24 Верасень, панядзелак

Вы тут

На­вош­та Ма­ке­до­нія змя­няе наз­ву?


Міністры замежных спраў Грэцыі Нікас Кадзіяс і Былой Югаслаўскай Рэспублікі Македонія (БЮРМ) Нікола Дзімітраў падпісалі пагадненне аб новай канстытуцыйнай назве Македоніі. Подпіс пад пагадненнем паставіў таксама спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН Мэцью Німіца, які выступіў пасярэднікам на перагаворах. Падпісанне прысутныя сустрэлі апладысментамі і крыкамі «брава!». Цырымонія падпісання адбылася ў пасёлку Псарадзес каля возера Прэспа, што на мяжы дзвюх краін, у прысутнасці прэм'ер-міністраў Алексіса Цыпраса і Зорана Заева. Тут таксама прысутнічалі намеснік генеральнага сакратара ААН Размары Дзікарла, высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі — кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні і еўракамісар Ёханес Хан. Да вялікай палаткі, устаноўленай на ўзбярэжжы, дэлегацыі дабіраліся на катарах. Урачыстую цырымонію транслявала ў прамым эфіры грэчаскае грамадскае тэлебачанне ЕRT. Падпісаны дагавор называюць гістарычным. Навошта перайменавалі Македонію?


Праект Ціта

У часы ранняй антычнасці Македонія, населеная пераважна грэчаскімі плямёнамі, цалкам увайшла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага. Пасля гэтую тэрыторыю заваявала Рымская імперыя, у выніку чаго пачаўся працэс раманізацыі мясцовага насельніцтва. Пазней рэгіён стала кантраляваць Візантыя, у Сярэднявеччы тут актыўна сяліліся паўднёвыя славяне. Пасля далучэння да Асманскай імперыі ўзмацніўся працэс балканізацыі рэгіёна. Пасля дзвюх балканскіх войнаў населеная многімі нацыянальнасцямі гісторыка-геаграфічная вобласць Македоніі была падзелена паміж Грэцыяй (Эгейская Македонія), Сербіяй (цяперашняя Македонія — Вардарская Македонія) і Балгарыяй (Пірынская Македонія).

Пасля Другой сусветнай вайны ў Федэратыўнай Народнай Рэспубліцы Югаславія, якая складалася з шасці сацыялістычных рэспублік, з'явілася Сацыялістычная Рэспубліка Македонія. Камуністычны лідар абвясціў аб стварэнні Сацыялістычнай Рэспублікі Македонія ў складзе Югаславіі. Для гэтага, як лічыцца, было дзве прычыны — павысіць статус мясцовага насельніцтва, каб разарваць сувязь з Балгарыяй, і падрыхтаваць плацдарм для экспансіі ў Грэцыю, у якой ішла грамадзянская вайна.

Як адзначае шэраг экспертаў, сучасная дзяржаўнасць Македоніі — шмат у чым тварэнне югаслаўскага лідара Іосіпа Броз Ціта. Македонія ў складзе Югаславіі ўяўляла сабой 35,8 працэнта тэрыторыі гістарычнай Македоніі. Яшчэ амаль 10 працэнтаў — гэта сёння тэрыторыя Балгарыі, а больш за 50 працэнтаў — вобласць сучаснай Грэцыі. Ціта ў канцы 1940-х гадоў працаваў над стварэннем Федэрацыі балканскіх дзяржаў, у рамках якой уся гістарычная Македонія павінна была стаць адзіным цэлым.

Праект не быў рэалізаваны, але суседзі, асабліва грэкі, пра гэтыя намаганні не забылі. І калі трываць Македонію ў якасці саюзнай рэспублікі ў складзе Югаславіі Афіны яшчэ былі гатовыя, то абвяшчэнне незалежнасці выклікала ў грэкаў адкрытае супраціўленне. Калі дакладней, то ўлады Грэцыі катэгарычна не задавальняла абвешчаная новай дзяржавай назва — «Рэспубліка Македонія». У Афінах разглядаюць яе як падставу для прад'яўлення тэрытарыяльнай прэтэнзіі на грэчаскую Македонію.

Нашчадкі Македонскага

Пасля распаду былой Югаславіі, у якой яна займала самую паўднёвую частку, утварылася дзяржава з насельніцтвам крыху больш чым два мільёны чалавек. Грэцыя ўстала на шляху новай суседкі. Без згоды грэкаў Македонію не маглі прыняць ні ў адну міжнародную арганізацыю. Спрэчка вакол уступлення ў ААН расцягнулася амаль на тры гады і ў выніку скончылася тым, што новую дзяржаву прынялі пад больш чым дзіўнай назвай «Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія». У самой Грэцыі краіну-суседку шмат гадоў называюць «Рэспубліка Скоп'е», ці проста «Скоп'е», адштурхоўваючыся ад назвы сталіцы.

У 2008 годзе, калі на саміце НАТА ў Бухарэсце Грэцыя заблакавала запрашэнне Македоніі, краіны — члены блока дамовіліся вярнуцца да пытання ўступлення толькі пасля вырашэння спрэчкі паміж дзвюма дзяржавамі. А міністр замежных спраў Македоніі Антоніа Мілашоскі тады заявіў: «Мы — македонцы, а наша краіна — Рэспубліка Македонія, і яна застанецца такой назаўжды».

Аналагічная гісторыя здарылася і з перагаворамі аб уступленні Македоніі ў Еўрасаюз. Эканамічнае становішча самой Грэцыі не ідэальнае, і прадстаўнікі міжнародных структур не раз намякалі Афінам на тое, што трэба быць больш падатлівымі. Пад ціскам эмісараў ЕС і НАТА грэкі пагадзіліся пайсці на некаторыя саступкі, але ад галоўнага не адмовіліся — назву «Рэспубліка Македонія» неабходна скарэктаваць.

Цяпер самай папулярнай партыяй краіны застаецца «Унутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства» (УМРА-ДПМНА)». Менавіта ў яе ўваходзіць прэзідэнт Георге Іваноў. Пазіцыя партыі — ніякіх саступак у назве краіны, паколькі яны падрываюць яе дзяржаўнасць.

«Рэвалюцыянеры» мяркуюць, што пад брэндам «дзяржавы Аляксандра Македонскага» прасцей аб'ядноўваць прадстаўнікоў розных народаў і змагацца з сепаратызмам.

Македонія не па чутках ведае, што такое сепаратызм. Эканамічная бязладзіца ў гэтай рэспубліцы прывяла да росту міжэтнічнай напружанасці. Каля 25 працэнтаў насельніцтва Македоніі — албанцы. Албанская абшчына з кожным годам усё гучней патрабуе незалежнасці, адмаўляючыся падпарадкоўвацца цэнтральнаму ўраду і абвінавачваючы Скоп'е ў славянскім нацыяналізме. У пачатку 2000-х у краіне ледзь не быў рэалізаваны «косаўскі сцэнарый». Узброеныя албанскія радыкалы пачалі баявыя дзеянні супраць урадавых сіл, і ў нейкі момант падавалася, што распаду краіны пазбегнуць не ўдасца.

Дзень Ільі

Аднак у канцы мінулага года Скоп'е і Афіны раптам надумалі вырашыць праблему. Да таго ж чым хутчэй — тым лепш. Па выніках снежаньскай сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін у Бруселі спецпасланнік генеральнага сакратара ААН Мэцью Німіц заявіў, што вырашыць застарэлую спрэчку можна менш чым за паўгода. Прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў паабяцаў правесці рэферэндум, на якім будзе прынятая новая назва краіны. Македонскія СМІ тады прыводзілі мноства магчымых варыянтаў: Рэспубліка Новая Македонія, Рэспубліка Паўночная Македонія, Рэспубліка Верхняя Македонія і Вардарская Рэспубліка Македонія.

А сёлета ў канцы мая македонскі ўрад заявіў: Скоп'е і Афіны ўшчыльную падышлі да вырашэння спрэчкі. Рэспубліка Іліндэнская Македонія — «назва з часавым вызначальнікам, якая спасылаецца на канкрэтныя даты з мінулага і задавальняе македонскі і грэчаскі бакі», гаварылася ў паведамленні Кабміна. Па словах Заева, рэспубліка спадзявалася вырашыць спрэчку з Грэцыяй да чэрвеньскага саміту ЕС. «Для Македоніі членства ў еўрапейскай сям'і азначае эканамічны рост, спалучанасць і роўныя магчымасці для маладых людзей у Македоніі і іх аднагодкаў у ЕС», — сказаў прэм'ер-міністр краіны — кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.

Але адкуль пайшла назва? Справа ў тым, што адно з самых галоўных дзяржаўных свят Македоніі — Дзень Рэспублікі, або Іліндэн («Дзень Ільі»), — адзначаецца 2 жніўня. У гэты дзень македонцы згадваюць дзве гістарычныя падзеі. Па-першае, пачатак Іліндэнскага паўстання. Яно пачалося ў горадзе Крушава ў ноч на 2 жніўня 1903 года — больш за 800 вайскоўцаў вызвалілі горад ад турэцкага прыгнёту, а Нікола Караў абвясціў незалежнасць Крушаўскай Рэспублікі і стаў яе старшынёй. Праз дзесяць дзён незалежнасці 18-тысячнае войска Асманскай Імперыі зноў заняло горад, а да верасня ўсё паўстанне было жорстка задушана. Таксама Іліндэн атаясамляецца з правядзеннем у 1944 годзе антыфашысцкага сходу па народным вызваленні Македоніі.

Хто на кані?

Аднак ужо ў чэрвені стала вядома, што Афіны і Скоп'е выключылі ўсе ранейшыя варыянты і спыніліся на новай назве — Рэспубліка Паўночная Македонія. І падзеі пачалі раскручвацца вельмі хутка. Парламент Македоніі за некалькі дзён адобрыў і ратыфікаваў дагавор аб змене назвы дзяржавы. Са свайго боку Георге Іваноў заявіў, што рашэнне заключыць з Грэцыяй дагавор аб назве краіны з'яўляецца асабістым рашэннем прэм'ера Зорана Заева і міністра замежных спраў Ніколы Дзімітрава. Таму ён лічыць дагавор недасканалым, што ён парушае Канстытуцыю.

Прэм'ер-міністр дэмарш прэзідэнта без увагі не пакінуў, заявіўшы, што Іваноў становіцца на шляху «еўрапейскіх перспектыў» Македоніі. Урад гатовы ісці на саступкі не толькі ў назве краіны, але і ў перайменаванні практычна ўсіх аб'ектаў, якія маюць умоўную прывязку да антычнай гісторыі. Самы яскравы прыклад у гэтым плане — перайменаванне статуі Аляксандра Македонскага, якая стаіць у цэнтры Скоп'я, у абстрактнага «Чалавека на кані». Відавочна, што ў Македоніі — маштабны палітычны крызіс. Прэзідэнт і прэм'ер-міністр вінавацяць адзін аднаго ў здрадзе нацыянальным інтарэсам краіны, ні адзін з бакоў канфлікту не жадае ісці на кампраміс, апелюючы да народа. Падобны сцэнарый добра вядомы: ён увесь час разыгрываецца то ў адной, то ў другой краіне свету.

Хто ж разыграе «македонскую карту»? Адназначнага адказу эксперты не даюць, аднак агучваюць варыянты. Перайменаванне Македоніі неабходнае перш за ўсё НАТА, таму што ўступіць у альянс можа толькі краіна, у якой няма ніякіх ворагаў, тэрытарыяльных прэтэнзій або канфліктаў. А ў дадзеным выпадку была істотная праблема ў адносінах з Грэцыяй. Такім чынам, перайменаванне — гэта выкананне патрабаванняў Паўночнаатлантычнага блока, растлумачыў РІА «Навіны» генеральны дырэктар Інстытута рэгіянальных праблем Дзмітрый Жураўлёў. «Грэчаская апазіцыя лічыць, што ўступленне Македоніі ў НАТА ўзмоцніць супярэчнасці паміж краінамі. Але, думаю, такая пазіцыя звязана не столькі з Македоніяй, колькі з імкненнем атакаваць палітычных праціўнікаў. Увогуле кажучы, міравое пагадненне ў сітуацыі шматвяковага «разводу» Грэцыі, Македоніі і Югаславіі малаімавернае, гэтая частка Балкан вылучаецца пастаяннымі канфліктамі», — лічыць вучоны.

У супярэчнасцяў паміж дзвюма краінамі даўняя гісторыя, і яны нашмат глыбейшыя і складанейшыя, чым проста назвы, якія супадаюць, заўважыў РІА «Навіны» прэзідэнт Цэнтра стратэгічных камунікацый Дзмітрый Абзалаў. «НАТА, чые апетыты ў апошні час прыкметна зрушыліся на ўсход Еўропы, вельмі зацікаўлена ў краінах былой Югаславіі. Іх уступленне ў альянс Брусель праціскае вельмі жорстка і паспешліва, не звяртаючы ніякай увагі на настрой і меркаванне насельніцтва», — кажа Дзмітрый Абзалаў.

Тое ж датычыцца і суседніх краін. «Большасць грамадзян Чарнагорыі не ў захапленні ад такога зыходу, у Македоніі зноў пачынаецца разлад, незразумела, чым усё павернецца ў Сербіі, у Босніі і Герцагавіне можа зноў успыхнуць пажар», — лічыць колішні дзяржсакратар па справах Косава і Метохіі Душан Прарокавіч.

Кропку ў гэтым пытанні павінны паставіць самі македонцы на рэферэндуме, які мяркуецца правесці ўвосень. Між тым, як стала вядома, Бі-бі-сі ўжо апублікавала карту, дзе нанесена Паўночная Македонія. Не зарана?

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Шлях на поўнач

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.