Вы тут

Водгук чытача аб Маладзечанскім тэатры


У рэдакцыю прыйшоў ліст, дзе глядач Маладзечанскага тэатра з жалем адзначае яго неадпаведнасць патрабаванням часу.


У прысвечаны малой радзіме год так шмат душэўных, пранікнёных, шчырых твораў, дзе не шкадуюць эпітэтаў на праслаўленне свайго «гнязда». Напэўна, мне таксама трэба было б згадаць родны Маладзечна ў вершы ці замалёўцы, аднак я ўпэўнена, што гэта зробяць і без мяне. А мой галаўны боль з'явіўся пасля прагляду прэм'ернага спектакля ў маладзечанскім драматычным тэатры, які хоць і з'яўляецца абласным, але дыслацыруецца ў райцэнтры.

Пастаноўку ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка. Дакументальная драма «Час сэканд хэнд» па аднайменнай кнізе Святланы Алексіевіч не пакідае раўнадушным не толькі праз псіхалагічную напружанасць дзеяння, але і праз «дакрананне» гледача да ўсяго, пра што распавядаюць акцёры (бо ў сваёй большасці яны — сведкі падзей). І ўсё, здавалася б, выдатна, кантакт з залай усталяваны, але...

Я — не тэатральны крытык, а шараговы, не заўсёды аб'ектыўны і зусім не фанатычны тэатрал. Я проста люблю горад майго дзяцінства і юнацтва, і гэтая любоў павінна сілкавацца не толькі ва ўспамінах, але і ў сучаснасці. Па-еўрапейску адбудаваны горад і добраўпарадкаваны парк радуюць душу, але асаблівым прадметам гонару для мяне і маіх сяброў заўсёды была наяўнасць у Маладзечне свайго драматычнага тэатра. Мы гадаваліся на яго п'есах, дарасталі да разумення тэатральных жанраў і сталелі разам з яго артыстамі, якія ўсё больш раскрывалі свой талент і ўдасканальвалі сцэнічнае майстэрства.

Пра талент і высокі патэнцыял маладзечанскай тэатральнай трупы Валерый Анісенка кажа вельмі пераканаўча. Маўляў, артыстам пад сілу многае. Таму і пасягнуў пастаноўшчык на жанр дакументальнай драмы. Інсцэніраваць публіцыстыку так, каб утрымаць увагу гледача, дапамаглі шырока вядомыя песні савецкага часу, любімыя творы з рэпертуару бардаў. Гэтыя спевы згладзілі вострыя вуглы і паспрыялі зняццю нервовага напружання ад горкай і балючай праўды са споведзяў персанажаў. Атмасферу, у якой адбывалася разбурэнне дзяржавы і пераасэнсаванне кожным яе грамадзянінам падзей, аголенай праўды і трывожных перспектыў, павінен быў стварыць у тым ліку і відэашэраг на задніку сцэны. На вялікі жаль, ні сцэна, ні абсталяванне для гэта не былі прыстасаваны.

На думку Валерыя Данілавіча, абласны драматычны тэатр даўно вырас з той вопраткі, у якой адбылося яго станаўленне. Многім пастаноўкам цесна на маленькай сцэне і не хапае маштабу для ажыццяўлення пастаноўшчыкамі амбіцыйных сучасных ідэй. Таму спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч стаў своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая праявіла назапашаныя гадамі праблемы. Нават на самым пачатку спектакля фанаграма з-за састарэлага абсталявання не гучала на поўную моц і артыстам даводзілася рызыкоўна моцна спяваць за шматгалосы хор. Даўно чакае аднаўлення сцэнічны рэквізіт.

Валерый Анісенка імкнуўся паставіць спектакль еўрапейскага ўзроўню, але нават з самай выдатнай ігрой акцёраў яму не зрабіць гэтага без новых тэхналогій. Як бы гарманічна ні ўпісаліся ў пастаноўку персанажы мудрагелістага ветэрана (Барыс Донін), эмацыянальнай дзяўчыны (Людміла Рошчына), трагічнай армянкі (Ірына Кляпацкая), рамантычна-ўзнёслай кабеты (Ірына Камышава) і іншых выканаўцаў, спектаклю не хапіла адпаведнага афармлення. Дэкарацыі, што пераходзяць з адной пастаноўкі ў другую, таксама патрабуюць абнаўлення. Можна апраўдаць такую інтэр'ерную прастору сцэны дакументальным жанрам пастаноўкі, але сучасны глядач, на маю думку, чакае новых інсталяцый.

Вырвацца з вузкай абмежаванай прасторы мастацкі кіраўнік вырашыў пераносам спектакля пад адкрытае неба, а менавіта на прыступкі кінатэатра «Радзіма» падчас правядзення ў Маладзечне свята горада. Вопыт падобных эксперыментаў у Валерыя Данілавіча ёсць: на сваім прысядзібным участку ён ладзіў пастаноўку чэхаўскай «Чайкі» для 150 гледачоў. Аднак такія разавыя імпрэзы могуць выкарыстоўвацца час ад часу. А тэатру, тым больш драматычнаму і з такім шматгадовым вопытам, патрабуецца адпаведны будынак і фінансавыя ўкладанні. Канешне, можна заклікаць трупу самім зарабляць грошы. Але тэатр не выканае сваёй галоўнай місіі, забаўляючы нізкаякаснымі п'ескамі тых, хто не дарос і не дарасце да разумення сапраўднага мастацтва. Трэба выхоўваць новае пакаленне інтэлігенцыі і дзеля гэтага варта быць мецэнатамі.

Ала КЛЕМЯНОК

Загаловак у газеце: Тэатральная правінцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».