Вы тут

Апошняе лета дзяцінства


Летнія канікулы. Сонца, радасць, воля, усмешкі на загарэлых тварах. Цікавыя прыгоды, новыя сябры і ўражанні, адпачынак і аздараўленне...

Летнія канікулы. Небяспека, боль, гора бацькоў, якое не выплакаць за ўсё жыццё. Няшчасныя выпадкі, новыя магілы на пагостах, калецтва і смерць...

Гэта два абсалютна рэальныя апісанні аднаго і таго ж паняцця, і абодва яны адпавядаюць рэчаіснасці. Але найчасцей мы ўспрымаем нармальна толькі першую частку, пра другую не хочам нават і думаць, каб, крый божа, не наклікаць бяду. А яна і без таго зусім побач, пільнуе, шукае чарговых ахвяр.

«У Лельчыцах кіроўца, рухаючыся па прылеглай тэрыторыі да аднаго з дамоў, пры павароце на паркоўку наехаў на 5-гадовую дзяўчынку, якая гуляла на праезнай частцы дарогі. У выніку дзіця шпіталізавалі ў рэанімацыю. У гэты ж дзень у Гомелі адбыўся наезд на 12-гадовага хлопчыка, які рухаўся на самакаце. Падлетка шпіталізавалі».

«У Светлагорскім раёне ў Бярэзіне патануў падлетак 2002 года нараджэння. Разам з прыяцелямі ён адправіўся купацца на рэчку ў забароненым для гэтага месцы. Дарослыя, якія знаходзіліся непадалёк, папярэдзілі пра небяспеку і забарону, падлеткі пайшлі ў іншае месца, таксама не прызначанае для купання. У нейкі момант хлопец пайшоў пад ваду».

«У Івацэвічах у гаражы свайго дома дзяўчынка націснула на кнопку закрыцця варот і хацела прайсці пад ралетай, якая апускалася, але спатыкнулася і ўпала. Вароты апусціліся на шыю дзіцяці. Дачку з-пад ралеты дастала маці. Дзяўчынку шпіталізавалі».

«У Гарадоцкім раёне васьмікласнік вырашыў прадэманстраваць свае здольнасці паркуршчыка сябрам. Падлетак палез на лінію электраперадачы, адкуль збіраўся зрабіць сальта. На вышыні 4-5 метраў ён атрымаў удар токам і ўпаў на зямлю».

«У Брэсце тралейбус наехаў на 12-гадовую школьніцу, якая перасякала праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе на веласіпедзе, не спешыўшыся пры гэтым. У выніку дзяўчынка атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні галавы і была шпіталізавана ў рэанімацыю».

«Пад Лідай двое хлапчукоў — 12 і 14 гадоў — плавалі на надзіманым матрацы. На вадаёме размешчаны выратавальны пост, аднак дзеці адпачывалі па-за зонай яго дзеяння. Матрац перавярнуўся, хлопчыкі апынуліся ў вадзе, сталі тануць і клікаць на дапамогу. Дзяцей выратавалі».

«У Віцебску ад відавочцаў паступіла паведамленне, што на тэхнічным балконе пятага паверха аднаго са шматпавярховікаў па вуліцы Праўды вісіць дзіця. Да моманту прыезду на месца спецыяльных службаў яно ўжо ляжала на брылі пад'езда. У цяжкім стане адзінаццацігадовага хлопчыка даставілі ў рэанімацыю, дзе ён памёр».

«У Жлобіне дзевяцікласнік і яго сябар з 7-га класа вырашылі падарваць самаробны балончык. Пасля падпалу кнота ёмістасць выбухнула ў руках старэйшага падлетка, у выніку чаго ён атрымаў частковую ампутацыю чатырох пальцаў правай кісці. Школьнік быў праапераваны і знаходзіцца ў рэанімацыі. У выніку выбуху пацярпелі яшчэ два падлеткі. Адзін атрымаў ірваную рану сцягна, другі — ірваныя раны абодвух перадплеччаў».

...Гэта — хроніка ўжо сёлетніх летніх канікул. Прычым мы ўзялі далёка не ўсе здарэнні. І гэта хроніка, на жаль, будзе папаўняцца амаль штодня.

Гэта не пра вас і не пра ваша дзіця? А вы дакладна ведаеце, дзе яно і чым яно займаецца, пакуль вы чытаеце гэтыя радкі?

Ваша «Сямейная газета»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. 

Культура

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«...Мне ў той час было гадоў, можа, з дзесяць — многага не ведаў, не разумеў»...