Вы тут

Аляксандр Студнеў: Бабруйск — горад шчыры і аптымістычны


У нашай краіне часта можна пачуць выраз: «У Беларусі тры сталіцы — Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы». Што датычыцца Плешчаніц, з націскам на «і», то гэта хутчэй за ўсё для рыфмы. А пры згадванні Бабруйска на твары не толькі жыхара Беларусі, але і жыхароў блізкага і далёкага замежжа вы ўбачыце нязменную ўсмешку і цікавасць. Напярэдадні Дня горада, які для ўсіх бабруйчан стаў добрай традыцыяй і жаданым святам, я сустрэлася са старшынёй Бабруйскага гарвыканкама Аляксандрам Студневым, і мы пагаварылі не столькі пра свята, колькі пра сам горад, які для ўсіх нас быў і застаецца загадкай.


— Аляксандр Віктаравіч, у кожнай мясцовасці свой твар. Калі вы прыехалі кудысьці і вам здаецца, што вы ўжо тут пабывалі, — значыць, у населенага пункта няма свайго твару, ён падобны на многія іншыя. Які твар у Бабруйска, ці можна параўнаць гэты горад з іншымі? У чым яго адметнасць і каларыт?

— Бабруйск — горад рафінавана тонкі, яго нельга ўбачыць і з першага разу запомніць, яго трэба адчуць. Яго каларыт у дэталях, у сістэме ўзаемаадносін паміж людзьмі: беражлівымі, удумлівымі, далікатнымі, заўсёды гатовымі прыйсці на дапамогу іншаму. Бабруйск — гэта горад, які ўмее думаць, а павага да інтэлекту ў бабруйчан закладзена ў генетыцы. Геаграфічна Бабруйск у вузлавым пункце глабальных еўрапейскіх падзей мінулага. Я не буду адымаць хлеб у гісторыкаў, скажу прасцей — яшчэ ў ХХ стагоддзі гэта была свайго роду гарадская федэрацыя ў тры пласты: ваенныя, яўрэйская частка горада і беларусы. Гэтыя пласты па сутнасці ніколі не перасякаліся, яны гарманічна дапаўнялі адзін аднаго. Гэта быў свайго роду астравок талерантнасці, карэктнасці і ўмення знаходзіць агульную мову. Сёння многімі тое ўспрымаецца як мінулае, але на самай справе гэта засталося ў генетычнай памяці бабруйчан. Бабруйск — горад шчыры і аптымістычны.

— Што такое Бабруйск у плане эканамічнага патэнцыялу для Магілёўскай вобласці і для краіны ў цэлым?

— Бабруйск — сёмы па колькасці насельніцтва горад Беларусі, буйны індустрыяльны цэнтр, які вырабляе чацвёртую частку прамысловай прадукцыі Магілёўскай вобласці.

Прамысловасць горада — гэта сорак буйных і сярэдніх прадпрыемстваў з агульнай колькасцю работнікаў звыш 28 тысяч чалавек. За 5 месяцаў гэтага года нашымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на 740 мільёнаў рублёў — са значным прыростам да мінулага года.

На «Белшыне».

— Пытанні экспарту айчыннай прадукцыі на знешнія рынкі з'яўляюцца ключавымі для нацыянальнай эканомікі. Якая дынаміка экспарту ў прадпрыемстваў Бабруйска ў пытаннях экспарту гатовай прадукцыі і ці ёсць тут праблемы?

— Больш чым палова тавараў, якія вырабляюцца на прадпрыемствах нашага горада, традыцыйна накіроўваецца на экспарт. Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ўжо склала каля 50 мільёнаў долараў. Узрасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі — у 1,2 раза ў параўнанні з мінулым годам, прыбытак ад рэалізацыі — у 3,2 раза.

— Праблема самазанятасці насельніцтва сёння з'яўляецца адной з прыярытэтных для кіраўніцтва нашай краіны. Як ідуць справы ў сферы развіцця прадпрымальніцтва ў Бабруйску? Ваш горад па праве называюць кузняй прадпрымальніцкіх кадраў, прадпрымальніцкі дух у бабруйчан у генетыцы.

— Адначасова з развітым буйным прамысловым комплексам у нашым горадзе шырока прадстаўлена прадпрымальніцтва. Цяпер у Бабруйску працуюць амаль 1,5 тысячы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, а колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў перавышае 5 тысяч чалавек. Уклад бізнесу ў бюджэт горада — 33,4 працэнта. Для параўнання: два гады таму — 27 працэнтаў. Прадпрымальніцкі сектар Бабруйска паспяхова вырашае задачу па стварэнні новых працоўных месцаў.

Адкрыццё парка моладзі.

— У нашай краіне распрацоўваецца стратэгія развіцця будаўнічай галіны аж да 2030 года. Будаўнічы комплекс ва ўсім свеце з'яўляецца асноўным мультыплікатарам эканомікі. Бабруйск у гэтых пытаннях у Беларусі заўсёды займаў перадавыя пазіцыі. Як ідуць справы сёння?

— Развіваецца жыллёвае будаўніцтва — за 5 месяцаў мы ўвялі ў эксплуатацыю больш за 11 тысяч квадратных метраў жылля. Завяршаецца будаўніцтва сучаснай школы ў мікрараёне «Заходні». Не толькі для Бабруйска, але і для ўсёй Магілёўскай вобласці новая школа стане пілотным праектам па праектным заданні, задумах у арганізацыі навучальнага працэсу, працоўнага навучання, уласнай спартыўнай базы.

— Аляксандр Віктаравіч, два гады таму два бабруйчаніны, якія жывуць сёння ў Амерыцы, пры падтрымцы гарадскіх улад устанавілі помнік, напэўна, аднаму з самых знакамітых людзей вашага горада — Эфраіму Севелу. У планах гарадскіх улад ёсць задумкі па правядзенні Севелаўскіх чытанняў або своеасаблівага фестывалю Эфраіма Севелы?

— Гэта добрая ідэя, і ў горадзе мы пра гэта ўжо не раз казалі. Сярод многіх сусветна вядомых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, да якіх адносіцца і Эфраім Севела, ён займае асаблівае месца. Жанр, у якім ён пісаў, зусім асаблівы, ён прадстаўлены ўсяго некалькімі імёнамі — Ісак Бабель, Міхаіл Зошчанка, Ільф і Пятроў. Тыя пісьменнікі, якіх адносяць да паўднёварускай адэскай школы. Але Севела бабруйчанін і, запэўніваю вас, Бабруйск — гэта не Адэса, гэта нашмат больш сур'ёзна.

Фота БЕЛТА.

У плане культурных мерапрыемстваў у нас шмат планаў. Праз два гады «Чырвоны харчавік», прадукцыю якога ведаюць ва ўсім свеце па бабруйскім зефіры, будзе адзначаць сваё 150-годдзе. Гэта прадпрыемства — найстарэйшае ў краіне. Яго юбілей мы плануем не толькі вынесці за рамкі самога прадпрыемства і горада, але і зрабіць міжнародным. Што ў нас атрымаецца, пакажа час.

— Дзякуй за размову, журналісты «Звязды» сардэчна і шчыра віншуюць вас і ўсіх бабруйчан з Днём горада. Да новых сустрэч і новых адкрыццяў — Бабруйск заўсёды ўмеў і ўмее здзіўляць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?