Вы тут

Сіротамі на гэтай зямлі мы нярэдка робім сябе самі


Ужо каторы дзень я блукаю па ўсіх сацыяльных сетках у пошуках аднаго чалавека. Я шукаю там жанчыну па імені Юлія, якая ў дзявоцтве насіла прозвішча Карачун і якая жыве цяпер дзесьці ў Германіі. Больш фактычна нічога пра яе я не ведаю: ні колькі ёй дакладна гадоў, ні ў якім месцы ў той Германіі яна жыве. Пошукі пакуль безвыніковыя: людзей з такім спалучэннем прозвішча і імя ў сеціве вельмі шмат, але ні адна з тых Юлій, на старонкі якіх я заходзіла, не падыходзіць. Зрэшты, можна з амаль чыстым сумленнем кінуць гэту безнадзейную справу, сказаўшы самой сабе: гэта не мае праблемы, гэта ніякім бокам мяне не датычыцца. Але штосьці не дае так зрабіць.


Хаця, калі разабрацца, гэта насамрэч зусім не датычыцца мяне асабіста. Проста некалькі дзён таму патэлефанавала траюрадная сястра (нашы з ёй бацькі былі стрыечнымі братамі, а яе дзед і мая бабка — роднымі братам і сястрой), стала цікавіцца, ці ёсць у Беларусі якая праграма накшталт «Чакай мяне». «Разумееш, тут такая бяда. Цётка Рэня ўжо другі год пасля інсульту ляжыць прыкаваная да ложка. Ёй ужо восемдзесят два гады, яе даглядаў сын, што ў Мінску. Але цяпер ён кладзецца на аперацыю, а сям'і ў яго няма. Цётка баіцца, што на аплату сядзелкі і лекаў пенсіі не хопіць. У яе ёсць яшчэ адзін сын, жыве дзесьці ў Латвіі. Але ад яго ўжо гады два няма ніякіх навін, і адраса яго новага ў цёткі няма. Вось я і хачу яго знайсці, каб, калі не можа прыехаць сам, хоць грашыма маці дапамог...»

Пасля яна мне яшчэ колькі хвілін падрабязна тлумачыла, хто такая тая незнаёмая мне цётка Рэня. Гэта стрыечная сястра яе бацькі, але не па дзедзе, а па бабулі. Цётку тую я пасля нават успомніла — прыязджала ці то на вяселле да некага з агульнай радні, ці то на пахаванне — толькі, бадай, на гэтых «мерапрыемствах» і можаш пабачыць усіх далёкіх і блізкіх сваякоў... Карацей, вырашылі мы, што звяртацца на тэлебачанне не будзем, бо пытанне трэба вырашаць аператыўна, а там, каб знайсці чалавека, часам патрабуецца не адзін месяц,
а то і год. Лепш шукаць праз сацсеткі і шукаць не цётчынага сына, які ўжо сам у гадах, а кагосьці з маладзейшых, яго дзяцей напрыклад. Сястра прыгадала, што дачку ягоную завуць Юля і што калісьці яна выйшла замуж у Германію. Так і пачаліся мае пошукі, на жаль, пакуль безвыніковыя.

Я вось цяпер сяджу і думаю: ні больш ні менш Санта-Барбара мясцовага разліву атрымліваецца. Шукаю па просьбе траюраднай сястры дачку яе траюраднага брата, каб сказала свайму бацьку, што цяжка хварэе яго маці, што кладзецца ў бальніцу яго родны брат... Нешта няправільна ў гэтым ланцужку, неадпаведнае нашым спрадвечным паняццям аб людскіх узаемаадносінах, асабліва калі справа датычыцца адной сям'і. І тут ні далёкая адлегласць, ні мяжа, якія прысутнічаюць у нашай гісторыі, не робяць яе менш абсурднай. Пры тым што ніхто ні з кім не сварыўся, не пазбаўляў спадчыны, не праклінаў, як часам бывае. Проста самыя блізкія, па сутнасці, людзі ціха і незаўважна выпусцілі адно аднаго з поля зроку і зносін, выкраслілі са спіса пастаянных кантактаў. І цяпер прыкаваная да ложка маці просіць стрыечную пляменніцу: «Знайдзі яго, калі яшчэ жывы...»

Дык гэта, што называецца, першая ступень сваяцтва. А што ўжо казаць пра стрыечных, пра цётак-дзядзькаў. Пра далейшае паглыбленне ў нюансы родава-сямейных адносін многім сучасным людзям і падумаць страшна, дый навошта? Прызнайцеся шчыра: ці ведаеце вы, як завуць вашых траюрадных, дзе яны жывуць, чым займаюцца? Амаль упэўнена: цалкам станоўчы адказ дасць мала хто, хіба што людзі пажылыя. Якія ж гэта сваякі ўжо — сёмая вада на кісялі, скажа нехта. Ну, гэта з якога боку паглядзець. У траюрадных агульныя прадзед і прабабка. Не такая ўжо і далёкая галінка ў генеалагічным дрэве...

Безумоўна, мяняецца эпоха — мяняюцца людзі. Цяпер настаў час, калі кожны можа выдатна існаваць сам па сабе. Не трэба збіраць талаку, каб пабудаваць хату ці сабраць ураджай. Для адзінокіх старых, якія засталіся без блізкіх сваякоў, ёсць дамы састарэлых, для дзяцей, якія засталіся сіротамі, — дзіцячыя дамы ці прыёмныя сем'і. Гэта пасля вайны сірот у дзетдамах (на той час новай па сутнасці сваёй з'яве) было значна менш — усіх, хто застаўся без бацькоў, забіралі блізкія, далёкія і нават вельмі далёкія сваякі. Бо «свая кроў» і нельга пакінуць. Сёння філасофія іншая. «Help yourself» — дапамажы сабе сам. Гэта, канешне, добра і ў сучасных стасунках, можа, і правільна. Да таго моманту, калі сам сабе дапамагчы ўжо не можаш.

Вось тады можа быць зусім дрэнна. А яшчэ горш будзе нашым дзецям, бо найчасцей у лепшым выпадку яны маюць толькі брата або сястру, а нярэдка і ўвогуле дзіця ў сям'і гадуецца адно. Калі свядома пакінуць іх па-за родавым колам, не лічачы патрэбным знаёміць іх з іншымі сваякамі, што з імі будзе, калі не стане нас? Сапраўдныя сіроты, без апоры, без падтрымкі — самотныя людзі ў халодным Сусвеце.

Калі прыдумвала загаловак да гэтага матэрыялу, прычапілася рускае «родства не помнящие». Ведаеце, які беларускі адпаведнік дае перакладны слоўнік? «Без роду і племені». Вельмі трапна. Але ці ж можна так жыць?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Без роду і племені

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».