Вы тут

«Славянскі базар» здзівіць гасцей і сёлета


Па традыцыі да міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» рыхтуюцца пасля завяршэння чарговага. І як бы ні спрабавалі скептыкі даказаць, што на «базары» ўжо даўно «адныя паўторы», штогод ёсць чаму здзіўляцца. Бо заўсёды ёсць месца сюрпрызам.

Сёлета афіцыйная частка самай маштабнай на тэрыторыі былога СССР культурнай акцыі пройдзе з 12 па 16 ліпеня.


Юбілейнае свята лялек

На «базары» пройдзе пяты «Лялечны квартал» — міжнародны фестываль тэатраў лялек. Штогод гледачы маюць магчымасць пабачыць як спектаклі для дзяцей і дарослых на сцэне Беларускага тэатра «Лялька», так і разнастайныя вулічныя пастаноўкі і перформансы. Да ўдзелу запрашаюцца найцікавейшыя калектывы з краін блізкага і далёкага замежжа, здатныя спалучаць традыцыі з плённымі пошукамі ў рэчышчы сучаснага мастацтва. Арганізатары абяцаюць, што на юбілейным міні-фэсце будзе пашырана геаграфія ўдзельнікаў, стане больш тэатраў і пастановак.

Упершыню на «базары» каля Летняга амфітэатра створаць «мабільны прэс-цэнтр». Два апошнія фестывалі рэпарцёры былі незадаволеныя: як раней, іх не пускалі ў закуліссе галоўнай сцэнічнай пляцоўкі. Цяпер будзе магчымасць задаць пытанні зоркам, калі, канешне, яны захочуць пагутарыць з «акуламі, шчупакамі і карасямі пяра».

Віцебскі... сакрэт!

Па традыцыі на фэсце конкурсы выканаўцаў у цэнтры ўвагі. Беларусь прадставіць 27-гадовы канкурсант з Мінска Яўген Курчыч.

Старшынёй журы ХХVІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2018» будзе народны артыст Расійскай Федэрацыі, Малдовы і Украіны, кампазітар, аўтар-выканаўца Аляксандр Марозаў. Цікава, што ў ліку суддзяў заяўлены і знакаміты італьянскі спявак, прадзюсар, тэлевізійны вядучы Раберціна Ларэці.

А журы ХVІ Міжнароднага дзіцячага конкурсу ўзначаліць Канстанцін Масковіч, народны артыст Малдовы, музыкант, кампазітар. Гонар нашай краіны будзе адстойваць 12-гадовы Арцём Скароль з Ашмян.

Наконт зорак: на «Славянскім Базары» ўпершыню іх будзе некалькі. У прыватнасці, знакаміты рэжысёр, акцёр, музыкант Эмір Кустурыца выступіць у амфітэатры ў складзе Nо smоkіng оrсhеstrа. На фэсце адбудзецца паказ яго фільма «Па Млечным Шляху», у якім ён выканаў адну з галоўных роляў.

Раней не было на «базары» гурта «Мумій Троль», куміра падлеткаў рэпера Цімаці. Шмат ахвотных стаць гледачамі начнога гумарыстычнага шоу з удзелам Аляксандра Рэвы і Міхаіла Галусцяна.

Дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр Сідарэнка абяцае, што па традыцыі будуць канцэрты, прэзентацыі праектаў, тэатральныя пастаноўкі на любы густ і для розных узростаў.

«Звязда» абавязкова раскажа пра самае цікавае. Хоць нецікавага на «базары» няма. Штодня ў горадзе мноства мерапрыемстваў, у тым ліку і на плошчах, вуліцах — з раніцы да позняй ночы. А бывае, і да раніцы наступнага дня.

Як пасля бяссонных начэй гараджане ўмудраюцца з поўнымі сіламі ў добрым настроі працаваць, каб вечарам зноў на фэст? Гэта — «базарная тайна»!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».