Вы тут

Новы «Азот», наступствы спёкі і інфраструктура


Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі для рэгіянальныхі рэспубліканскіх СМІ.


Куды ідзе прадукцыя?

Уладзімір Краўцоў адзначыў, што эканоміка рэгіёна развіваецца з паскарэннем. Сёлета атрымалася значна дадаць па многіх накірунках — ад інвестыцый да экспарту. Ужо цяпер можна казаць аб тым, што за першае паўгоддзе чакаецца павелічэнне экспарту на 17,6 % (пры заданні 4,1 %), у 2,5 раза ўзрасце экспарт паслуг.

— Гэта сведчыць аб тым, што ўсё, што вырабляецца ў рэгіёне, прадаецца, — падкрэсліў губернатар, — пры гэтым ідзе асваенне новых рынкаў.

Калі раней да 97 % малочнай і мясной прадукцыі адпраўлялі ў Расійскую Федэрацыю, зараз гэты паказчык складае 85 %. Беларускія вытворцы асвойваюць новыя рынкі ўсходніх краін і Еўрасаюза.

Ці будзем з кармамі?

Сапраўды, гэта важнае пытанне ў сувязі са складаным надвор'ем. Пры тым, што жывёлагадоўчы статак даволі значны — больш за 600 тысяч свіней, столькі ж буйной рагатай жывёлы, значная колькасць птушкі. Прадукцыя запатрабавана, і скарачаць статак не плануецца ні пры якіх абставінах. Разам з тым дэфіцыт вільгаці ўнёс пэўныя карэктывы ў работу АПК.

— Сітуацыя складаная, але не катастрафічная. Усе пасевы, якія скосім на зернесянаж, будуць аператыўна заараны і засеяны кармавымі культурамі, такімі як проса, рэдзька і іншыя, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Ёсць верагоднасць, што не падвядзе кукуруза. Гэта культура добра расце, паўсюдна зроблена падкормка.

У вобласці плануецца пачаць уборку на два тыдні раней, чым звычайна. На ўборку рапсу выйдуць у пачатку ліпеня, на чарзе і азімы ячмень.

Калі пабудуюць новы «Азот»?

Заданне пабудаваць новы комплекс ААТ «Грода Азот» пастаўлена даўно, — паведаміў кіраўнік аблвыканкама. Завод — свайго роду брэнд вобласці, валаўтваральнае прадпрыемства, якое дае 6 % валавога рэгіянальнага прадукту. А гэта 20 % прамысловага аб'ёму вобласці і 35 % — абласнога цэнтра. Завод забяспечвае працай больш за 9 тысяч чалавек.

Вядома, тут вядзецца ўкараненне новых тэхналогій і новай прадукцыі, напрыклад, сёлета ўводзіцца цэх азотнай кіслаты. Але значны рывок зрабіць складана, як-ніяк прадпрыемству 50 гадоў, і асноўныя магутнасці таксама выкарыстоўваюцца яшчэ з тых часоў. Разам з тым, відавочна, што вытворчасць адстае ад сучасных патрабаванняў, неабходна сур'езная мадэрнізацыя.

— Пляцоўка пад новую вытворчасць падабрана, — расказаў Уладзімір Краўцоў, — яна прымыкае да існуючага комплексу, яе плошча 58 га, што напалову менш, чым пляцоўка, дзе месціцца цяперашні Азот. А вось аб'ем вытворчасці ўдвоіцца.

Новая вытворчасць будзе сучаснага сусветнага ўзроўню. Згодна з прагнозам, экспарт вырасце на 14 %, будзе створана 660 рабочых месцаў. Пры гэтым «стары» завод таксама будзе працаваць і працягваць мадэрнізацыю.

Што дасць бязвізавы рэжым з Кітаем?

Кітайскі вектар апошнім часам актывізаваўся. Гродзенцы найбольш актыўна супрацоўнічаюць з правінцыяй Ганьсу, якая стала партнёрам рэгіёна ў шэрагу праектаў. Напрыклад, каля 600 тысяч долараў інвеставана ў стварэнне цэнтра кітайскай медыцыны. На сродкі ўсходніх інвестараў вядзецца рэканструкцыя гасцініцы «Гродна» ў абласным цэнтры.

— Наш рэгіён цікавы кітайскім бізнесменам у якасці транзітнага калідора на поўнач, у краіны Балтыкі і Еўропы, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. Складзена папярэдняя дамова аб стварэнні лагістычнага цэнтра ў пункце пропуску «Брузгі». У Дзятлаўскім раёне імі куплены магутнасці па перапрацоўцы драўніны. Таксама мы бачым цікавасць кітайскіх дзелавых колаў да аграпрамысловага комплексу.

Сярод сумесных праектаў — стварэнне гандлёва-выставачых цэнтраў. Гродзенцы змогуць адкрыць такі цэнтр у сталіцы правінцыі Ганьсу, а кітайцы — у Гродне. Адпаведныя плошчы ўжо падабраны.

Уладзімір Краўцоў падкрэсліў, што стаіць задача выйсці на кітайскі рынак з гродзенскай «малочкай». Для гэтага прайшлі адпаведную сертыфікацыю чатыры малочныя прадпрыемствы. Запатрабаваны ў Кітаі аптычная прадукцыя, ільняныя вырабы, прадукцыя дрэваапрацоўкі. Што датычыцца кітайскіх турыстаў, гродзенцы гэтаму будуць толькі спрыяць, зазначыў губернатар.

Ці ўсе масты на Гродзеншчыне бяспечныя?

Сапраўды, тэма зараз на слыху, бо ў краіне ёсць выпадкі абрушэння гэтых важных аб'ектаў, нават пасля ўзвядзення. На Гродзеншыне будуецца нямала мастоў. Некалькі дзясяткаў узводзіцца толькі на будаўніцтве трасы М6. Вядзецца сур'ёзны рамонт ужо існуючых збудаванняў.

Дарэчы, галоўная дарожная магістраль будзе адкрыта да канца года. Работы вядуцца па графіку. Поўнасцю яны завершацца ў чэрвені будучага года. На гэты год запланавана адрамантаваць 220 кіламетраў мясцовых дарог, на якіх таксама ёсць масты.

— Усе масты ў вобласці праходзяць экспертызу, як на рэспубліканскіх дарогах, так і мясцовых, але нагоды для хваляванняў няма, — паведаміў Уладзімір Краўцоў.

Ці ёсць гістарычныя помнікі, якія патрабуюць неадкладнай увагі?

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, Гродзенскі рэгіён славіцца сваімі замкамі і амаль усе аб'екты знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі і кансервацыі па розных крыніцах фінансавання. Поўным ходам вядуцца работы ў Старым замку ў Гродне. Рэканструкцыя складаная, і ўвесь час ідуць спрэчкі гісторыкаў.

У Навагрудскім замку ёсць патрэба ва ўмацаванні схілаў. Працягваюцца работы ў Лідскім замку, палацава-паркавым комплексе «Свяцк», сядзібах у вёсках Падароск і Краскі Ваўкавыскага раёна. Сёлета з фонду Прэзідэнта выдзелена 1,1 млн рублёў на кансервацыю Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

Ёсць нераўнадушныя людзі і сярод звычайных грамадзян, якія дапамагаюць захаваць гістарычную спадчыну. Напрыклад, за кошт дабрачыннага фонду ідзе аднаўленне замка ў Любчы Навагрудскага раёна. Ёсць ініцыятыва па рэканструкцыі былой сядзібы Храбтовічаў у вёсцы Шчорсы Навагрудскага раён. Уладзімір Краўцоў запэўніў, што ўлады будуць падтрымліваць нераўнадушных людзей, якія дбаюць пра сваю гісторыю і стараюцца захаваць такія аб'екты для будучых пакаленняў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».