Вы тут

Восем юнакоў на суткі сталі ратаўнікамі


У канцы мінулага тыдня ў Заслаўі адбылася незвычайная стажыроўка. Восем юнакоў з Маладзечанскага, Вілейскага і Мядзельскага раённых атрадаў аховы правапарадку Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прыехалі ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 8 горада Заслаўля. Там яны мусілі правесці з ратавальнікамі цэлыя суткі — з васьмі да васьмі раніцы, і на сабе выпрабаваць усе складанасці гэтай прафесіі.


— Паміж МНС і БРСМ заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Мінскай вобласці Анастасія Швайбовіч. — Хлопцы з маладзёжнай арганізацыі ўдзельнічаюць у пажарна-прафілактычнай рабоце. Мы ж прапанавалі пашырыць фармат стасункаў і ўвесці сюды практыку «выпрабавана на сабе». Спазнаўшы такім чынам некаторыя нюансы працы ратавальнікаў, як мы разлічваем, «стажоры» не разгубяцца ў надзвычайнай сітуацыі і здолеюць правільна арганізаваць людзей.

Што ж менавіта чакала васьмярых юнакоў? Перш за ўсё — тэарэтычная падрыхтоўка. А восьмай раніцы яны прысутнічалі на прыёме і здачы дзяжурства. Ратавальнікі паказвалі, як правільна правяраць абсталяванне, баявое адзенне, тэхніку. Бо ў любую секунду можа раздацца званок — і разлік паедзе ліквідаваць чарговы пажар. Адбор юнакоў ішоў па ўзроставым і фізічным прынцыпе. Напрыклад, чалавек драбнаватай камплекцыі наўрад ці вытрымае поўную амуніцыю, якая важыць больш за 15 кілаграмаў. Да таго ж у ёй трэба яшчэ і перасоўвацца, і нават на васьміметровую вышку залезці падчас праходжання псіхалагічнай падрыхтоўчай паласы.

— Яна чакае ўсіх ратавальнікаў, якія прыходзяць на працу, — працягвае Анастасія Швайбовіч. — Не кожны чалавек рызыкне сунуцца ў дым. А калі пажарны заходзіць у палаючы дом, то бачнасць там, як правіла, нулявая. І дзейны асабовы склад таксама перыядычна трэніруецца на гэтай паласе.

— Паласу будзем праходзіць па аддзяленнях, — камандуе перад строем начальнік дзяжурнай змены пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Ігар ІВАНСКІ. — Звяртаю асаблівую ўвагу на ахову працы. Будзе гарэць агонь. Нікуды не спяшаемся, робім усё павольна і ўпэўнена. З лесвіц не саскокваць. Там, дзе гарыць, — працуем толькі ў масках і пальчатках. Канатную дарогу праходзім толькі
пасля таго, як дасць дабро камандзір. І ніякай самадзейнасці! А цяпер праводзім размінку...

Фізкультурныя практыкаванні неўзабаве змяняюцца інструктажом адносна амуніцыі.

— У балоне са сціснутым паветрам ціск — 300 атмасфер, — працягвае Ігар Іванскі. — Самі разумееце, гэта вельмі шмат. Таму тут ёсць рэдуктар, які паніжае ціск. Глядзіце ўважліва на манометр. Чырвоная зона паказвае 50 атмасфер. Калі ціск упадзе да гэтай адзнакі, то спрацуе свісток. У такім выпадку ўсё звяно адразу выходзіць на чыстае паветра. А зараз надзяваем апарат і зацягваем яго шлейкамі, каб не матляўся. Пасля яго — маску. Не травіць нідзе паветра? Ну то добра.

І ў гэтыя хвіліны над псіхалагічнай паласой уздымаецца агонь і чорны дым.

— Пайшлі!!! — камандуе Ігар Іванскі.

Аддзяленне пачынае штурмаваць вышку. На вышыню ў восем метраў трэба залезці па вузкай лесвіцы і па ёй жа спусціцца. Затым прайсці па падвесным жалезным мосце, які гойдаецца ад любога дотыку. Далей стаіць сапраўдная цыстэрна, па якой трэба ўзлезці наверх — і спусціцца па невялікай жалезнай лесвіцы. І гэта яшчэ не ўсё! Бо трэба прайсці паласу перашкод: пралезці праз рагаткі ў вузкіх месцах, затым пераадолець метраў пяць на адных руках, прабрацца па канаце — а ўніз цягне балон... Пасля невялікага адпачынку хлопцам трэба падняцца на вышыню чатырохпавярховага дома па лесвіцы з аўтавышкі.

— Караскацца ў баявой экіпіроўцы, з апаратам сціснутага паветра — гэта зусім не тое, калі параўноўваць са звычайным пад'ёмам па лесвіцы, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Святагор. — Прычым падняцца лёгка, а ўніз спускацца вельмі цяжка. Тут пастаянна трэба адчуваць канструкцыі, манеўраваць. Максімальная вышыня вышкі — восем метраў, гэта імітацыя трохпавярховага дома. Рагаткі, напрыклад, імітуюць падвалы або завалы дамоў.

І вось на паласе перашкод фінішуе першы хлопец. Ён здзірае з сябе маску і прагна ловіць паветра. Падбягаем да яго, цікавімся: ну як?

— Спусціцца з апошняй вышкі — самае цяжкае. Не думаў, што будзе настолькі складана, — кажа, аддыхваючыся, прадстаўнік Маладзечна Андрэй Трывашкевіч.

— Ніколі не думаў, што так павольна можна працаваць, але стамляцца настолькі моцна! — дзеліцца ўражаннямі Сяргей Багданаў з Мядзела. — Але ўсё было вельмі крута! Падымацца-спускацца з лесвіцы з амуніцыяй і балонамі было цяжэй за ўсё. А вось у псіхалагічным плане мне было не вельмі страшна...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Прайсці праз агонь і паласу перашкод

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».