Вы тут

Правілы паліву: колькі, калі і як


Недахоп вады ў глебе, таксама як і яе празмернасць, можа прывесці да абсыпання кветак і завязяў, затрымкі плоданашэння, пагаршэння якасці і лёжкасці агародніны.


Паліў таматаў

Перад высадкай памідорнай расады на пастаяннае месца ў пасадачныя лункі наліваюць ад 0,5 да 1 літра цёплай вады ў залежнасці ад велічыні расліны, якую высаджваюць. Дзякуючы глыбокаму ўвільгатненню глебы ў перыяд укаранення расады каранёвая сістэма тамата лепш развіваецца ўглыб у пошуках вільгаці. Пасля пасадкі паліў спыняюць на 7–10 дзён. Затым памідоры паліваюцца раз на тыдзень з разліку 20–30 літраў вады на квадратны метр. Падчас закладкі кветкавых гронак і цвіцення паліў трэба паменшыць, у адваротным выпадку пойдзе залішні рост зялёнай масы і затрымаецца плоданашэнне. Норма расходу вады — 1–2 літры на адну расліну. Калі на таматах пачнуць завязвацца плады, рэкамендуецца зноў павялічыць паліў да 3–5 літраў на адзін куст, паколькі недахоп вільгаці ў гэты перыяд можа прывесці да абсыпання завязі. У перыяд паспявання памідораў паліў раслін трэба рэзка скараціць або спыніць зусім, таму што пры падвышанай вільготнасці падчас паспявання плады менш устойлівыя да грыбных інфекцый, яны могуць парэпацца ці загніць. Памідорныя кусты не любяць падвышанай вільготнасці паветра (пры вільготнасці вышэйшай за 80 % кветкавы пылок склейваецца і апылення не адбываецца), таму пажадана праводзіць паліў пад корань, па канаўках. Вада не павінна трапляць на сцёблы і лісце раслін. У цяпліцы варта паліваць раніцай. Калі ў спякотны дзень патрабуецца дадатковы паліў, яго трэба правесці не пазней за 17 гадзін, каб цяпліца паспела як след праветрыцца. У гарачае надвор'е паліваюць вадой тэмпературы ад 18 да 22 °C, а ў прахалодныя пахмурныя дні, асабліва пасля халодных начэй, — больш цёплай (25–30 °C). Вадой халаднейшай за 12 °C паліваць расліны нельга ні ў якім выпадку.

Паліў агуркоў

Каб стымуляваць расліну да завязвання пладоў, да цвіцення агуркі паліваюць умерана: па 3–4 літры вады на квадратны метр кожныя 5–7 дзён. Падчас цвіцення і плоданашэння паліў павінен стаць багацейшым і часцейшым — па 6–12 літраў на квадратны метр кожныя 2–3 дні. У пачатку росту агуркоў паліў рэкамендуецца праводзіць раніцай да 10 гадзін, падчас цвіцення і масавага плоданашэння палівы пераносяцца на вячэрні час. Вада павінна быць цёплай — 23–25 °C. Калі стаіць халаднаватае надвор'е без дажджоў, агуркі варта паліць гарачай вадой, нагрэтай да 55 °C, пры гэтым важна ліць ваду строга пад куст, не дапускаючы яе пападання на лісце. Агуркі лепш за ўсё паліваць з лейкі непасрэдна ў лункі. Паліваць моцным струменем з шланга не варта — глеба пад раслінамі хутка размываецца, агаляюцца, а потым і адміраюць дробныя карэньчыкі. Выдатна працуе на агурочнай градцы сістэма кропельнага арашэння з дапамогай пластыкавых бутэлек: у двухлітровых бутэльках распаленым цвіком праробліваюцца адтуліны, затым яны закопваюцца ў градку горлычкам уніз. Далей трэба проста сачыць за тым, каб у бутэльцы пастаянна была вада. У гарачае засушлівае лета без дажджоў агуркі можна паліваць кожны дзень. У пахмурнае прахалоднае надвор'е паліў агуркоў скарачаецца, інакш не пазбегнуць заражэння раслін несапраўднай мучністай расой або рознымі гнілямі.

Паліў перцаў

Перцы маюць неглыбокую каранёвую сістэму, таму ім патрабуецца шмат вільгаці. Паліў перцу ў цяпліцы ажыццяўляецца ў першай палове дня. Ліць ваду лепш з палівачкі непасрэдна пад куст, увільгатняючы зямлю на 10–15 см. У гарачае засушлівае лета перцы паліваюцца кожны дзень так, каб падтрымліваць глебу пад раслінамі ўвільготненай, але не залітай. Пры нармальных умовах надвор'я досыць паліваць перцы раз на тыдзень, у перыяд плоданашэння — два разы на тыдзень. Вада для паліву павінна мець тэмпературу каля 25 °C. Халоднай вадой паліваць перцы непажадана: кусты перастаюць расці, а тэрміны цвіцення і плоданашэння адцягваюцца.

Паліў караняплодаў

Галоўнае правіла — рэгулярнасць і шчодрасць паліву. Глыбіня паліву морквы і іншых караняплодаў — 30–35 см. Калі глеба не прамакае да такой глыбіні, у морквы пачынаецца рост бакавых карэньчыкаў, яна становіцца карацейшай, можа раздвоіцца. Нельга дапускаць перасыхання глебы, а потым кідацца паліваць — морква можа парэпацца.

Паліў цыбулі

Вялікая колькасць вільгаці цыбулі патрабуецца толькі ў пачатковы перыяд росту, асабліва ў першы месяц пасля ўсходаў. У гэты час у цыбулі інтэнсіўна ўтвараецца каранёвая сістэма і пяро. Пры недахопе вільгаці афарбоўка цыбульнага пяра становіцца шэра-белай, яго кончык перагінаецца. Пры лішку вільгаці пяро набывае бледна-зялёнае адценне. У чэрвені цыбулю трэба паліваць раз на тыдзень, расходуючы 5–10 літраў вады на адзін квадратны метр пасадак. У пачатку ліпеня паліваюць раз на два тыдні, а ў другой палове ліпеня, калі пачынае фарміравацца цыбуліна, паліў спыняюць зусім. Не рэкамендуецца паліваць цыбулю пасля заломвання ліста, інакш яна будзе дрэнна захоўвацца.

Паліў капусты

Пасля высадкі расады капусты яе паліваюць кожныя 2–3 дні з разліку 8 літраў вады на адзін квадратны метр. У гэты перыяд вільготнасць глебы ў 70–75 % забяспечвае развіццё магутнай каранёвай сістэмы. У далейшым пры адсутнасці дажджоў капусту рэкамендуюць паліваць двойчы на тыдзень метадам дажджавання, гэта значыць проста зверху па качанах. Ранняя капуста мае патрэбу ў інтэнсіўным паліве ў чэрвені, позняя — у канцы ліпеня і ў жніўні, на стадыі фарміравання качаноў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.