Вы тут

Як рэгіёны пацярпелі ад засухі


Мінсельгасхарч: для правядзення работ па захаванні ўраджаю выдзеленыя ўсе неабходныя дадатковыя сродкі

Работы па перасяванні пашкоджаных ад засухі сельгасугоддзяў ужо вядуцца згодна з планам і з улікам умоў надвор'я. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У Мінсельгасхарчы таксама адзначылі, што для правядзення работ па захаванні ўраджаю ўжо выдзеленыя ўсе неабходныя дадатковыя аб'ёмы паліва, насення і ўгнаенняў.


Па звестках міністэрства, з-за засухі ў краіне загінула каля 2 % пасеваў, а каля 3,6 % — пашкоджана. Усяго пацярпелі больш за 260 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. На пашкоджаных пасяўных плошчах ужо высейваюць пажніўныя культуры.

Больш за ўсё ад засухі пацярпелі пасевы ў Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. На Брэстчыне пашкоджана 52 тысячы га, у тым ліку 42 тысячы га збожжавых, 5 тысяч га кукурузы, 2,5 тысячы га лёну, каля 1 тысячы га рапсу. Аграрыям трэба цалкам перасеяць аднагадовымі культурамі 20 тысяч га палёў.

У Гомельскай вобласці загінула 63,5 тысячы га пасеваў, у тым ліку 44,5 тысячы га азімых збожжавых. У Гродзенскай вобласці ўрон нанесены 38 тысячам га, у Мінскай — 40 тысячам, у Магілёўскай — 30 тысячам га. Віцебская вобласць пацярпела менш за астатнія рэгіёны, там пашкоджанымі прызнаны толькі 1200 гектараў лёну.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні ў Мінсельгасхарчы, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц даручыў прыняць усе неабходныя меры, каб сабраць сельскагаспадарчыя культуры на збожжа. Што датычыцца найбольш пашкоджаных палёў, то перад аграрыямі была пастаўлена задача перасеяць іх кармавымі культурамі да 1 ліпеня.

Навукоўцы адзначаюць, што ў краіне ёсць неабходная колькасць насення, асабліва проса. Таксама яны рэкамендуюць актыўна выкарыстоўваць для перасявання дыплоідныя сарты грэчкі.

У сваю чаргу сельгасарганізацыі на поўдні краіны ўжо рыхтуюцца да ўборкі азімага рапсу. Варта адзначыць, што ад засухі ён пацярпеў менш за ўсё. Паводле ацэнак спецыялістаў, масавая ўборка алейнай культуры стартуе крыху больш як праз тыдзень. Плануецца, што на астатняй тэрыторыі ўнясуць хімічныя рэчывы для павышэння ўраджайнасці.

Цяпер, на думку спецыялістаў, неабходна паклапаціцца пра максімальны ўраджай лёну для загрузкі магутнасцяў ільнозаводаў. Для гэтага трэба ўнесці азотныя ўгнаенні, мікраэлементы, забяспечыць абарону ад хвароб да цвіцення.

Ілья КРЫЖЭВІЧ


Гродзеншчына: абмялелы Нёман і тля на дрэвах.

У Гродзенскай вобласці май і чэрвень сталі рэкорднымі па спякоце з 1945 года.

Пажоўклая паўсюдна трава — далёка не адзіны негатыўны ўплыў спякоты. У абласным цэнтры назіраецца ўсыханне дрэў, а многія з іх пашкодзіла тля, якая прыкметна актывізавалася. У Гожскім лясніцтве адзначылі, што лес пакрыла невядомая павуціна. Не абышлі праблемы і Нёман — русла ракі абмялела да адзнакі 42 см, з-за чаго ўзніклі праблемы з рачным суднаходствам.

Складаная сітуацыя на сельскагаспадарчых палетках. У вобласці практычна ў кожным раёне прагназуюць меншы ўраджай зерня, чым летась. Такая ж сітуацыя з першым укосам травяністых кармоў. Частка збожжавых, а гэта каля 30 тысяч гектараў, скошана на зернесянаж, а гэтыя плошчы засяваюцца рэдзькай, гарчыцай ды іншымі культурамі, якія павінны даць яшчэ не адзін ураджай. Больш за іншыя панеслі страты яравыя, адзначылі ў абласным камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Азімыя культуры аказаліся больш прыстасаванымі да неспрыяльных кліматычных умоў. Спадзяюцца аграрыі на ўраджай цукровых буракоў і кукурузы, якія нядрэнна растуць. Пад гэтыя культуры ў вобласці адведзены значныя плошчы.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Гомельшчына: смага, якую ўжо не спатоліць.

На Гомельшчыне з-за спякоты загінула 63 400 гектараў збожжавых пасеваў сельгаскультур.

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч, паўсюдна на палях з-за недахопу вільгаці запаволіліся тэмпы развіцця азімых, пажухла ніжняе лісце, засохлі недастаткова развітыя парасткі.

Больш за ўсё не пашанцавала аграрыям Жлобінскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага і Светлагорскага раёнаў. Нават апошнія ліўневыя дажджы выпалі не паўсюдна. Многія з іх былі лакальныя і зусім абышлі паўночныя раёны вобласці.

Да таго ж, падкрэсліла Алена Філіповіч, у трох раёнах вобласці — Жлобінскім, Жыткавіцкім і Акцябрскім назіраецца небяспечная аграметэаралагічная з'ява — глебавая засуха.

— Запас прадуктыўнай вільгаці ў ворным пласце глебы (20 см) тут на працягу трох апошніх дэкад быў практычна нулявы. Гэта значыць, верхні пласт зямлі цалкам перасушаны і караням раслін няма чым сілкавацца.

Цяпер на Гомельшчыне актыўна вядуцца работы па перасяванні высушаных спякотай плошчаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ


Віцебшчына: спякота поўначы...

У паўночнай вобласці краіны ў выніку спякоты, па папярэдніх звестках, пашкоджана каля 70 тысяч гектараў збожжавых.

Усяго, як паведамілі «Звяздзе» ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, збожжавыя высаджаны амаль на 352 тысячах гектараў. Пакуль што спецыялісты не спяшаюцца рабіць прагнозы наконт таго, якім сёлета будзе агульны «каравай Прыдзвіння».

У пятніцу хлебаробаў парадавалі першыя праліўныя дажджы — у прыватнасці, у Аршанскім, Дубровенскім і Віцебскім раёнах.

Добра працаваць нават у самых неспрыяльных кліматычных умовах на Віцебшчыне ўмеюць. Падчас жніва «золата палёў» будуць убіраць больш за 1600 камбайнаў.

Яшчэ напярэдадні сяўбы губернатар Мікалай Шарснёў патрабаваў ад аграрыяў выканання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Безумоўна, гэта гарантыя поспеху і падчас жніва.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Міншчына: сітуацыя крытычная, але пад кантролем.

У Мінскай вобласці ў выніку засушлівага надвор'я загінулі збожжавыя на плошчы каля 30 тысяч гектараў. У тым ліку прыкладна 20 тысяч гектараў — гэта  азімыя: ячмень, пшаніца, жыта.

Найбольш засуха закранула паўднёвыя раёны: Любанскі, Старадарожскі, Салігорскі, Пухавіцкі, Нясвіжскі. Неспрыяльная сітуацыя і ў паўночным Бярэзінскім раёне, дзе «засохла» каля 15 % пасеваў.

Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргея Ляўковіча, будуць перасявацца 20 тысяч гектараў збожжавых. На ўчастках, дзе сельгаскультуры загінулі цалкам, ідзе апрацоўка глебы пад сяўбу проса, гарчыцы, алейнай рэдзькі, азімага рапсу. На плошчах, якія пашкоджаны больш як напалову, пасля таго як расліны дасягнуць малочна-васкавой спеласці, іх выкарыстаюць для нарыхтоўкі сенажу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Брэстчына: не наліты колас.

У цэлым у вобласці ад засухі найбольш пацярпелі збожжавыя культуры, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. Недахоп вільгаці наклаў адбітак на стан і азімых, і яравых. У некаторых гаспадарках за першую палову чэрвеня не ўпала ні кроплі вільгаці! Трыцікале і пшаніца месцамі літаральна выгаралі.

Аграномы адзначаюць, што падгарэлі верхнія лісты раслін, а яны патрэбныя для таго, каб колас наліваўся. Значыць, колас будзе слабы. У гаспадарках тыя ўчасткі, што падгарэлі, вызначылі пад уборку на зернесянаж, а тыя пасевы, што аказаліся больш стойкімі і раней былі прызначаныя для сенажу, пакінулі на збожжа. Словам, у кожным раёне праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на мінімізацыю наступстваў засухі. Найбольш крытычная сітуацыя склалася на палях Драгічынскага, Пінскага, Столінскага, Лунінецкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Маларыцкага раёнаў. Пацярпелі, вядома, і дачнікі, і гаспадары прысядзібных участкаў. Іх страты ніхто не падлічваў, але недабор ураджаю на прыватных сотках чакаецца істотны.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Магілёўшчына: пацярпелі лёгкія глебы.

У Магілёўскай вобласці ад анамальнай гарачыні пашкоджана ў той або іншай ступені амаль 8 % ад агульных плошчаў збожжавых культур.

— Асабліва пацярпелі нашы паўднёвыя раёны — Глускі, Бабруйскі, Асіповіцкі, Клічаўскі, Слаўгарадскі, часткова Быхаўскі, — паведаміла начальнік аддзела інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская. — Гэта раёны, дзе лёгкія глебы. Каб кампенсаваць страты, гаспадаркі дзесьці ўзорваюць новыя ўчасткі зямлі, а на выпаленых сонцам плошчах саджаюць аднагадовыя культуры — проса, пайзу, суданскую траву і іншыя.

Нягледзячы на тое, што аграрнікам прыходзілася працаваць ва ўмовах і большай спякоты (дастаткова ўспомніць 2015 год), для некаторых гаспадарак шкода нанесена вельмі адчувальная. У Глускім раёне, напрыклад, «згарэла» каля тысячы гектараў збожжавых, з іх 600 гектараў азімага трыцікале.

— Становішча вельмі складанае, — адзначыў першы намеснік старшыні Глускага райвыканкама Валерый Глаз. — Плануем убраць тое, што засталося, на корм жывёле і пасеяць на гэтых плошчах проса і пайзу. Большая частка ўжо перасеяна, і работы працягваюцца. Для раёна — гэта дадатковыя выдаткі на насенне, паліва і заработную плату.

У Клічаўскім раёне сітуацыя асабліва складаная. Страчана амаль 30 % пасяўных плошчаў — 2811 гектараў азімых і яравых збожжавых і зернебабовых культур. Першы намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Іван Сушко паведаміў, што ў такім цяжкім становішчы раён даўно не быў, таму выходзіць з яго вельмі балюча.

— Зараз на спаленых сонцам палях сеем проса, пайзу, алейную рэдзьку. Працуем у няпростым фінансавым становішчы. Эканоміць прыходзіцца на неабходным...

Нэлі ЗІГУЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...