25 Верасень, аўторак

Вы тут

Пагроз для рубля не відаць


З іншага боку, рэзкае паслабленне расійскай валюты можа пацягнуць за сабой і нашу.

Ці сапраўды небяспечны рост спажывецкага крэдытавання для нашай эканомікі? Чаго чакаць ад нацыянальнай валюты ў найбліжэйшыя месяцы? Па гэтых і іншых пытаннях у ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА выказаўся дырэктар ТАА «Альпары Еўразія» Аляксандр Сабодзін.


Інфляцыя сёлета значна ніжэйшая за ўстаноўленую Нацбанкам на канец года верхнюю планку ў 6 %, але верагодны яе рост у другім паўгоддзі ўскладняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання.

Рэгулятар улічвае суб'ектыўныя ацэнкі насельніцтвам росту цэн і чаканы ўзровень інфляцыі. Паводле майскіх апытанняў Нацбанка, адчувальны ўзровень інфляцыі склаў 12,9 %, а чаканы на год наперад — 11,4 %, гэта значыць больш чым у два разы вышэй за фактычную інфляцыю.

Перашкаджаюць зніжэнню стаўкі і глабальныя тэндэнцыі. Чаканне працягу росту стаўкі ФРС (Федэральнай рэзервовай сістэмы) ЗША прывяло да глабальнага адтоку капіталу з рынкаў, якія развіваюцца на карысць долара. Змагаючыся з гэтым адтокам, за апошнія месяцы свае ключавыя стаўкі паднялі Малайзія, Чэхія, Мексіка, Саудаўская Аравія, Кувейт, Аргенціна, Румынія, Філіпіны, Турцыя, Пакістан, Інданезія і Індыя. Ледзь не адзінай краінай, якая знізіла ў нядаўні час стаўку, застаецца Казахстан. Дарэчы, Цэнтральны банк Расіі ў мінулую пятніцу адмовіўся ад зніжэння стаўкі.

Рост крэдытавання насельніцтва бяспечны для эканомікі

Дырэктар «Альпары Еўразія» адзначыў, што сітуацыя з крэдытамі для фізічных асоб на фоне развіцця эканомікі і дзеянняў фінансавага рэгулятара на бягучым этапе не ўяўляе небяспекі.

Запазычанасць насельніцтва банкам толькі пачала расці пасля спаду ў 2015—2016 гадах, калі краіна знаходзілася ў рэцэсіі. Акрамя гэтага, у апошнія гады манетарныя ўлады праводзяць дастаткова ўзважаную, асцярожную грашова-крэдытную палітыку, што не дазволіць сітуацыі выйсці з-пад кантролю. Рост крэдытнага партфеля фізічных асоб адбываецца на фоне макраэканамічнай стабілізацыі, запаволення інфляцыі, росту ВУП.

Увогуле няма рызыкі рэзкай дэвальвацыі, росту цэн або агульнаэканамічнага крызісу, які мог бы прывесці да рэзкага падзення заробкаў і занятасці і ўскладняў бы для пазычальнікаў вяртанне крэдытаў. Дапамагае трымаць пад кантролем сітуацыю з крэдытамі і ўведзенае Нацбанкам патрабаванне суадносіць выплаты па крэдытах з агульным даходам яго атрымальніка.

Якім будзе курс рубля?

Кажучы пра сітуацыю на валютным рынку, Аляксандр Сабодзін адзначыў, што назіраецца ўстойлівая стабілізацыя. З пачатку года долар вырас да беларускага рубля менш як на 2 %, еўра знізіўся больш чым на 1 %, а расійскі рубель страціў да беларускага каля 7,5 %. Валютны кошык знізіўся ад пачатку года прыблізна на 3,5 % і вярнуўся да ўзроўню жніўня мінулага года.

Аснова ўмацавання беларускага рубля — станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, а таксама перавышэнне продажу валюты над купляй, перш за ўсё за кошт валютных зберажэнняў насельніцтва.

Пакуль што кіраўніцтва Нацбанка праводзіць узважаную і асцярожную грашова-крэдытную палітыку, не выкарыстоўваецца друкарскі станок, абмежавана дырэктыўнае крэдытаванне, штучна не разганяецца зарплата — і ўстойлівасці рубля нішто не пагражае. Рубель, хутчэй за ўсё, будзе ў доўгатэрміновым перыядзе зніжацца, але без скачкоў, плаўна, прыблізна прапарцыянальна інфляцыі, якая сама па сабе ў апошнія гады запавольваецца. Пытанне аб тым, як доўга можа працягнуцца такая сітуацыя, адлюстроўвае ўласцівы многім страх, што стабільнасць гэтая можа скончыцца.

З боку цяперашняй грашова-крэдытнай палітыкі пагроз для рубля не відаць. З іншага боку, застаецца рызыка знешніх шокаў. Напрыклад, рэзкага зніжэння сусветных цэн на асноўныя пазіцыі беларускага экспарту, такія як нафтапрадукты або калійныя ўгнаенні. Або, як прыклад магчымай пагрозы, рэзкае паслабленне расійскай валюты можа пацягнуць за сабой і беларускі рубель.

Што нам змяненне цэн на нафту?

Аляксандр Сабодзін падчас анлайн-канферэнцыі нагадаў, што ў маі нафта маркі Brеnt некалькі разоў распачынала штурм адзнакі ў 80 долараў за бараль. Услед за цаной нафты расце і цана нафтапрадуктаў.

Дык вось. Падаражанне нафты вельмі спрыяльна адбіваецца на нашым экспарце і прытоку валюты ў краіну. Пры гэтым ускосным эфектам ад росту нафтавых цэн можа стаць і рост попыту ў Расіі на беларускую прадукцыю. Але станоўчы эфект не будзе доўжыцца вечна. З майскіх максімумаў цэны ўжо знізіліся да 72—74 долараў за бараль.

У Вене сёння на саміце АПЕК будзе абмяркоўвацца пытанне паступовага выхаду з пагаднення аб скарачэнні здабычы нафты. Саудаўская Аравія і Расія разглядаюць варыянт нарошчвання здабычы на 1 млн бараляў у дзень (пасля папярэдняга скарачэння на 1,8 млн бараляў у дзень). Гэта можа выклікаць хуткае зніжэнне цэн да 70—71 долара і ніжэй.

У больш доўгатэрміновай перспектыве негатыўны ўплыў можа аказваць расійскі падатковы манеўр. З аднаго боку, гэта рост уваходных цэн на сырую расійскую нафту, з другога — скарачэнне экспартных пошлін, якія застаюцца ў бюджэце краіны. Таму ўсё больш актуальнай становіцца дыверсіфікацыя беларускага экспарту і памяншэнне залежнасці эканомікі Беларусі ад кан'юнктуры сусветнага рынку нафты.

Сяргей КУРКАЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.