Вы тут

Пяць рэчаў, на якія ідзе неапраўдана шмат грошай


Калі мы задумваемся аб фінансах, то часцей за ўсё ацэньваем свой дабрабыт зыходзячы з магчымасці часта здзяйсняць буйныя пакупкі. Аднак з часам нават дробныя затраты ператвараюцца ў істотныя выдаткі. З дапамогай сертыфікаваных спецыялістаў па фінансавым планаванні мы падабралі пяць рэчаў, на якія ідзе неапраўдана шмат грошай.


Другая аднолькавая кофтачка

Я б гэтую манію купляць з зайздросным пастаянствам падобныя ці абсалютна аднолькавыя рэчы назваў бы «дублікацызмам». Людзі часта трацяць грошы на тое, што ўжо ёсць у доме. Гэта адбываецца з-за неарганізаванасці, прычым праблема датычыцца самых розных рэчаў: ад прадуктаў да адзення. Эксперты раяць перад паходам у краму правяраць змесціва шаф і халадзільніка. А часам праверыць не перашкодзіць і аператыўную памяць уласнага «кацялка». Напрыклад, мая жонка абавязкова раз на тры ці шэсць месяцаў купляе бляшанку (ці дзве) печані траскі. Проста захацелася або тавар на зніжцы быў.

Салата, дзе прысутнічаюць гэтыя кансервы, вельмі пажыўная. Дапускаю, што нават карысная і неабходная, але... У нашай сям'і гэтая салата робіцца выключна на Новы год і на 23 лютага (не ведаю, па якой прычыне). У астатні час есці гэты далікатэс ніхто (у тым ліку і жонка) не жадае. У выніку ў нас ужо тры бляшанкі са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Мае суседзі днямі выкідалі ёмістасці з пратэрмінавай бытавой хіміяй. У суседавай жонкі свае «прусакі» ў галаве. А ў вас няма запасаў чагосьці вельмі патрэбнага? Так, на чорны дзень?..

Тавары па завышанай цане

Адзін і той жа тавар у розных крамах можа каштаваць даражэй або танней. Часам можна сэканоміць прыстойную суму, даведаўшыся цэны ў некалькіх пунктах продажу.

У нас у наваколлі, напрыклад, тры вялікія сеткавыя крамы. І кошты там, як і асартымент, істотна адрозніваюцца. Сёння рыба, крупы і напоі таннейшыя ў адной, затое ў другой, напрыклад, — акцыя на каву, чай і пячэнне. Трымаць гэта ўсё ў галаве — ніякіх мужчынскіх звілін не хопіць. Але. Важна, вядома, разумець, колькі каштуе ваш уласны час: магчыма, выдаткаваўшы на паход па пакупкі лішнюю гадзіну, вы сэканоміце грошы.

Знак «адкушанага» яблыка

Гэты запал купляць толькі тавары глыбока разрэкламаваных брэндаў называюць хваробай «адкушанага яблыка» (знак кампаніі Apple). Мой знаёмы не пераносіў на дух ніякую тэхнічную навінку, калі на ёй не стаяў вядомы лэйбл. А прадукты вядомых брэндаў каштуюць на парадак даражэй, па сутнасці, за такіх жа двайнікоў. Можна падумаць, што ў яго грошай куры не клююць. І не клююць, таму што сышлі грошыкі на куплю такога «супер».

Магчыма, вы атрымліваеце нейкую асалоду ад брэндаваных прадуктаў? Тым не менш важна зразумець, што ёсць таннейшыя альтэрнатывы, і ўспомніць пра фінансавыя прыярытэты — такія як выплата крэдытаў, — перш чым траціцца на любімыя маркі і прыгожыя ўпакоўкі.

Аднаразовыя рэчы ці амаль аднаразовыя

Да паразітаў, што з'ядаюць нашы грошы, эксперты прылічваюць рэчы, патрэбныя ненадоўга. Або яны набываюцца пад уздзеяннем эмацыянальнага імгненнага імпульсу.

Можна, напрыклад, адмовіцца ад аднаразовага посуду. Гэта лёгка. А яшчэ варта памятаць, што некаторыя рэчы праслужаць не занадта доўга —
і не траціць шмат грошай, скажам, на дзіцячыя прадметы адзення, цацкі і нават прадметы мініяцюрнай мэблі. Нейкія з іх можна знайсці па больш нізкай цане ў інтэрнэце, а нейкія ўвогуле арандаваць у знаёмых і сяброў. А то будзе, як у маёй знаёмай. Яна купіла сваёй паўгадовай дачушцы прыгожыя і дарагія валёнкі. Улетку купіла, а да зімы дзяўчынка з іх ужо вырасла, нават ні разу не абуўшы.

А яшчэ мой добры сусед днямі вынес з дома два мяшкі мяккіх цацак. Яго дачцэ стукнула 12, а тата да апошняга лічыў, што найлепшым падарункам малой будзе плюшавая кошка або такі ж сабачка.

Банкаўскія камісіі

Калі вы думаеце, што раз не бераце крэдытаў, то і банкам нічога не плаціце, то вы памыляецеся. Фінансавыя ўстановы ўсюды спрабуюць залезці нам у кішэню. Асобныя банкі бяруць плату за выпуск і штогадовае абслугоўванне картак, амаль усе — за зняцце грошай у чужых банкаматах, за карыстанне авердрафтам, за перавод грошай з карткі на картку. У год за ўсё гэта даводзіцца плаціць дзясяткі, а то і сотні рублёў.

Існуе шмат спосабаў пазбегнуць гэтых збораў: напрыклад, аформіць картку з бясплатным абслугоўваннем або выконваць мінімальныя патрабаванні, пры якіх за яе не трэба плаціць, пераводзіць грошы па рэквізітах рахунку або карыстацца сродкамі з крэдытнай карткі строга ў рамках ільготнага перыяду.

У тэму:

Упакоўку лепш не выкідаць, бо тавар могуць не прыняць назад

У нашай краіне распрацавалі змены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Ужо 23 снежня гэтага года ў сілу ўступае новая рэдакцыя закона. Усяго ў яго ўнесены 32 папраўкі. У міністэрстве расказалі, якія змены чакаюць пакупнікоў.

Так, пакупнік зможа забраць грошы за вернуты тавар без прадстаўлення пашпарта або іншага дакумента. Зараз для вяртання нярэдка патрабуюць дакумент. Пры гэтым вяртаць тавары трэба будзе з упакоўкай, у якой ён быў набыты. Інакш у краме могуць адмовіцца прыняць яго назад. Магазінам забароняць устанаўліваць розныя цэны і тарыфы на адзін і той жа тавар з-за формы аплаты — наяўнай або безнаяўнай.

Гарантыйны рамонт можа зацягнуцца, а за захоўванне тавару ў майстэрні будуць браць грошы. Зменамі таксама прадугледжана, што тэрмін гарантыйнага бясплатнага рамонту могуць павялічыць з 14 да 30 дзён.

— Папраўка абумоўлена выпадкамі аб'ектыўнай неабходнасці ўстанаўлення больш працяглых тэрмінаў рамонту, напрыклад у сувязі з дазаказам камплектуючых, запасных частак, патрабаваннямі аб ажыццяўленні рамонту на вытворчым абсталяванні вытворцы або яго ўпаўнаважаных асоб, размешчаных на адлегласці.

Пры гэтым уводзіцца абавязак рамонтных арганізацый рабіць праверку якасці дастаўленага ім прадаўцамі тавару на працягу трох дзён. Гэта вырашылі ўвесці для «забеспячэння своечасовага выканання законных патрабаванняў спажыўца». Пры гэтым рамонтныя майстэрні змогуць спаганяць грошы за захоўванне тавару, які працяглы час не забіраюць.

Каб і прачытаць можна было

Крамы, якія прадаюць тавары дыстанцыйна праз рэкламу або іншыя інфармацыйныя крыніцы, у тым ліку праз інтэрнэт, абавяжуць паказваць у гэтых крыніцах цану прадукту вызначаным шрыфтам. Яго памер павінен быць не меншы за палову найбольшага памеру шрыфту, які змяшчаецца ў апісанні.

— Гэта дазволіць зрабіць інфармацыю чытэльнай для спажыўцоў і знізіць колькасць выпадкаў увядзення іх у зман адносна кошту пакупкі, — дадаюць у міністэрстве.

Абавязковай інфармацыі аб тавары на ўпакоўцы будзе больш

Некаторыя змены датычацца мовы, на якой прыведзена інфармацыя аб тавары. «У законе ўлічана прапанова аб давядзенні інфармацыі «на беларускай і (або) рускай мовах» замест замацаванай сёння альтэрнатывы — «на беларускай або рускай мове», — адзначаюць у ведамстве.

Зменамі таксама аптымізавалі патрабаванні да інфармацыі пра тавары і паслугі. Так, закон дапоўнены нормамі аб тым, што да спажыўца павінна даводзіцца інфармацыя:

— пра краіну паходжання тавару, калі адрас вытворцы і краіна паходжання не супадаюць;

— пра клас энергаэфектыўнасці тавараў (па пераліку, прадугледжаным заканадаўствам і тэхнічнымі рэгламентамі). Напрыклад, у маркіроўцы халадзільнікаў, пральных і пасудамыечных машын павінна змяшчацца ўказанне на клас энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Пяць «зладзеяў», якія забіраюць вашыя кроўныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».