20 Верасень, чацвер

Вы тут

Астравец: як будуецца горад энергетыкаў


Парламентарыі наведалі горад атамшчыкаў і будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС. Удзельнікі выязнога пасяджэння на чале са старшынёй верхняй палаты парламента Міхаілам Мясніковічам ацанілі маштаб будаўніцтва самага маладога горада Беларусі і асабіста ўпэўніліся ў беспрэцэдэнтных мерах бяспекі пры ўзвядзенні атамнай станцыі.

У Савеце Рэспублікі звярнулі ўвагу на забяспечанасць рабочымі месцамі тых, хто не працуе на атамнай станцыі, і рэкамендавалі мясцовым уладам вырашыць пытанні па арганізацыі быту і вольнага часу жыхароў раёна, а таксама па забеспячэнні бяспекі і здаровага ладу жыцця.


Вучэбны цэнтр і чатыры ступені абароны

Астравец, дзе будуецца Беларуская АЭС, стаў другім, пасля Ашмян, пунктам маршруту выязнога пасяджэння Савета Рэспублікі, на якім разглядалася тэма фарміравання эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі. Бясспрэчна, атамная станцыя — гэта аб'ект, які будзе садзейнічаць устойліваму эканамічнаму росту не толькі рэгіёна, але і ўсёй краіны. Беларусь атрымае больш танную электраэнергію.

Як растлумачылі спецыялісты, сабекошт электрычнай энергіі на атамнай станцыі будзе 3,27 цэнта, зараз гэты паказчык у энергасістэме складае 4,5 цэнта. Да 2025 года станцыя выйдзе на поўную магутнасць.

Пуск першага энергаблока плануецца на канец будучага года. У сакавіку 2019-га адбудзецца фізічны пуск — пачнецца загрузка ядзернага паліва. А праз месяц станцыя павінна «ўліцца» ў агульную энергасістэму. Кошт праекта складае 7 млрд долараў. Ужо асвоена больш за палову. Усе асноўныя будаўнічыя работы па станцыі завершаны. Набраны персанал па абслугоўванні важнага стратэгічнага аб'екта. Усяго будзе працаваць пяць змен. Больш за 50 спецыялістаў прайшлі стажыроўку на дзеючых станцыях за мяжой і зараз адпрацоўваюць алгарытм дзеянняў у вучэбным цэнтры Беларускай АЭС. Трэнажорны зал адлюстроўвае ўвесь працэс работы станцыі ў аўтаматычным рэжыме. Улічваецца і псіхалагічная сумяшчальнасць персаналу — усе яны прайшлі адпаведны тэст.

Удзельнікі семінара даведаліся аб мерах бяспекі будучай станцыі. У інфармацыйным цэнтры расказалі аб чатырох бар'ерах, якія не дапусцяць, каб радыяцыя трапіла ў навакольнае асяроддзе. Напрыклад, на Чарнобыльскай АЭС было толькі два такія бар'еры.

Сацыяльны акцэнт Астраўца

Будаўніцтва станцыі амаль што супала з набыццём Астраўцом статусу горада. У ім цяпер пражывае каля 11 тысяч чалавек, чакаецца, што да 2025 года гэта лічба падвоіцца. Адпаведна расце і сацыяльная інфраструктура, на гэтыя мэты летась выдаткавана 60 млн рублёў па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Пабудаваны шматпавярховыя дамы, інжынерныя сеткі, дарогі, дзіцячы садок на 190 месцаў. Напрыканцы чэрвеня здаюцца яшчэ адзін дзіцячы садок і школа на 700 месцаў.

У Савеце Рэспублікі звярнулі ўвагу на неабходнасць забяспечыць работай тых, хто не з'яўляецца работнікам АЭС.

— У Астраўцы мы асобую ўвагу ўдзяляем вырашэнню сацыяльных праблем, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, — на АЭС прыедзе працаваць даволі шмат спецыялістаў. Трэба вырашаць праблемы працаўладкавання членаў іх сем'яў, пытанні дашкольных і школьных устаноў, медыцынскага абслугоўвання, увогуле комплекснага развіцця рэгіёна. Разам з выканаўчай уладай гэтую работу павінны весці і мясцовыя Саветы.

Парламентарыі змаглі ацаніць комплекснае развіццё населенага пункта ў сацыяльным аспекце. Горад ператварыўся ў агульную шматпавярховую забудову. Праблему жылля тут вырашаюць у першую чаргу. Толькі сёлета будзе здадзена ў эксплуатацыю 30 тыс. кв. м жылля, для работнікаў сацыяльнай сферы плануецца перапрафіляваць некалькі будынкаў у райцэнтры. Згодна з рашэннем Савета Рэспублікі, варта звярнуць увагу на будаўніцтва арэнднага жылля для спецыялістаў, якія прыедуць працаваць у Астравецкі раён.

Была звернута ўвага і на неабходнасць арганізацыі быту і вольнага часу жыхароў раёна, здаровага ладу жыцця. Трэба сказаць, што планаў у гэтым кірунку ў мясцовых уладаў нямала. Адчыніць свае дзверы буйны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, у рамках інвестпраграмы ў лесапаркавай зоне будуецца гарадскі стадыён на адну тысячу месцаў.

У 2-м мікрараёне ўзводзяцца карпусы бальніцы, якую плануецца здаць налета. Камплектацыя вядзецца з улікам новых тэхналогій. У перспектыве большасць аддзяленняў стане не толькі міжраённымі, але і міжрэгіянальнымі. Напрыклад, аддзяленнем кардыялогіі з самым сучасным абсталяваннем змогуць карыстацца жыхары суседніх раёнаў. А ў старым будынку бальніцы размесціцца паліклініка.

Якая будучыня ў горада атамшчыкаў?

Сёння горад атамшчыкаў вядомы далёка за межамі краіны. Будоўля стагоддзя не зніжае тэмпаў. На вачах расце новы сучасны горад. Толькі на ўзвядзенні станцыі працуе пяць тысяч будаўнікоў. Першая Беларуская АЭС прыцягвае і звычайных грамадзян. Дарэчы, атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія датычацца станцыі, можна ў інфармацыйным цэнтры, створаным разам з пачаткам будаўніцтва АЭС. За гэты час тут пабывала больш за 15 тысяч наведвальнікаў. Шырокую асветніцкую работу супрацоўнікі цэнтра праводзяць з вучнямі і педагогамі. Дарэчы, з уводам новых сацыяльных аб'ектаў у горадзе спатрэбяцца і адпаведныя спецыялісты — урачы, медсёстры, педагогі, выхавальнікі. Толькі ў новую бальніцу спатрэбіцца 400 работнікаў, яшчэ 50 — у фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Астравец упэўнена рухаецца па шляху ўстойлівага развіцця эканомікі. Аб гэтым сведчыць і спрыяльны інвестыцыйны клімат: у горад прыйшлі вядомыя гандлёвыя сеткі, у тым ліку з замежным капіталам. Савет Рэспублікі парэкамендаваў узяць пад асобы кантроль фарміраванне цэн у гандлёвых арганізацыях горада і забеспячэнне жыхароў раёна спажывецкімі таварамі і паслугамі.

У горада нямала планаў. Многія з іх звязаны з дзецьмі і моладдзю. Нядаўна ў 2-м мікрараёне каля прыгожай алеі пачалося будаўніцтва Дома дзіцячай творчасці, які будзе здадзены налета. Яшчэ адзін шматфункцыянальны комплекс сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі плануецца будавацца на беразе возера і адчыніць свае дзверы ў 2020 годзе.

Для шматдзетных сем'яў і дзяцей-сірот будзе пабудавана два шматпавярховыя дамы. У 3-м мікрараёне вядзецца праектаванне раёна сядзібнай забудовы на 340 участкаў, у тым ліку будаўніцтва камерцыйнага жылля.

У далейшых планах — будаўніцтва новага аўтавакзала на праспекце Энергетыкаў. Мадэрнізацыя закране кінаканцэртную залу «Астравец» — далучыцца яшчэ адно памяшканне, зменіцца сцэна, залы, музычнае абсталяванне.

Не забудуць і пра паркі. У раёне пешай рэкрэацыйнай зоны з'явяцца новыя месцы адпачынку, заняткаў спортам з пешымі сцежкамі і веладарожкамі. Запланаваны яшчэ адзін, трэці па ліку, спартыўны аб'ект — крытая лядовая пляцоўка. Вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі атамнай станцыі. Пры гэтым тут сочаць за тым, каб усе работы выконваліся па графіку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.