Вы тут

Дзе пачатак неба...


Вабіць Лагойшчына літаратурная

Да Года малой радзімы было прымеркавана «Літаратурнае падарожжа» па Лагойскай зямлі. У складзе творчага дэсанта — пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і аматары высокага паэтычнага слова.


Па запрашэнні Янушкавіцкай сельскай бібліятэкі адбылася сустрэча з чытачамі. Вядомы пісьменнік лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Васіль Шырко заўважыў, што падчас яго працы на тэлебачанні недалёка ад гэтай мясцовасці здымаўся фільм пра вялікага песняра — Янку Купалу. Па словах Васіля Аляксандравіча, гэта была цікавая адказная праца, але і не абыходзілася без кур’ёзаў. Паэт Леанід Багдановіч, для якога Лагойская зямля стала невычэрпнай крыніцай натхнення, прадставіў некалькі патрыятычных вершаў. Леанід Уладзіміравіч амаль два дзясяткі гадоў назад змяніў сталічнае жыццё на райскі куточак Лагойшчыны.

Пісьменнік Уладзімір Тулінаў звярнуў увагу на сваю кнігу «Гвардзейцы Гіпакрата». Паэтэса Вольга Сакалова, аздобіўшы выступленне фотаздымкамі з выявамі родных сэрцу мясцін, прачытала вершы пра сваю родную вёсачку на Гомельшчыне Азарычы. Лідзія Шагойка згадала знакамітыя імёны паэтаў Лагойшчыны і роднай ей Магілёўшчыны. Загадчыца сталічнай бібліятэкі No 7 Людміла Яўгенаўна Каляда падзялілася цікавымі напрацоўкамі і адзначыла сумесныя літаратурныя праекты з Мінскім гарадскім аддзяленем СПБ «Паэтычны аўторак», «Літаратурныя сезоны».

Паэтэса Святлана Быкава звярнулася да роднага Заслаўя, да адвечнай тэмы кахання. Вядучая і арганізатар «Літаратурнага падарожжа» паэтэса Іна Фралова прызналася, што мясціны, дзе прайшло маленства, менавіта для яе — гэта пачатак усяго, «пачатак неба». Згадала літаратурную падзею на сваёй роднай Вілейшчыне — фэст «Светлае слова», адкрыццё сумеснай выстаўкі з фотамастаком Віктарам Суглобам у Вілейскім эстэтычным цэнтры, бібліятэцы імя Ганны Новік, Ільянскай школе.

Акрамя свежых кніг выступоўцаў, чытачы бібліятэкі атрымалі ў падарунак яшчэ і навінкі сучасных аўтараў, якія падрыхтавалі Мінскае гарадское і абласное аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх — асобнікі Міхася Пазнякова, Віктара Шніпа, Міколы Шабовіча.

Далей курс «Літаратурнае падарожжа» трымала на Лагойск, дзе творчая дэлегацыя наведала персанальную выстаўку Сяргея Давідовіча, пісьменніка, мастака і ганаровага жыхара Лагойска і Мінскай вобласці. Зразумелыя кожнаму тэмы і героі работ Сяргея Фёдаравіча кранулі сэрцы гасцей, і як вынік, у знак удзячнасці ў сценах галерыі атрымалася невялікая паэтычная імпрэза. З дапамогай Сяргея Фёдаравіча госці наведалі месца, дзе размяшчалася сядзіба Ядвігіна Ш. Высокая гара, якую яшчэ маляваў Язэп Драздовіч, волат-дуб, пад якім маглі ладзіцца сустрэчы з тады паэтам-пачаткоўцам Янкам Купалам, сарамлівая крынічка і пасаджаная гаспадаром ліпавая алея — усё гэта захоўвала дух таго часу...

Ганна СТАРАДУБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».