Вы тут

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына


У творчай майстэрні Уладзіміра Ліхадзедава ў Вілейцы першы паверх будынка (там, дарэчы, калісьці была друкарня) займае выстава друкарскага абсталявання ХІХ—ХХ стагоддзяў. Арыгінальныя станкі, што збіраліся па ўсім свеце, сабраны разам і ўяўляюць сабой уражальную калекцыю. Тут жа знаходзіцца і той самы рэканструяваны станок ХVІ стагоддзя — аналагічны таму, на якім Скарына ў свой час друкаваў кнігі Бібліі.


Ёсць тут зала друкаванай прэсы. Аднак асаблівую цікавасць, безумоўна, выклікае ў экспазіцыі друкарскі варштат.

— Станкі збіраліся па ўсім свеце. Штосьці было ў добрым стане, іншае даводзілася рэстаўраваць, — кажа Уладзімір Ліхадзедаў. — Наш праект называецца «У пошуках страчанага», таму мы сапраўды шукалі ўсё тое, што страчана... Прадстаўлены станок, зроблены на ўзор таго, якім Францыск Скарына друкаваў Біблію ў ХVІ стагоддзі. Зараз і іншыя спрабуюць зрабіць копіі такога станка — аднак яны не вытрымліваюць рэгулярнага друку, а па многіх дэталях не вельмі падобныя да арыгіналу. У свеце няма ніводнага арыгінальнага драўлянага станка ХVІ стагоддзя, які б захаваўся.

Ствараць яго ў межах праекта дапамагаў Генадзь Катлінскі. Па адукацыі ён інжынер-робататэхнік. Аднак цяпер працуе дызайнерам, вырабляе з дрэва прадметы мэблі.

— Дакументаў, з якіх можна было б зразумець, як вырабіць такі станок, амаль не захавалася. Таму давялося рабіць яго па прынцыпе дзеяння, па адчуваннях, — кажа Генадзь Катлінскі. — У некаторых музеях захоўваюцца адноўленыя станкі, на якіх можна друкаваць. Нашай задачай было зрабіць такі ж, але  разборны, каб станок можна было перавозіць з месца на месца, — вось разборных, шчыра кажучы, я раней ніколі не бачыў. Да таго ж мы імкнуліся, каб гэта быў сапраўды рабочы станок — не тое, што хтосьці раз на год надрукуе старонку, — а каб на ім можна было друкаваць пастаянна, як і раней. У прынцыпе ў нас гэта атрымалася.

Копія скарынаўскага станка, на якім любы ахвотны можа сваімі рукамі надрукаваць старонку Бібліі, — не адзіная цікавінка экспазіцыі. Пра тое, што яшчэ можна ўбачыць у вілейскай творчай майстэрні, расказвае Уладзімір Ліхадзедаў:

— Усе металічныя станкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, — цалкам арыгінальныя. Ёсць, напрыклад, прэс, які можна выкарыстоўваць для выціскання паперы і для пераплётаў. Ёсць унікальная тыгельная машына ХІХ стагоддзя. Маецца ленатып, вынайдзены ў канцы ХІХ стагоддзя. Той, што прадстаўлены на экспазіцыі, выпушчаны ў 1972 годзе, — але з часу ўзнікнення такой машыны ў ім амаль не было змен. У станку маюцца невялічкія свінцовыя нарыхтоўкі, калі яны апускаюцца, свінец пачынае плавіцца, набіраецца тэкст у радок, з дапамогай матрыцы яны адціскаюцца і атрымліваецца радок (такая машына называецца радкаадліўнай). Радкі адсякаюцца так, як трэба, яны складваюцца разам у патрэбнай паслядоўнасці і далей друкуецца газета ці што заўгодна. З ленатыпам, прадстаўленым тут, працавалі яшчэ ў друкарні, якая раней размяшчалася ў гэтым будынку.

Сярод іншых цікавых экспанатаў — італьянская машынка для друку візітовак. Побач — цацачная тыгельная машынка пачатку ХХ стагоддзя. Аднак нягледзячы на тое, што яна прызначалася для дзяцей, на ёй таксама можна друкаваць візітоўкі.

Спецыяльна з Германіі быў прывезены станок, якому амаль 150 гадоў. Ён у ідэальным стане, нягледзячы на даволі сур'ёзны ўзрост. Таксама можна ўбачыць некалькі афортных станкоў.

На першым паверсе музея прадстаўлены і ўсе тыя кнігі, якія былі выпушчаны Ліхадзедавым у межах праекта
«У пошуках страчанага». Сярод іх: выданні пра Тадэвуша Касцюшку, Адама Міцкевіча, узноўленая з дапамогай станка кніга «Быццё». Ліхадзедаў адзначае, што ў яго самая ўнікальная ў свеце калекцыя паштовак, прысвечаная Беларусі. Менавіта паштоўкі, апісанне іх гісторый і выяўленых там сюжэтаў сталі асновай многіх кніг. Дарэчы, кнігу пра Тадэвуша Касцюшку аўтар у свой час прэзентаваў у бібліятэцы Кангрэса ЗША.

Наведваючы гэту экспазіцыю, можна не толькі вырабіць старонку першай беларускай друкаванай кнігі. Маюцца тут прылады і для друку афорта. Зазвычай з імі працуе і дапамагае наведвальнікам атрымаць уласны маленькі твор мастак Барыс Цітовіч, ён адзначае:

— Афорты выконваюцца ў розных тэхніках. Мы ж цяпер друкуем з дапамогай таго, што зроблены траўленым штрыхом. Малюнак «У пошуках страчанага» выраблены мной пяць гадоў таму. Лічба 10 на ім — столькі ў той час было праекту. Сава — гэта сімвал мудрасці. Сам Ліхадзедаў з Полацка, таму побач выяўлены Сафійскі сабор. Натуральна, арыгінал зроблены ў люстраной выяве, каб адбітак з яе быў правільны. Гэта тэхніка цікавая сваёй рукатворнасцю: спачатку я рабіў эскіз алоўкам. Потым пакрываў спецыяльную пласціну кіслотаўстойлівым лакам. На яго з дапамогай штрыхоў нанёс малюнак. Атрымліваецца, там, дзе лак прадрапаны, бачныя абрысы малюнка, там, дзе ён не крануты, застаецца чыстая колеравая пласціна. Такім чынам, мы пакрываем малюнак фарбай, кладзём яго на паперу, і з дапамогай спецыяльнай машыны робім адбітак.

Мастак адзначае, што рукатворнай працы ў наш час робіцца ўсё меней. Можа, таму і цікавыя такія экспазіцыі. Яны нагадваюць нам, як шмат чалавек можа зрабіць сваімі рукамі. Не выпадкова Скарына ў ХVІ стагоддзі надрукаваў менавіта Біблію. Гэта тая кніга, якая таксама нагадвае нам, што кожны чалавек — творца. Так часта забываемся мы пра гэта ў тлуме жыцця. Падаецца, самы час успомніць!..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Вілейскі раён

Загаловак у газеце: Друкарскі варштат у Вілейцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».