Вы тут

Пра­цоў­ныя ка­ні­ку­лы


Акіму Ляўковічу — дзесяць гадоў. Баранавіцкі школьнік, удзельнік алімпіяд, у тым ліку і гарадской па матэматыцы, у наступным навучальным годзе пойдзе ў гімназію. А цяпер Акім праводзіць лета ў вёсцы, дапамагае бацькам на агародзе, пасе коз і авечак, даглядае трусоў і качак. І нават упраўляецца на пчальніку.


У Ляўковічаў трое дзяцей, Акім — малодшы. Сялянскай працы не цураецца, на просьбы старэйшых з задавальненнем адгукаецца.

Чаму я выбраў героем фотаапавядання менавіта Акіма, запытаеце? У выбары персанажа — абсалютная выпадковасць. Чэрвенскім ранкам я спыніўся на ўскрайку вёскі Мелехавічы, каб здымаць панараму Навагрудскага ўзвышша. Перада мною адкрывалася маляўнічая прастора, на першым плане яе пасвіўся невялікі статак. Пастушок з цікавасцю назіраў за маімі дзеяннямі. Неўзабаве хлопчык стаў збіраць сваіх падапечных і гнаць у бок вёскі. На палявой сцежцы мы і пазнаёміліся, разгаварыліся, і я даведаўся пра сялянскую гаспадарку Ляўковічаў.

Пяць гадоў таму былы работнік беларускай чыгункі Юрый Ляўковіч і яго жонка Вікторыя аблюбавалі тутэйшыя мясціны, набылі драўляны дом і аформілі зямлю. Гэта, дарэчы, недалёка ад хутара Завоссе, на якім нарадзіўся класік, наш зямляк Адам Міцкевіч, цяпер там — мемарыяльны музей паэта. Спачатку новыя гаспадары-гараджане паставілі невялікія цяпліцы — пад таматы і агуркі, завялі пчол, потым набылі трактар для апрацоўкі глебы, праз год пасадзілі малады сад. Вясковы падворак год ад году мацнеў, з'явілася трусіная ферма, чароды качак, курэй. Вядома, у вялікай гаспадарцы кожная пара рук будзе дарэчы, таму знаходзілася праца і для малодшага сына.

Цяпер Акім сам шукае працу. Бацька адвёў яму частку вуллёў, дапамог набыць пчалярскае аддзенне, маўляў, вось табе карты ў рукі, спраўляйся. Трэба дапамога на праполцы альбо сабраць спелыя клубніцы — першы агародны ўраджай, — Акім заўсёды на падхопе, ведае, як трымаць і матыку, і касу... Маці вельмі задаволена.

— Мы не прымушаем, а прывучаем дзяцей, каб вырасталі сапраўднымі гаспадарамі, — такая метадалогія выхавання ў старэйшых Ляўковічаў.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».