Вы тут

Мемарыяльны комплекс «Трасцянец» — помнік еўрапейскай значнасці


Доўгі час пра гэта месца масавых забойстваў мала хто па-за межамі Беларусі ведаў, у Германіі Малы Трасцянец згадваўся толькі ў асобных працах гісторыкаў. Але зараз канцлагер, які дзейнічаў у наваколлі вёскі Малы Трасцянец (сёння тэрыторыя ў межах Мінска), чацвёрты па колькасці ахвяр у Другой сусветнай вайне, становіцца помнікам еўрапейскай значнасці.


Вы­стаў­ку на­ве­даў Над­звы­чай­ны і Паў­на­моц­ны Па­сол Фе­дэ­ра­тыў­най Рэс­пуб­лі­кі Гер­ма­нія ў Рэс­пуб­лі­цы Бе­ла­русь Пе­тэр Дэ­тмар. Фота БЕЛТА.

Спецыфіка масавых забойстваў у Беларусі ў тым, што тут не будавалася спецыяльная інфраструктура, напрыклад не было тых жа баракаў. Людзей прывозілі ў лес і расстрэльвалі на паляне побач з загадзя выкапаным ровам, а таксама ахвяры маглі задыхнуцца па дарозе ў так званых машынах-душагубках. У 1944 годзе Надзвычайная камісія знайшла ва ўрочышчы Благаўшчына 34 ямы, запоўненыя чалавечымі парэшткамі і попелам…

Сярод ахвяр Трасцянца ў тым ліку — цэлая школа. На дэпартацыю ў Мінск былі вывезены дырэктар яўрэйскай гімназіі ў Кёльне Эрых Клібанскі з жонкай і трыма сынамі і ягоныя вучні. Пра гэту і іншыя гісторыі, звязаныя з Трасцянцом, расказвае перасоўная выстаўка, якая на працягу шасці месяцаў будзе працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы. Яе арганізатары — Міжнародны адукацыйны цэнтр (Дортмунд) і Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау ў супрацоўніцтве з фондам «Мемарыял памяці забітых яўрэяў Еўропы». Ідэя аб стварэнні выстаўкі прыйшла, калі ў Мінску распачаліся работы над мемарыяльным комплексам. Трэба сказаць, што згаданы праект унікальны, бо над зборам інфармацыі для экспазіцыі працавалі гісторыкі і музейныя работнікі Беларусі, Германіі, Чэхіі, Аўстрыі. Гэта сумеснае асэнсаванне складанага ваеннага мінулага, якое звязала народы розных краін. Таму і пазнаёміцца з ёй змогуць наведвальнікі ў розных гарадах Еўропы. Між іншым, адкрылася выстаўка ў лістападзе 2016 года ў Гамбургу, адкуль у лістападзе 1941 года ў Мінск прыбылі першыя яўрэі, якія былі тут знішчаны. Таксама выстаўка была паказана ў іншых гарадах, дзе адбываліся дэпартацыі. А ў наступным годзе яна адправіцца ў Вену. Трэба сказаць і пра праграму суправаджэння: падчас правядзення выстаўкі адбываюцца сустрэчы са сведкамі ваенных падзей, конкурсы для школьнікаў і студэнтаў.

…З вясны 1942 года да лета 1944‑га ў Трасцянцы рабілася ўсё, каб не толькі знішчыць людзей, але і схаваць сляды гэтага злачынства. У канцы 1943 года спецыяльная зондэркаманда прымушала вязняў мінскіх турмаў раскопваць ямы-магілы, крукамі даставаць адтуль целы забітых людзей і спальваць. Каб не пакінуць відавочцаў, прымусовых рабочых таксама расстралялі.

Забраць жыццё, цела, памяць… Такі быў план нацыстаў. Так, сапраўды, пра вялікую колькасць людзей, знішчаных у Трасцянцы, не засталося ніякай інфармацыі. Калі на Захадзе складаліся спісы дэпартаваных, то на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўліку ахвяр не было. Але зладзеям не ўдалося забраць памяць пра гэтае месца. У пачатку 2000‑х гадоў у Беларусь з розных куткоў Еўропы пачалі прыязджаць сваякі забітых.

Па­пе­рад­жаль­ны шчыт у ла­ге­ры Трас­ця­нец. Зды­мак зроб­ле­ны Над­звы­чай­най дзяр­жаў­най ка­мі­сі­яй па вы­яў­лен­ні і рас­сле­да­ван­ні зла­чын­стваў ня­мец­ка-фа­шысц­кіх за­хоп­ні­каў у лі­пе­ні 1944 го­да.

Адразу пасля вызвалення Мінска, у ліпені 1944 года, у Трасцянцы працавала Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паводле ацэнкі, зробленай ёй, колькасць ахвяр — 206 500 чалавек. Як бачыце, лічбы круглыя, і сярод гісторыкаў да гэтага часу вядуцца спрэчкі вакол пытання аб дакладных маштабах трагедыі. Але бясспрэчна адно — гэты лагер смерці быў найбуйнейшы на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза. Тут пазбаўлялі жыцця цывільнае насельніцтва Беларусі, савецкіх ваеннапалонных, беларускіх, аўстрыйскіх, нямецкіх і чэшскіх яўрэяў, партызанаў і падпольшчыкаў. Каля 24 тысяч заходнееўрапейскіх яўрэяў былі прывезеныя ў Мінск з 1941 па 1943 год і забітыя ці ў Мінскім гета, ці ў канцлагеры «Трасцянец».

Канцлагер складаўся з трох частак: лагера прымусовай працы, месца масавых расстрэлаў у Благаўшчыне і крэмацыйнай печы ва ўрочышчы Шашкоўка. Пра ўсе гэтыя пункты пакут раскажа мемарыяльны комплекс у Трасцянцы. У 2015 годзе ў памяць аб тых, хто загінуў, урачыста адкрыты манумент Брама памяці. А днямі чакаецца адкрыццё другой чаргі — мемарыяльных могілак Благаўшчына.

Інфармацыйна-дакументальная выстаўка, якую зараз можна пабачыць у Нацыянальнай бібліятэцы, складаецца з 18 раздзелаў. Яны прадстаўляюць Малы Трасцянец як месца злачынства і месца памяці. Падчас адкрыцця выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар заўважыў: «Сёння многае можна было б аддаць забыццю, таму што сведкі тых часоў сыходзяць з жыцця і застаецца ўсё менш тых, хто можа асабіста расказаць аб перажытых трагедыях. Гісторыя блякне хутка, калі яна не была часткай уласнага жыцця, таму так важна будаваць будучыню, не забываючы мінулага. Мы не хочам кансерваваць жахі, мы хочам атрымаць урокі, якія будуць арыенцірамі для будучых пакаленняў, таму нам патрэбныя такія мясціны, як Трасцянец — месца памінання і памяці, у еўрапейскім разуменні як месца сумеснай культуры памяці».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вяртанне памяці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.