Вы тут

Суседзі блізкія і далёкія


З чатырох частак свету ў нашу краіну прыбылі новыя паслы. Польшча, Італія, М'янма, Пакістан, Узбекістан — гэта далёка не ўвесь спіс краін, чые дыпламаты чакалі моманту ўручэння даверчых грамат Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.


Вітаючы дыппрадстаўнікоў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яны прыехалі ў сучасную, бяспечную для жыцця і зручную для вядзення бізнесу еўрапейскую дзяржаву, якая дынамічна развіваецца. Беларускі лідар адзначыў, што наша краіна валодае моцнай прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, значным навуковым патэнцыялам і кваліфікаванымі кадрамі. Адной з найбольш перспектыўных галін айчыннай эканомікі з'яўляецца ІT-сфера. «Па шэрагу кірункаў мы ўжо занялі лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіёне», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, высокатэхналагічнымі кампаніямі свету праяўлены інтарэс да Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і іншых інавацыйных пляцовак, якія ёсць ва ўсіх абласцях. Яны ператвараюцца ў цэнтры прыцягнення інвестыцый. Да таго ж Беларусь — выключна мірная краіна. «Мы добра памятаем урокі мінулага. Клапатліва ставімся да сучаснасці. Удумліва — да будучыні нашай Айчыны. Таму асноўнай характарыстыкай нацыянальнай знешняй палітыкі з'яўляецца міралюбства. У гэта слова ўкладаюцца такія паняцці, як шматвектарнасць, збалансаванасць, прагматычнасць і паслядоўнасць. Наша краіна выступае за шырокі дыялог па ўсіх міжнародных пытаннях. Мы высока цэнім шчырасць, адкрытасць, паважлівае стаўленне да нас і гатовы адказваць узаемнасцю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета споўнілася 25 гадоў з дня ўсталявання дыпламатычных адносін з Узбекістанам. «Мы даражым вузамі дружбы, якія звязваюць беларускі і ўзбекскі народы. Вітаем рашэнне нашага шматгадовага партнёра адкрыць у Мінску паўнавартаснае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Гэта важны і своечасовы крок, які дэманструе накіраванасць на ўсебаковае паглыбленне дыялогу», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістамі пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў пацвердзіў, што ўжо ідзе падрыхтоўка да вераснёўскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў яго краіну. «Мы працуем над тым, каб гэты візіт на высокім узроўні паспрыяў рэалізацыі сумесных праектаў у далейшым. У цэлым мы зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю», — падкрэсліў ён.

Як заўважыў беларускі лідар, выбудоўванне сапраўды добрасуседскіх і раўнапраўных адносін з Польшчай — адна з прыярытэтных задач айчыннай дыпламатыі. «Польшча — наш сусед. Суседзяў не выбіраюць. Нас збліжаюць не толькі сумесная мяжа, эканамічнае супрацоўніцтва, міжасабовыя кантакты, але і агульная адказнасць за стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне», — упэўнены Прэзідэнт. На яго думку, неабходна надаць гэтаму ўзаемадзеянню ўстойлівы і паслядоўны характар, і нашы краіны да гэтага гатовыя.

Пасол Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Артур Міхальскі падзяліўся найбліжэйшымі планамі ў рабоце: «У нашых адносінах ёсць шмат станоўчых перадумоў. Галоўнае — мы суседзі. З гэтага трэба сыходзіць і надалей паглыбляць супрацоўніцтва. Для нас важны эканамічны бок стасункаў. Да таго ж людзі павінны ведаць адзін аднаго, разам гандляваць, абменьвацца меркаваннямі. Таму мы гатовы садзейнічаць народнай дыпламатыі, наладжванню кантактаў паміж рознымі групамі людзей».

Гады паспяховага супрацоўніцтва па шырокім спектры кірункаў звязваюць Беларусь і з Італіяй. Тым больш, што ў дзвюх дзяржаў заўжды атрымлівалася вырашаць любыя задачы ў атмасферы адкрытасці і даверу. «Перакананы, што актыўны палітычны дыялог, рэалізацыя сумесных эканамічных праектаў, узаемадзеянне ў культурнай і навуковых сферах цалкам адпавядаюць інтарэсам нашых народаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасол Італіі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі са шчырай усмешкай дзеліцца першымі ўражаннямі ад нашай краіны. Для яго галоўнае — добрыя адносіны паміж нашымі народамі. І ён гэта выразна адчувае, калі, напрыклад, пачынае размаўляць па-італьянску на нашых вуліцах: беларусы ўсміхаюцца яму ў адказ. «Спадзяюся, атрымаецца захаваць тую ж рэпутацыю на працягу ўсёй місіі ў Мінску», — адзначыў ён. Дыпламат нагадаў, што за апошнія дзесяцігоддзі больш за паўмільёна беларускіх дзяцей наведала Італію па гуманітарнай лініі. Цяпер яны выраслі і сталі своеасаблівым падмуркам у міжасабовых кантактах Беларусі і Італіі.

Наша краіна будзе развіваць адносіны і з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі.

«Мы зацікаўлены ў развіцці адносін з Кіпрам па ўсіх пытаннях двухбаковага і глабальнага парадку дня. У нас ужо дасягнуты неблагія паказчыкі ў гандлі паслугамі. Прыйшоў час падумаць над сумеснымі праектамі ў банкаўскай справе, у сферах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і турызму. Рэзервы для гэтага ёсць», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Пасол Кіпра ў Беларусі Леанідас Маркідзіс лічыць, што паміж нашымі краінамі ўжо створаны падмурак адносін, і цяпер задача — пачаць супрацоўнічаць больш шчыльна. «Мая задача як пасла на тэрмін, што я буду працаваць у Беларусі, — вывесці нашы стасункі, і не толькі эканамічныя, на новы ўзровень», — дзеліцца глабальнымі планамі дыпламат.

Беларускі лідар з радасцю вітаў у зале паслоў з краін Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Па яго словах, узаемадзеянне з гэтымі дзяржавамі ўяўляе для Беларусі асаблівы палітычны і безумоўна эканамічны інтарэс, таму што на базе гандлю і эканомікі засноўваюцца любыя адносіны.

Так, у апошнія гады сфарміраваны неабходныя механізмы для прадметнай і поўнафарматнай работы з Пакістанам, падкрэсліў Прэзідэнт. Беларусь чакае паспяховага здзяйснення сумесных праектаў у розных галінах прамысловасці, ахове здароўя і ў падрыхтоўцы кадраў.

Беларусь адкрыта для актывізацыі разнапланавага супрацоўніцтва з Непалам. Маючы значны індустрыяльны і адукацыйны патэнцыял, мы можам аказваць садзейнічанне развіццю гэтай дзяржавы. Наша краіна ўважліва назірае за аднаўленнем М'янмы, якое адкрывае новыя магчымасці і перспектывы.

Адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёвай Амерыцы з'яўляецца Эквадор. Нас збліжаюць сугучныя прыярытэты ўнутранай і знешняй палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мы гатовы зрабіць неабходныя крокі для таго, каб двухбаковыя адносіны ў найкарацейшыя тэрміны выйшлі на якасна новы ўзровень.

«Акрэдытацыя ў Беларусі паслоў Замбіі і Конга заклікана дапамагчы знайсці новыя пункты судакранання і надаць адносінам належную дынаміку. Асабліва з улікам узаемадапаўняльнасці нашых эканомік», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Надаваць дынаміку нашым адносінам ужо пачаў Давід Мадука, пасол Рэспублікі Конга ў Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве — у Беларусі. У яго планах — наладзіць пастаўку беларускіх трактароў не толькі ў сваю краіну, але і іншыя дзяржавы Цэнтральнай Афрыкі. Па яго словах, пакуль «Беларусы» ў Конга і іншыя краіны гэтага рэгіёна амаль не пастаўляліся. Не так даўно пасол пабываў на Мінскім трактарным заводзе і вырашыў пасадзейнічаць у арганізацыі паставак. «І гэта толькі першыя планы», — упэўніў журналістаў дыпламат.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».