Вы тут

Прэзідэнт здзейсніў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць


Стратныя сельгаспрадпрыемствы — балючая тэма для эканомікі краіны. І добра, што цяпер яны не правіла, а ўсё часцей — выключэнне. У Беларусі дастаткова прыкладаў таго, як на малацэ і мясе, іх перапрацоўцы, можна стварыць прыбытковае прадпрыемства. Але, зноў жа такі, не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Учора падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць ішла размова акурат пра будучыню вёскі, жыццё селяніна ў ёй і... прыход інвестара ў сельскую гаспадарку.


Фота БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы прыгадаў час распаду СССР, калі перад краінай паўстала пытанне: што далей рабіць з вёскай, як яе развіваць? «Тады было прынята рашэнне: трэба брацца за вёску. Вёска — гэта аснова нашай славянскай дзяржаўнасці. Расіі, Украіны, Беларусі... Зараз я пераканаўся ў тым, што вёска — гэта аснова жыцця любой дзяржавы. І нам пашчасціла, што мы ў свой час узяліся за вёску. Тады прынялі рашэнне: па пяцігодках мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, а фактычна — ратаваць, аднаўляць. Першыя пяць гадоў мы аднаўлялі, ратавалі. А далей трэба было рухацца наперад», — расказаў беларускі лідар.

У Беларускай ССР было каля 60 найбольш буйных сельгаспрадпрыемстваў, своеасаблівых «маякоў». Адным з іх быў у той час калгас імя Кірава, які знаходзіўся ў вёсках Малыя і Вялікія Славені, дзе зараз працуе аграхолдынг «Купалаўскае». Тады было вырашана тэрмінова ратаваць гэтыя шэсцьдзясят гаспадарак, і менавіта іх вывесці на новую аснову. У перспектыве яны павінны былі стаць прыкладам таго, як трэба развівацца і жыць вёсцы. За першую і другую пяцігодку ў сельскую гаспадарку было ўкладзена каля $40 млрд. Так, былі структурна перабудаваны гаспадаркі, і тады вырашана было ствараць і новыя вытворчасці, і аграгарадкі.

«У сацыялку аграгарадкоў мы ўклаліся. Мною былі зацверджаны сацыяльныя стандарты — пачынаючы ад вулічнага асвятлення і заканчваючы банкаўскімі паслугамі, гандлем, культурай. Не скажу, што паўсюль выдатна: дзе горш, дзе лепш. Але гэтыя стандарты — па медабслугоўванні, адукацыі, дзіцячых садках — выкананы. Мы стварылі аграгарадкі, але адсталі ў вытворчасці. Спачатку — малако і мяса, а пасля ўжо — сацыялка. Але паколькі гэтым дзяржава займалася, мы перш стварылі больш ці менш нармальныя ўмовы для людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках першых пяцігодак сталі забяспечваць краіну прадуктамі харчавання. Да таго ж атрымалася не толькі задаволіць патрэбы ўнутранага рынку, але і пастаўляць прадукты на экспарт. Сума паставак даходзіла да $5 млрд. Паступова ствараліся аграгарадкі, хоць не кожнаму хапала грошай. Тады дапамога ішла і ад аблвыканкамаў, і з рэспубліканскага бюджэту, і ад прыватнікаў, якія бралі асобныя гаспадаркі на свае плечы — і ставілі на ногі. Сельгаспрадпрыемстваў, якія перайшлі ў паслясавецкі час да бізнесменаў, — каля 20 %.

Прайшло каля 15 гадоў, як была прынята праграма мадэрнізацыі вёскі, аграпрамысловага комплексу. І паўстала пытанне: а што далей? «Я не прыхільнік таго, каб прыватызаваць калгасы і саўгасы, але думаю, што на мяне сяляне не пакрыўдзяцца, калі я буду прымаць рашэнне аб прыватызацыі. Гэта значыць, прадаваць: пускаць прыватніка ў сельскую гаспадарку. Не пакрыўдзяцца таму, што дваццаць гадоў я вам даў час: вызначайцеся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І тут хто жадае працаваць на зямлі «без пана», скажам так, той мог паспрабаваць гэта зрабіць. А хто не — таго дзяржава на сваіх плячах не можа несці і не павінна», — падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы.

«Таму мы не супраць таго, каб сюды прыйшоў прыватны капітал. Але пад жалезныя ўмовы. І мая жалезная ўмова, як чалавека вясковага, — каб тут не быў пакрыўджаны чалавек. Ён павінен прыходзіць на працу, тэхналагічна забяспечваць працэс, атрымліваць дастойную зарплату. Бачыце, я схіляю ўсю краіну, каб сярэдняя зарплата была ў тысячу рублёў. Я думаю, што ў будучым годзе перад губернатарамі будзе стаяць, бо яны перш за ўсё адказваюць за сяло, задача не 600, а 800 рублёў (сярэдняя зарплата ў сельскай гаспадарцы. — Зв.). А праз некалькі гадоў павінны да тысячы рублёў падысці і ў сельскай гаспадарцы», — сарыентаваў беларускі лідар. Пры гэтым ён падкрэсліў, што дастойную зарплату варта плаціць сапраўды эфектыўным і адказным супрацоўнікам. А ў найлепшых гаспадарках краіны такі сярэдні заробак ужо ёсць. А значыць, гэта дасяжная лічба.

Падчас рабочай паездкі кіраўнік дзяржавы наведаў арганізацыі, якія ўваходзяць у аграхолдынг «Купалаўскае», а затым правёў нараду ў Шклоўскім раёне, на тэрыторыі якога размешчана сельгаспрадпрыемства. Аляксандра Лукашэнку перш за ўсё цікавілі праблемы, з якімі сутыкаецца аграхолдынг і раён у прыватнасці, а таксама вобласць у цэлым. На думку памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова, адна з ключавых праблем — несуаднясенне рэальных эканамічных вынікаў сельгаспрадпрыемстваў і выплачаных зарплат. Калі б заробак напрамую залежаў ад эфектыўнасці работы, то не было б такіх праблем, як нізкі ўзровень адказнасці, дэфіцыт кадраў і спецыялістаў. «Трэба не толькі атрымаць, але і прадаць высакаякасную прадукцыю. Гэта патрабуе змены свядомасці спецыялістаў. Трэба паказаць, што можна і трэба зарабляць грошы. Тады вымалюецца і тэхналогія, і ўсё астатняе. Над кожным не паставіш наглядчыка, каб усе рабілі па тэхналогіі», — не паспрачаешся з памочнікам Прэзідэнта. Але для таго каб выбудаваць сістэму эканамічных узаемаадносін у гаспадарцы, як гэта не дзіўна, патрэбны менавіта псіхалагічныя змены.

У адказ Прэзідэнт падкрэсліў, што тэхналогія — гэта дыктатура. За выкананне тэхналогіі ў выніку і плацяць зарплату, а не даюць яе наперад. «За парушэнне тэхналогіі ў асобных краінах у турму садзяць. Я ўжо не кажу пра тое, што ўласнік прадпрыемства не будзе трымаць гэтага чалавека ні аднаго дня. Мы не ў савецкія часы жывём, калі збіраліся на пленуме і адзін аднаго ўгаворвалі... Цяпер па-іншаму ва ўсім свеце. Але ўсё павінна быць справядліва. Чалавека нельга прыніжаць і караць ні за што. Праўда, у нас кіраўнікі не ўсе гэта разумеюць. Караць трэба за справу — дрэнную працу, невыкананне тэхналогій, не дай бог, супрацьпраўныя дзеянні. Павінна быць жалезная дысцыпліна», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Падчас нарады таксама абмяркоўваліся стан і будучыня аграхолдынга «Купалаўскае», эканамічная сітуацыя ў Шклоўскім раёне і асобна — у Магілёўскай вобласці. Таксама гаворка ішла і пра кадравую палітыку ў гаспадарках, якасць вырабляемага малака, жыллё для супрацоўнікаў сельгаспрадпрыемстваў, стварэнне замкнёных цыклаў вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі.

Вераніка ПУСТАВІТ,

а/г Малыя Славені, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць

Загаловак у газеце: Вёска, чым будзеш жыць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?