Вы тут

Як сямейная пара перамагла залежнасць і вырашыла дапамагаць іншым


Уладзімір і Таццяна Шчэпіны разам дзевяць гадоў. Абое ў шлюбе другі раз, абое па адукацыі псіхолагі, прычым прафесію асвоілі ўжо ў сталым узросце. Разам працуюць у Бягомльскім гарадскім доме культуры, ладзяць святы для гараджан. А яшчэ — зноў жа разам — арганізавалі цэнтр дапамогі «Светач» для людзей, залежных ад алкаголю і наркотыкаў. Калісьці кожны з сужэнцаў паасобку прыйшоў да выздараўлення ў групе ананімных алкаголікаў. Цяпер сямейная пара дапамагае знайсці сэнс жыцця тым, хто шукае паратунку ад адзіноты на дне шклянкі са спіртным.


Самае лёгкае рашэнне

Уладзімір захоўвае цвярозасць ужо 13 гадоў, але пры гэтым па-ранейшаму называе сябе «алкаголікам, які выздараўлівае».

— Мае жыццё не было спакойным. Абраўшы кар'еру ваеннага, я прайшоў Афганістан, быў ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай станцыі і пры гэтым час ад часу адчуваў, быццам раблю нешта не тое. Цяпер разумею, што шукаў сэнс у жыцці, а ўсе няўдачы і стрэс «глушыў» алкаголем. Гэта была такая палачка-выручалачка, каб хутка пазбавіцца ад праблем.

Паступова і незаўважна звычка перарасла ў залежнасць. Знешне ў мужчыны было быццам бы ўсё ў парадку: сям'я, кватэра, машына. Вось толькі, як кажа Уладзімір, яго самога ў тым свеце не было. Нібы ў жарце: «Жонка папрасіла вынесці смецце — вярнуўся праз тры дні». Толькі тут «загулы» ні ў кога не выклікалі смеху. Паступова ўсе інтарэсы, былыя зацікаўленасці зніклі. Спіртное патрабавалася ўжо не для ўцёкаў ад праблем, а каб элементарна заснуць.

— Я разумеў, што праз залежнасць адбываюцца матэрыяльныя страты, губляюцца родзічы, знікае былое акружэнне... Але пакуль можна было хаваць свой стан, я гэта рабіў. Прызнацца: «Я алкаголік» — перад іншымі было страшна. У грамадстве да пітушчых ставяцца як да нечага ганебнага, абразлівага, — успамінае мужчына.

Аднойчы ў рэабілітацыйным цэнтры для афганцаў у Віцебску знаёмы параіў сустрэцца з ўдзельнікамі руху «Ананімныя Алкаголікі». Напачатку прапанова абурыла: мне не патрэбна, магу кінуць у любы момант! А потым падумаў і пайшоў на адну з іх сустрэч.

— Што адразу здзівіла — тыя людзі гаварылі пра залежнасць адкрыта, але выглядалі намнога лепш за мяне. Я нават не вытрымаў, выгукнуў «Якія ж вы алкаголікі? Вы паглядзіце на мяне!» Мусіць, гэтыя словы і сталі першым адкрытым прызнаннем у праблеме. На сустрэчы ўдзельнікі расказвалі свае гісторыі, а падавалася — яны гавораць пра маё жыццё.

Члены клубаў для залежных перакананыя: алкагалізм — хвароба адзіноты. Першае, што патрабуецца чалавеку, — гэта магчымасць выгаварыцца, не атрымаўшы асуджэння ў адказ. Падобнае адчуванне людзі часам атрымліваюць на споведзі, калі разам са словамі здымаюць цяжар з сэрца.

У кап­ліч­цы мож­на па­ма­ліц­ца аль­бо прос­та па­раз­ва­жаць. Цэнтр адчынены як для вер­ні­каў, так і для аг­нос­ты­каў. Га­лоў­нае — вяр­нуць ча­ла­ве­ку стра­ча­ную ду­хоў­насць.

Няпросты выбар

Пасля першай сустрэчы Уладзімір зразумеў, што хоча жыць інакш. Ён вярнуўся дамоў у Наваполацк і загарэўся ідэяй стварыць групу ананімных алкаголікаў у сваім горадзе. Паступова інфармацыя распаўсюдзілася, у групу прыйшлі людзі. Уладзімір займаўся арганізацыяй, сам быў пастаянным удзельнікам сустрэч. Але тым часам уласная сям'я развалівалася — жонка не зразумела «адноўленага» мужа.

У такой сітуацыі няма нічога парадаксальнага. Чалавек лечыцца і паступова мяняе не толькі фізічны, але і псіхалагічны стан. Пачынае самастойна прымаць рашэнні, патрабаваць права голасу. Жонцы, якая доўга знаходзілася ў нездаровых адносінах, цяжка прымірыцца са зменамі. Сузалежнасць родных — яшчэ адзін цяжкі псіхічны стан, менавіта таму для блізкіх сваякоў алкаголікаў існуе адмысловы рух, дзе вучаць, як жыць побач з залежным альбо тым, хто спрабуе кінуць.

Родныя часта «прыкрываюць» п'яных родзічаў. Даглядаюць іх, выгароджваюць, даюць грошы. Аднак самая разумная тактыка з боку сузалежнага — «адпусціць». Алкагалізм не лечыцца шкадаваннем, яго перамагаюць воляй і жаданнем змяніцца.

— У пэўны момант я зразумеў, што альбо пачну піць зноў, альбо змяню сітуацыю, — прыгадвае Уладзімір. — Ніколі не асуджаў сваю былую жонку, яна проста не змагла прыстасавацца да змен. Ёй, напэўна, хацелася, каб я заставаўся цвярозым і ў той жа час бездапаможным. Але так не бывае. Якраз тады я і сустрэў Таццяну. Напачатку не было нічога падобнага на адносіны, нам проста было цікава побач. Але ў душы ад супярэчлівых пачуццяў наступіў поўны раздрай. З аднаго боку, баяўся разбурыць сям'ю, якую так доўга выбудоўваў, з другога — не мог дапусціць, каб па-сапраўднаму блізкі чалавек знік з майго жыцця. У выніку псіхолаг з цэнтра для сузалежных дапамагла разабрацца з прыярытэтамі. Я скасаваў шлюб, ажаніўся з Таццянай і з таго моманту, лічу, пачалося сапраўднае выздараўленне.

Пра­ца­тэ­ра­пія як част­ка вы­зда­раў­лен­ня. Му­ра­ва­ны скля­пок — спра­ва рук удзель­ні­каў цэнт­ра. Як і на­рых­тоў­ка за­ка­так.

«Гэта ён хворы, не я!»

— Бацькі не злоўжывалі спіртным, я добра вучылася ў школе — тыповая добранадзейная сям'я, — пачынае свой расказ Таццяна. — Пасля інстытута я вышла замуж, нарадзіла дзіця. Разам з вялікімі кампаніямі любіла вясёлыя святы, пікнікі, сямейныя сустрэчы. Як заведзена, збіраліся разам за сталом, дзе сярод іншых пачастункаў быў і алкаголь. І вось неяк незаўважна і я, і мой муж пачалі піць усё больш, а адмовіцца ад лішняй чаркі станавілася ўсё складаней. Толькі тады гэта падавалася дробяззю.

На рабоце таксама было прынята «прастаўляцца» перад калегамі за нейкі поспех. «Купіла шкарпэткі — трэба абмыць, налівай!» Некаторыя рабочыя ў брыгадзе выпівалі па шклянцы і на гэтым спыняліся. Таццяна ж адчувала, што не можа спыніцца, ап'яненне вызывала эйфарыю.

Так павольна бясшкодныя святочныя застоллі ператварыліся ў пасядзелкі з бутэлькай на кухні, пачаліся п'яныя сваркі, скандалы, ранішнія правалы ў памяці.

— Хвароба паглыблялася. Цяпер і на працу я выходзіла, прыхаваўшы бутэльку. Была пераканана, што ўсе людзі насамрэч цішком п'юць, таму не буду сярод іх выдзяляцца. Канешне, гэта быў самападман, цярпенне начальства лопнула, і мяне прымусілі звольніцца. На той момант мы ўжо былі даўно ў разводзе з мужам, але па-ранейшаму жылі разам у кватэры і прыкладаліся да шклянкі па любой нагодзе. Я верыла, што ўсё з-за яго. Гэта ж ён алкаголік, ён спецыяльна даводзіць мяне да скандалаў, стварае ўмовы, каб я нервавалася і піла! Такім было маё «кароннае» апраўданне перад знаёмымі і перад уласным сумленнем.

Пры гэтым падсвядома Таццяна адчувала вялізны сорам. Пачуццё безвыходнасці расло, і нават узнікла думка, быццам усё скончана і трэба «брысці са скрухай да свайго фіналу».

Пры­га­та­ван­не ежы як част­ка са­ма­стой­на­га жыц­ця. Зда­ра­ец­ца, дзя­жур­ныя ку­ха­ры вы­ка­рыс­тоў­ва­юць не­звы­чай­ныя спа­лу­чэн­ні пра­дук­таў у сва­іх стра­вах. Атрым­лі­ва­ец­ца дзіў­на, але смач­на.

Аднойчы, калі яна была ў бацькоў мужа, свёкар зачытаў аб'яву ў газеце, што ў горадзе працуе група ананімных алкаголікаў. Прайшло некалькі месяцаў. І калі аднойчы мужа зноў забралі на лячэнне, Таццяна вырашыла патэлефанаваць.

— Было невыносна сорамна разумець, што я (жанчына!) звяртаюся да ананімных алкаголікаў па дапамогу. На шчасце, трубку падняў Валодзя. Памятаю ашаламленне, калі іншы, незнаёмы чалавек упершыню захацеў мяне выслухаць. Я пагадзілася прыходзіць на сустрэчы клуба і на першую ўзяла з сабой мужа. Потым ён не захацеў працягваць, а я вырашыла лячыцца і месяц пратрымалася цвярозай.

Затым, як кажа жанчына, адбыўся «зрыў». Былы муж усяляк спрабаваў вярнуць «прывычную» Таню, адгаворваў ад сустрэч і патрабаваў, каб яна піла з ім «за кампанію». Пасля «загулу» ў групе ёй не было сказана ні слова асуджэння — і гэта таксама дзівіла.

Зрыў паўтарыўся, і Таццяна надумалася змяніць сацыяльны асяродак. Сабрала рэчы і пераехала да сваіх бацькоў, якія, на шчасце, падтрымалі дачку: «Жыві з намі, пакуль мы жывыя».

— Так паступова я вярталася да паўнавартаснага жыцця, — падсумоўвае гісторыю Таццяна. — Завязаліся адносіны з Валодзем. Верыце — я тады ўпершыню закахалася — у чалавечую шчырасць і адкрытасць.

Зва­но­чак дыс­цып­лі­нуе не толь­кі ўдзель­ні­каў гру­пы, але і са­мо­га ад­каз­на­га за зван­кі.

Навучыся выказваць адзіноту

У пары былі агульныя мэты. Таццяна, як і Уладзімір, знайшла сабе спонсара (у асяродку ананімных алкаголікаў так называюць чалавека з вялікім вопытам цвярозасці, які бярэ шэфства над другім удзельнікам), стала вывучаць стан залежнасці і ў 2013 годзе скончыла Полацкі ўніверсітэт па псіхалагічнай спецыяльнасці.

У Бягомльскім цэнтры Уладзімір займае пасаду кіраўніка. Таццяна — нязменны памочнік і кансультант-псіхолаг для наведвальнікаў. Усяго цэнтр разлічаны на 10 чалавек. Ёсць як мужчынскі, так і жаночы пакой. Тыя, хто на шляху выздараўлення, жыве тут без алкаголю і спрабуе зразумець сябе. Пад'ём, прыём ежы, пачатак заняткаў па самааналізе абвяшчае званочак. Уладзімір кажа, што напачатку людзям вельмі цяжка выпрацаваць унутраную дысцыпліну.

Адметна, што адраджэннем духоўнай сферы разам з псіхолагам займаецца святар.

— Гэта не ўцаркаўленне, хутчэй, пошук унутранай апоры, — тлумачыць Уладзімір. — Ты можаш верыць у Бога, навуку, лёс — гэта тваё асабістае права. Святар праз размову дапамагае вярнуць паняцці дабрыні, любові, даверу, шчырасці, сумленнасці і г. д. У нас на сцяне ў пакоі заняткаў ёсць спіс эмоцый. Гэта вельмі важна, бо алкаголік з часам развучваецца слухаць свае пачуцці. Ён адчувае гнеў, і не можа яго вытлумачыць.

Акрамя стацыянара, у цэнтры існуе «Дом на паўшляху» — гэта часовы прытулак для людзей без жылля і дакументаў. Гэта бяспечная зона, дзе можна праходзіць лячэнне і рыхтавацца да «выхаду ў вялікі свет».

«Не будзь галодны, не будзь злы, не будзь адзінокі. Абыходзь месцы, дзе збіралася твая ранейшая кампанія. Займайся самааналізам. Любі сябе, каб палюбіць жыццё. Распазнавай маніпуляцыі і вучыся гаварыць «не». Гэта толькі частка рэкамендацый, па якіх тут вучаць жыць. Парады і матывацыя ад іншых удзельнікаў дапамагаюць трымаць спакусу пад кантролем у першыя дні. Наогул, вопыт падказвае, што без падтрымкі вылечыцца самастойна надзвычай цяжка.

— Не ведаю такіх людзей, якія б самі вызваліліся ад алкагалізму. Безумоўна, ананімныя алкаголікі не панацэя, заўсёды чалавек мае права выбару. Некаму дапамагаюць у выздараўленні жонка, бацькі, сябры, група, царква... Галоўнае, не заставацца з залежнасцю сам-насам і пастаянна ўдасканальваць сябе. Выздараўленне — гэта як ехаць на веласіпедзе пад горку: пакуль круціш педалі — ты рухаешся. Спынішся — упадзеш. Самы складаны перыяд для алкаголіка ўпачатку. Наперадзе невядомае, і хочацца вярнуцца ў звыклы свет. Схавацца за апраўданнем: «Хто хочаце алкаголік, толькі не я!» — кажа Уладзімір.

За час існавання цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» у Бягомлі праз яго прайшлі 35 чалавек. Пацыенты прыязджалі з Брэста, Оршы, Віцебска, Мінска... Арганізатары штодзень гатовы адказаць на званок і падтрымаць — нават калі гэта размова па тэлефоне. Усе каардынаты цэнтра ёсць у рэдакцыі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: «Любі сябе, каб палюбіць жыццё»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.