19 Верасень, серада

Вы тут

Як будучым студэнтам сэканоміць на арэндзе?


Набліжаецца чарговы навучальны год, і іншагароднія абітурыенты ўжо на ўсю моц накіраваліся ў сталіцу на ўступныя экзамены. На гэтым фоне ўласнікі кватэр спадзяюцца на сезоннае павышэнне цаны арэнды. Але ці будзе яно сёлета? Як будучым студэнтам можна сэканоміць на арэндзе, і якія кліенты менш пажаданыя для гаспадароў? Пра гэта журналісту газеты «Звязда» расказвае начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.


Асаблівых змен па частцы доўгатэрміновай арэнды кватэр за мінулы год не адбылося, лічыць яна. Але тое зусім не падстава адкладаць пошук кватэры на самы апошні момант. Шмат у чым гэта датычыцца студэнтаў. Некаторыя з іх да пачатку заняткаў не паспяваюць знайсці прыдатную па месцазнаходжанні і кошту кватэру і таму вымушаны з прыходам верасня браць першае, што трапляецца на вочы. А ў цане падобных варыянтаў часцяком тоіцца «надбаўка за тэрміновасць».

Мінімум — 360 рублёў

З пазіцыі попыту бягучы год працягвае традыцыі мінулага: найбольш папулярныя аднапакаёвыя кватэры, за імі — двухпакаёвыя. На трохпакаёвыя кватэры попыт мінімальны.

— Аднапакаёвыя кватэры закрываюць патрэбы большай часткі арандатараў, — лічыць наш эксперт. — «Аднапакаёўкі» выбіраюць як адзінокія людзі, так і маладыя сем'і. Прычым апошнім хапае аднаго пакоя нават пры наяўнасці дзіцяці. Але гэта пры ўмове, што ў кватэры кухня будзе выдзелена ў асобны пакой, а не сумешчана з гасцёўняй, як у кватэры-студыі.

У сталіцы мінімальныя цэны арэнды аднапакаёвых кватэр пачынаюцца ад 360 рублёў у месяц. Але калі патрэбна кватэра з акуратным рамонтам і мэбляй, то мінімальны парог цэн узнімаецца да 400 рублёў. Пры гэтым пад «рамонтам» маецца на ўвазе не адсутнасць дэфектаў у мэблі і аздабленні часоў канца СССР, а, хай і не з вынаходствамі, але ўсё ж сучасны рамонт.

Названыя цэны актуальныя для кватэр, ад якіх да метро давядзецца дабірацца на грамадскім транспарце. А калі трэба ўсё адразу — і рамонт з мэбляй, і метро, то і варта разлічваць не менш чым на 500 рублёў у месяц. «Кватэр, размешчаных каля метро, але якія знаходзяцца ў дрэнным стане, вельмі мала, — упэўненая Маргарыта Пачыцкая. — Уласнікам не выгадна пры добрым размяшчэнні здаваць жыллё без рамонту. Таму яно можа быць і без мэблі, але са свежым касметычным рамонтам абавязкова».

Зняць у складчыну

Двухпакаёвыя кватэры ў асноўным выбіраюць сем'і з дзецьмі-падлеткамі. Але пачасціліся і выпадкі сумеснай арэнды кватэры студэнтамі. Па цане ім танней арандаваць з сумесным бюджэтам «двушку», чым кожнаму па «аднапакаёўцы».

Групавая арэнда кватэры ўжо даўно практыкуецца студэнтамі. Па правілах, дагавор арэнды павінен заключацца з кожным з арандатараў, але часцяком на практыцы дагавор заключаецца толькі з адным. Уласнікам варта памятаць, што падобныя дапушчэнні толькі аслабляюць іх пазіцыі і ў наступным могуць стварыць шмат складанасцяў, калі кліенты трапяцца нядобрасумленныя.

Мінімальныя цэны арэнды двухпакаёвых кватэр знаходзяцца на ўзроўні 480 рублёў у месяц. Як правіла, кватэры гэтага цэнавага шэрагу па стане ўяўляюць з сябе штосьці, названае ў народзе «бабушатнікі» — калі апошні раз рамонт рабіўся вельмі даўно, а мэбля па сваім узросце і стане просіцца на замену. Цана кватэр з рамонтам і мэбляй ужо стартуе ад 540 рублёў, а блізкасць да метро дадае, як мінімум, яшчэ плюс 60 рублёў.

У адрозненне ад аднапакаёвых кватэр, дзе шмат увагі ўдзяляецца рамонту і мэблі, у выпадку з двухпакаёвымі кватэрамі найбольшае значэнне мае месцазнаходжанне. Усё таму, што «двушкі» ў асноўным здымаюць сем'і, якія прывязаныя да дзіцячага садка, школы і работы. І многія з гэтых арандатараў пераязджаюць з іншай кватэры ўжо са сваёй мэбляй.

Сітуацыя ў дачыненні да трохпакаёвых кватэр з гадамі не мяняецца — попыт на іх працягвае заставацца мінімальным. З-за гэтага і цэны на іх арэнду не моцна адрозніваюцца ад кватэр з двума пакоямі і стартуюць ад 560 рублёў. Але гэта калі гаварыць пра кватэры класаў «Эканом» і «Стандарт». Вялікія па плошчы кватэры, абстаўленыя новай мэбляй, будуць каштаваць ад 1000 рублёў у месяц і больш.

Рамонт і камунальныя плацяжы

Мы папрасілі Маргарыту Пачыцкую расказаць пра асаблівыя моманты, якія былі б карысныя як кватарантам, так і ўласнікам кватэр.

Першае. Існуе практыка, калі рамонт у кватэры робіцца сіламі арандатараў, але за кошт гаспадара жылля. У гэтым выпадку агаворваецца прыкладная якасць праводзімага рамонту (напрыклад, якія па фасоне шпалеры, што яшчэ закране рамонт, яго кошт), а ўласнік не бярэ арэндную плату за пэўны перыяд. Такі падыход цікавы тым арандатарам, хто зацікаўлены ў арэндзе канкрэтнай кватэры на працяглы тэрмін. Напрыклад, з-за яе месцазнаходжання — побач дзіцячы сад, школа, блізка да работы...

Другое. Камунальныя плацяжы ў абсалютнай большасці выпадкаў не ўваходзяць у кошт арэнды. Так і кажуць — кватэра каштуе 400 рублёў плюс «камуналка». Але тады кватарантам варта ўдакладніць, ці прапісаны хто-небудзь у гэтай кватэры. У адваротным выпадку нават за аднапакаёвую кватэру ў летні перыяд «камуналка» можа даходзіць да
100 рублёў, не кажучы ўжо пра кватэры з двума і больш пакоямі, або пра ацяпляльны сезон.

Цяпер большасць уласнікаў з разуменнем ставіцца да падобных сітуацый і згаджаецца, што кватаранты будуць альбо кампенсаваць высокую «камуналку», альбо плаціць толькі «па лічыльніках» — за выкарыстаную ваду, электрычнасць і іншае. А ўжо ўсе астатнія плацяжы бяруць на сябе.

Трэцяе. Ідэальны партрэт арандатара ў вачах уласнікаў — гэта сям'я без дзяцей, жывёл і шкодных звычак. Ва ўсіх іншых выпадках гаспадары перажываюць за захаванасць кватэры, і іх можна зразумець. Бо дзеці часцяком вучацца маляваць на сценах, а мэбля для жывёл бывае смачнейшая, чым любая ежа. Але, як паказвае практыка засялення кватарантаў, дзеці і жывёлы — гэта не прысуд для арандатара, і ў любой сітуацыі знаходзіцца прыдатны варыянт.

Але ўласнікам варта памятаць пра неабходнасць заключэння дагавора арэнды і ўзяцце забеспячальнага плацяжу. Сітуацыі бываюць розныя, і трэба быць гатовым да любога павароту падзей...

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Мінск у чаканні...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.