Вы тут

Міжнародны адукацыйны праект «Летняя школа — 2018» стартуе ў БДПУ


ІV Міжнародны адукацыйны праект «Летняя школа — 2018. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры» стартуе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце 28 чэрвеня.


Фота: bspu.by

Чакаецца, што яго ўдзельнікамі стануць студэнты з Арменіі, Беларусі, Кітая, Туркменістана і Чэхіі. На працягу дзесяці дзён яны будуць навучацца ў выкладчыкаў БДПУ беларускай мове і беларускай народнай творчасці. Даведаюцца пра вышэйшую адукацыю ў Беларусі, умовы навучання ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры БДПУ, аб рабоце студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый універсітэта. Разам са студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта яны прымуць удзел у праекце «Дзеці сталіцы», далучацца да педагагічных атрадаў.

Гасцей чакае і цікавая культурная праграма. Маладыя людзі змогуць азнаёміцца са славутымі мясцінамі, храмамі, замкамі, радавымі сядзібамі, музеямі, гістарычным і сучасным Мінскам, акунуцца ў святочную атмасферу Дня Незалежнасці ў сталіцы, наведаць фестываль вырабаў майстроў народных промыслаў.

«Летняя школа» ўжо стала візітнай карткай БДПУ. Ідэя праекта належыць рэктарам БДПУ і Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта — Аляксандру Жуку і Рубену Мірзаханяну. У 2015 годзе ў межах дагавора аб супрацоўніцтве 20 студэнтаў Армянскага педагагічнага ўніверсітэта прынялі ўдзел у першым праекце «Летняй школы». У 2016 годзе геаграфія ўдзельнікаў пашырылася і ўжо 30 студэнтаў з універсітэтаў Рэспублікі Арменія, Народнай Рэспублікі Бангладэш, Расійскай Федэрацыі і Чэшскай рэспублікі правялі ў Беларусі дзесяць незабыўных дзён.

Пры падтрымцы двух рэктараў у 2017 годзе «Летняя школа» была прадстаўлена на конкурс праектаў па развіцці вышэйшай адукацыі і міжнароднай дзейнасці ўніверсітэтаў Расіі і СНД, дзе стала пераможцай у намінацыі «Асабісты ўклад». Арганізатар конкурсу (Асацыяцыя ўсходнееўрапейскіх універсітэтаў) адзначыў намаганні БДПУ па развіцці міжкультурнай прасторы вышэйшай адукацыі.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: БДПУ чакае гасцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.