Вы тут

Ніткай матчынай песні


Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць... Радкі прызнання даўно сталі класікай, і мы не задумваемся над іх сэнсам. А між тым што значыць любіць Радзіму? Толькі без пафасу і гучных слоў... Што агульнага ў любові да роднага краю і да чалавека?


Калі мы гаворым, што любім кагосьці, гэта значыць, мы зачараваныя яго прыгажосцю — унутранай і знешняй, нам хораша з чалавекам. То-бок, мы ведаем, што ён — памяркоўны, чулы, уважлівы, добры... Мы ведаем яго. Мусіць, тое ж і з радзімай — мы ведаем яе гісторыю, культуру, геаграфію. Спачатку яна маленькая: горад ці вёска, дзе нарадзіўся. Потым межы пашыраюцца, адкрываюцца новыя далягляды. І новыя веды, таямніцы. Вывучаць можна ўсё жыццё. Уладзімір Караткевіч, напрыклад, уздоўж і ўпоперак аб’ездзіў усю Беларусь.

З мэтай набліжэння да таямніц роднай зямлі для маладых літаратараў Саюзам пісьменнікаў Беларусі была арганізавана пазнавальная вандроўка ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. Гэты край даў нашай літаратуры выбітных творцаў: Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Тамаша Зана, Уладзіміра Сыракомлю, Вольгу Іпатаву, Яна Булгака, Рамана Тармолу...

— Кужэльная нітка, якую прала маці, спяваючы калыханку сваёй малечы, навівалася на верацяно, а нітка матчынай песні — на сэрца дзіцяці. З таго часу кожны з іх размотваў нітку матчынай любові і песні са свайго сэрца, баючыся яе парваць... — разважаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт філалагічнага факультэта БДУ Уладзімір Навумовіч пра лёс слынных філаматаў і філарэтаў падчас семінара маладых літаратараў.

Асноўным пунктам вандроўкі была этнавёска Белыя Лугі. Намаганнямі аматараў і этнографаў тут створаны турыстычны агракомплекс, дзе праз знаёмства з прадметамі беларускага побыту, прыладамі працы, рамеснымі вырабамі можна больш даведацца пра жыццё мінулых пакаленняў. Лазні, карчма, звычайныя сялянскія хаты — усё было адбудавана з захаваннем аўтэнтычнасці: і абналічкі, і зашыўкі, і падлога, і вокны з аканіцамі. Аднавілі тое, што не ўдалося захаваць: мэблю, начынне, тэкстыль. У кожнай хаце маецца тыповы антураж: печ, фотаздымкі, абразы, дыванкі, куфры з роспісамі майстроў.

Падчас паэтычнага турніру маладых літаратараў, што прайшоў у вёсцы, прагучалі пераклады на беларускую мову сусветна вядомых класікаў, а таксама вершы Кацярыны Стройлавай, Максіма Кішчанкі, Алены Басікірскай, Бажэны Мацюк. Перад прысутнімі выступілі пісьменнікі Мікола Чарняўскі, Анатоль Зэкаў, Іван Юркін, прадстаўнікі рэдакцый часопісаў «Полымя» і «Маладосць», Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, краязнаўцы. Салістка хору Белдзяржуніверсітэта «Родніца» Людміла Навумовіч выканала народныя песні.

...Калісьці рабілі першыя спробы ў літаратуры Ян Чачот, Уладзімір Сыракомля, Янка Брыль... Іх жывіла творчая энергія Бацькаўшчыны. З тых часоў жыватворныя крыніцы роднай зямлі не зніклі. Яны па-ранейшаму выпраменьваюць святло...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?