Вы тут

Чаму варта адрозніваць сяброўства і каханне


Ці можа быць сяброўства паміж мужчынам і жанчынай, калі нехта з іх мае рамантычныя пачуцці і спадзяецца на ўзаемнасць, а другі не спяшаецца адказваць тым жа? Псіхолагі ў адказе на гэта пытанне катэгарычныя: не! Чаму непрыстойна прапаноўваць такое сяброўства і, больш за тое, шкодна для псіхікі і чаму фразу «давай застанёмся сябрамі» лепш ніколі не гаварыць, расказаў псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Алег СЯЛІЦКІ.


— Алег Мікалаевіч, няўжо бывае так, што сяброўства — гэта дрэнна?

— Бывае, калі яно вельмі цесна пераплятаецца з каханнем. Каханне і сяброўства — два самыя выдатныя праяўленні пачуццяў чалавека. Добра, калі нашы сябры з намі сябруюць, а каханыя — кахаюць. Таксама правільна, калі сяброўства паміж мужчынам і жанчынай паступова перарастае ва ўзаемнае каханне. Але ёсць выпадкі, калі гэтыя высокія пачуцці могуць стаць прычынай звароту да псіхолага. Мала хто можа пахваліцца тым, што яго пачуццё кахання заўсёды было ўзаемным. І гэтыя неадпаведнасці заўсёды становяцца цяжкім выпрабаваннем для чалавека і пакідаюць раны ў душы.

— Гэта значыць, што калі ў пары няма кахання з боку мужчыны ці жанчыны, то і сяброўства быць не можа?

— Для кахання характэрная адна простая рыса. Так ці іначай, але чалавек, якога мы пакахалі, павінен быць побач. Для нераздзеленага кахання гэта правіла таксама захоўваецца. Пачатак новых адносін заўсёды ўскладняецца тым, што партнёры не да канца ўпэўненыя ў сваім імкненні быць разам, і адмова ў такіх сітуацыях можа мець некалькі сэнсаў. Натуральна, што закаханасць акрыляе і чалавек імкнецца бачыць у адмове свайго абранніка толькі часовае рашэнне і стараецца стаць хоць бы сябрам на тэрмін гэтай нявызначанасці. Небяспека ў тым, што з часам няправільна зразуметая ідэя сяброўства ўводзіць чалавека ў дэпрэсію. Таму варта для сябе вызначыць, хто такія сябры.

— І хто ж?

— Сябры — гэта людзі, у якіх вельмі шмат агульных інтарэсаў, аднолькавае разуменне свету і асноўных пытанняў. Калі ў пары нехта не хоча падтрымліваць адносіны ці развіваць іх, гэта не вельмі сяброўскі ўчынак. Вось давайце паразважаем: вы, напрыклад, захапляецеся англійскай мовай, а нехта ў агульнай кампаніі пачынае размову з вамі з таго, што заяўляе: «Я англійскую на дух не пераношу, але мы будзем сябрамі». Захочацца сябраваць з такім чалавекам? Напэўна, не вельмі. Хоць пераадолець гэтыя лінгвістычныя рознагалоссі не так і складана, у адрозненне ад такіх важных пытанняў, як адносіны. Па сутнасці, сяброўства замест кахання — гэта сяброўства з чалавекам, у якога дыяметральна супрацьлеглы погляд на ваша асабістае жыццё. Вы хочаце з ім быць, а ён — не.

— Але ж прапанову «давай застанёмся сябрамі», як правіла, робіць якраз той, ад каго чакаюць узвышаных пачуццяў…

— Прапанова застацца сябрамі — гэта вынік адчування віны таго, хто яе робіць. Усведамляючы ўсю непрыгляднасць адмовы, такой прапановай імкнуцца неяк сысці ад сур'ёзнай размовы, і часта не толькі з пакінутым чалавекам, але і са сваім сумленнем. Аднак куды больш карысна ў гэтай сітуацыі было б адказаць прамой адмовай. Канешне ж, сяброўства паміж мужчынам і жанчынай можа быць, але толькі не ў тым выпадку, калі хтосьці раней меў рамантычныя пачуцці і спадзяецца на іх аднаўленне. На жаль, такое сяброўства толькі хавае сапраўднае становішча рэчаў і ўзмацняе траўму немінучага расставання.

— І як паступаць у такім выпадку?

— Калі ўсё ж трапілі ў такія двухсэнсоўныя адносіны, то трэба ўстанавіць разумныя тэрміны, за якія ваша сяброўская прыхільнасць павінна ператварыцца ў каханне. Некалькі тыдняў ці некалькі месяцаў — зручны для вас час. Калі ж адносіны не развіваюцца, трэба прызнаць, што гэта не каханне і не сяброўства. І лепш пашукаць іншага чалавека.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сяброўства ці каханне?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.