Вы тут

45 гадоў таму ў Дальве — сястры Хатыні — адкрыўся мемарыяльны комплекс


Ён быў створаны па ініцыятыве адзінага ўцалелага ў «вогненнай вёсцы» жыхара — Мікалая Пятровіча Гірыловіча.

Літаральна за некалькі дзён да вызвалення, 19 чэрвеня 1944 года, нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі вёску Дальва Лагойскага раёна. Зажыва спалілі 44 яе жыхароў: 29 дзяцей, 13 жанчын, 2 мужчын. Гэта была апошняя з 628 беларускіх «вогненных вёсак» Вялікай Айчыннай вайны, якія паўтарылі трагічны лёс Хатыні.


Можа, Гасподзь пакінуў яму жыццё, каб было каму расказаць?.. «Дальва — сястра Хатыні» — так называецца кніга Мікалая Гірыловіча, якую ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ад Хатыні да Дальвы і сапраўды рукой падаць — у Лагойскім (былым Плешчаніцкім) раёне іх аддзяляе ўсяго пара дзясяткаў кіламетраў. Зараз мемарыяльны комплекс «Дальва» — філіял Хатынскага мемарыяла-музея.

Узводзіўся помнік у Дальве... на грамадскіх пачатках: дзяржаўнага фінансавання не было. Ініцыятарам і «рухавіком» справы быў Мікалай Гірыловіч. Калі 30 чэрвеня 1969 года адкрывалі мемарыял «Хатынь», ён прывёз дальвінскую зямлю на Могілкі вёсак. Тады і прыйшла ідэя ўвекавечыць памяць роднай мясціны.

Ён узняў грамадскасць краіны на гэту святую справу, асабліва важкім быў уклад калег з Белтэлерадыёкампаніі, дзе многія гады працаваў заслужаны сувязіст Беларусі Мікалай Пятровіч Гірыловіч. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія на працягу больш як чатырох дзесяцігоддзяў шэфствуе над Дальвай, яе супрацоўнікі прымалі самы актыўны ўдзел ва ўзвядзенні мемарыяла і яго далейшым добраўпарадкаванні.

Дальву будавала моладзь — пры падтрымцы ЦК камсамола Беларусі. Маладыя людзі, якія ўжо не помнілі вайну і якія нарадзіліся пасля Перамогі, збіралі сродкі, стваралі праект мемарыяла і працавалі на яго ўзвядзенні. Школьнікі, студэнты, працоўная моладзь, вайскоўцы... Аўтар мемарыяла ў Дальве — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптар Уладзімір Церабун — тады быў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута.

Велічная постаць жанчыны-маці, да якой даверліва прытуліўся маленькі хлопчык. А за іх спінамі — чорныя, нібы абгарэлыя, бэлькі, што руйнавалі чалавечыя жыцці. Былая вясковая вуліца стала алеяй памяці: 44 бярозкі — як напамін пра загінулых у страшным вогнішчы. На месцы, дзе стаялі хаты, — своеасаблівыя зрубы з цэменту. У Дальве было 12 хат, але сродкаў не хапала — паказана ўсяго пяць...

Мікалай Гірыловіч у час адкрыцця ДМК «Хатынь».

Вось што расказваў Мікалай Пятровіч пра той самы страшны, апошні дзень Дальвы:

— На досвітку 19 чэрвеня бацька павёў пасвіць каня, кіламетры за два ад вёскі. Маці разбудзіла мяне, каб падмяніў бацьку. Сонца толькі ўзыходзіла, мы з маці басанож ішлі па роснай траве, пакідаючы прыкметныя сляды. Як цяпер памятаю — бацька з маці адыходзілі ў Дальву, таксама пакідаючы сляды на расе... Праз нейкі час пачуў выбух і аўтаматныя чэргі. Узяўся распутваць каня — ён быў спутаны жалезным путам, — але не атрымалася. Пабег у вёску без каня — гэта мяне і выратавала, інакш бы я апынуўся ў Дальве ў той момант, калі немцы рабілі сваю чорную справу... Я прыбег агародамі, праз жыта — дзверы ў хаце адчынены, лётае пух ад падушак, пабітае шкло. А на стале лыжкі раскладзены... Выбег з хаты — нікога навокал, толькі праз дым убачыў у канцы вёскі дзве крытыя машыны. Мусіць, думаю, забралі людзей. Але не, аднавяскоўцы ўжо дагаралі... У маёй памяці да гэтага часу жах таго страшнага чэрвеньскага дня, чорнага панядзелка, калі Дальва памірала — памірала пакутліва, цяжка... Яшчэ і назаўтра, і на дзясяты дзень над папялішчам стаяў густы цяжкі пах. Ветрам яго даносіла да блізкіх і далёкіх вёсак. Не даваў дыхаць гэты пах смерці і гора. Дзесяць дзён і начэй ляжалі пад адкрытым небам спаленыя дальвінцы. Не маглі жывыя адразу выканаць свой хрысціянскі абавязак перад нябожчыкамі: акупанты адступалі на захад, аказваючы жорсткае супраціўленне. Толькі 29 чэрвеня, у другой палове дня, паказаліся нашы танкі. У Дальву прыйшлі партызаны, сабраліся жыхары суседніх вёсак, каб пахаваць людзей...

Мемарыял у Дальве — гэта помнік вёсцы і яе жыхарам. Але гэта помнік і яму, Гірыловічу. Ён здзейсніў вялікі сыноўні і грамадзянскі подзвіг... Мікалаю Пятровічу пашчасціла стварыць добрую сям'ю, моцную і надзейную, якая заўжды падтрымлівала і дапамагала: жонка Рыма Ігараўна, дачка Вольга, унучка Ганна, названая ў памяць аб загінулай у вогнішчы прабабцы; падрастаюць і трое праўнукаў... Для іх Дальва ніколі не стане помнікам — гэта іх Радзіма.

На магіле Мікалая Гірыловіча — сімвалічныя радкі:

З людзьмі спалілі тваю Дальву,

Што паўтарыла лёс Хатыні.

Зрабіў ты ўсё, каб мы ніколі

Пра тое гора не забылі...

Сёння ў мемарыяльным комплексе «Дальва» Лагойскага раёна Мінскай вобласці пройдзе акцыя памяці, прысвечаная 74-й гадавіне трагедыі вёскі Дальва і 45-годдзю адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Дальва». Па бласлаўленні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мітынг-рэквіем пачнецца з жалобнага богаслужэння ў памяць пра загінулых жыхароў вёскі Дальва.

Таццяна ПАДАЛЯК

Загаловак у газеце: Каб было каму расказаць...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.