарадкаванню могілак трэба ўдзяляць больш увагі. Лічу, што гэтымі пытаннямі павінны ўсё ж займацца спецыялізаваныя арганізацыі, якія маюць неабходную тэхніку і рабочую сілу. На маю думку, гэта найбольш рацыянальнае рашэнне праблемы.


Сяргей ШЭСТАЛЬ, старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Уся мая працоўная дзейнасць звязана са Стаўбцоўшчынай. Апошнія дванаццаць гадоў працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, курыраваў сацыяльную сферу... Балатаваўся па Дзераўнянскай выбарчай акрузе. Перш за ўсё людзі тут заклапочаны станам вулічнай і дарожнай сетак, якія знаходзяцца ў аграгарадку Дзераўная на ўтрыманні сельгасарганізацый, і патрабуюць рамонту. Цяпер ідзе інвентарызацыя ўсёй дарожна-вулічнай сеткі. На ўзроўні вобласці будзе прынятае рашэнне: на чый баланс іх перадаць. У найбліжэйшы час, мяркую, навядзём тут парадак.

У Год малой радзімы разам са старшынямі сельскіх Саветаў дэпутатаў займаемся навядзеннем парадку на зямлі, зносам старых і пустуючых дамоў — да канца года прыбяром 27 будынкаў. Новы сфарміраваны рэгістр уключае 49 дамоў, якія ідуць пад знос. Уласнікаў, якія не падтрымліваюць парадак, папярэдзілі, і па рашэнні суда займаемся зносам. Праблема ўзнікае па старых дамах. Адпаведна з дзеючым заканадаўствам, сельвыканкам павінен выкупіць іх ва ўласніка, а затым патраціць грошы на знос з бюджэту пярвічнага ўзроўню. Атрымліваецца, неабходна двойчы несці затраты з-за дрэннага гаспадара.

Наспеў час уносіць змяненні ў заканадаўства. Напрыклад, вызначыць часовы перыяд, няхай сабе тры гады. І калі за гэты час уласнік не прыняў мер па навядзенні парадку, то дом аўтаматычна пераходзіў бы ва ўласнасць дзяржавы, і мы мелі б права яго знесці.


Андрэй Паўкшта, старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў:

— Раней працаваў дырэктарам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Маладзечнаводаканал». Прайшло не так шмат часу на новай пасадзе, таму хваліцца поспехамі рана. Пачаў з вывучэння заканадаўства, якое датычыцца дзейнасці, функцый, паўнамоцтваў Саветаў. Цяпер унікаю ў сутнасць дакументаў больш скрупулёзна, падрабязна.

Шмат увагі ўдзяляем навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню, зносу старых дамоў, санітарнаму стану аб'ектаў і тэрыторый, вясковых могілак, якіх налічваецца 53, яны знаходзяцца на балансе сельвыканкамаў. Ужо больш як у 70 % месцаў пахаванняў правялі інвентарызацыю — па кожных могілках зроблены фотаздымкі з квадракоптара. У найбліжэйшы час работы скончацца і па астатніх.

Маштабна працуем па выкараненні баршчэўніка Сасноўскага — з выкарыстаннем хімічнай, механічнай апрацоўкі. На гэта выдзелена 10 тысяч рублёў з раённага бюджэту, таксама сродкі з бюджэтаў сельвыканкамаў, прызначаныя на добраўпарадкаванне.

Кантралюем мы і работу па ўтрыманні ў добрым стане дарог. Але тут праблемы ствараюць дачнікі. Яны не выкідваюць смецце ў кантэйнеры, што змешчаны ў садовых таварыствах, а імкнуцца пазбавіцца ад яго па дарозе ў горад, пакідаюць яго на аўтобусных прыпынках, абочынах дарог. Толькі дарожныя службы навядуць парадак, а на наступны дзень зноў тое ж самае. Хацелася б, каб грамадзяне былі больш сумленныя і адказныя.


Юлія БЯЛЯНКІНА, старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў:

— Мінскі раён — адзін з самых вялікіх раёнаў Мінскай вобласці, тут зарэгістравана больш як 225 тысяч чалавек.

У наступным годзе ў краіне пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. З улікам таго, што ўсе дарогі ў сталіцу вядуць цераз прысталічны рэгіён, асаблівая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі, азеляненню населеных пунктаў. Старшынямі Заслаўскага гарадскога, Мачулішчанскага пасялковага і сельскіх выканкамаў распрацаваны планы па добраўпарадкаванні на 2018—2019 гады, якія паспяхова абаронены на пачатку гэтага года.

Вырашаецца пытанне перадачы аўтамабільных дарог на баланс спецыялізаваных арганізацый. Яшчэ адно набалелае — уладкаванне інжынернай і транспартнай структур жыллёвых кааператывах індывідуальнай забудовы. Зямельныя ўчасткі там былі выдзелены грамадзянам, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І самае праблемнае тут — адсутнасць пад'язных шляхоў і дарог да дамоў.

У сувязі са значным ростам і развіццём раёна (толькі ў Бараўлянскім сельсавеце налічваецца больш як 55 тысяч чалавек, у Сеніцкім — больш як 20 тысяч) сутыкнуліся з недахопам месцаў у дашкольных і школьных установах. Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва трох дзіцячых садкоў і адной школы ў Мінскім раёне. На парадку дня — паляпшэнне даступнасці і якасці аказання медыцынскіх паслуг. Так, у 2018 годзе плануюцца адкрыццё тэрапеўтычнага корпуса ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы на 180 і месцаў, рамонт Астрашыцка-гарадоцкай амбулаторыі. У недалёкіх планах — узвядзенне Хацежынскай амбулаторыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Навядзенню парадку — асаблівая ўвага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.