Вы тут

Беларусы замацоўваюцца на шостым кантыненце


Беларусь у асобе Нацыянальнай акадэміі навук атрымала статус асацыяванага члена Навуковага камітэта антарктычных даследаванняў (CKAP). Пра гэта паведаміў Аляксей ГАЙДАШОЎ, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі, нязменны кіраўнік усіх дзесяці Беларускіх антарктычных экспедыцый. На пасяджэнні гэтай арганізацыі ў Давосе (Швейцарыя) было прынята аднагалоснае рашэнне на карысць далучэння да яе Беларусі.


“Шматгадовая камандная праца калектыву НАН Беларусі ў гэтым кірунку атрымала высокую ацэнку сусветнай антарктычнай супольнасці і дазволіла нашай краіне значна павысіць свой навуковы статус, адкрыла новыя магчымасці ў развіцці міжнароднай навуковай кааперацыі ў Антарктыцы”, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў.

Статус асацыяванага члена дасць магчымасць вучоным НАН Беларусі ўдзельнічаць у распрацоўцы і вызначэнні прыярытэтаў для міжнародных антарктычных даследаванняў і мець прамы доступ да перадавых вынікаў такіх даследаванняў у свеце. Навуковы камітэт антарктычных даследаванняў можа дапамагчы навукоўцам Беларусі ў ажыццяўленні нацыянальнай антарктычнай даследчай праграмы, наладжванні навуковых сувязяў.

Для Беларусі будзе своечасовым і вельмі каштоўным атрыманне доступу да магчымасцяў, якія прадстаўляюцца СКАР, такіх, напрыклад, як стыпендыі для маладых навукоўцаў, навуковыя абмены, удзел у міжнародных праектах па вывучэнні Антарктыкі, выкананне даследаванняў на антарктычных станцыях і абсталяванні іншых краін.

Беларускія даследчыкі, у сваю чаргу, таксама плануюць актыўна ўдзельнічаць у рабоце  навуковых, экспертных груп і навуковых даследчых праграмах у рамках СКАР, прымаць калег з іншых краін, а таксама прадастаўляць свае тэхнічныя і навуковыя рэсурсы для даследаванняў па праблемах Антарктыкі.

Зараз рыхтуецца пакет дакументаў для падачы заяўкі нашай краінай на атрыманне ў 2019-2020 гадах статусу кансультацыйнага боку Дагавора аб Антарктыцы. Сяброўства ў Навуковым камітэце па антарктычных даследаваннях з'яўляецца адным з найважнейшых крытэрыяў адпаведнасці кансультатыўнаму статусу.

Калі ўсё атрымаецца, гэта паставіць нас на адзін узровень з самымі буйнымі эканомікамі свету, якія ўдзельнічаюць у рабоце сістэмы Дагавора аб Антарктыцы. Права голасу, права вета, права ўдзелу ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў, якія датычацца сучаснасці і будучыні “белага” кантынента, — вось што атрымае Беларусь у гэтым выпадку. Таму для краіны пытанне — стратэгічнае. Мы ўжо не будзем сядзець, як той казаў, на прыстаўным крэсле, а станем непасрэдна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах па ўрэгуляванні дзейнасці на шостым кантыненце планеты.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».