Вы тут

Дрэвы Багушэвіча


Ці добра мы ведаем сваіх класікаў? Іх постаці, асветленыя промнямі славы, застаюцца забранзавелымі між старонак хрэстаматый. А калісьці ж яны былі звычайнымі людзьмі, чымсьці займаліся, нешта рабілі ў перапынках паміж напісаннем неўміручых твораў... Падчас вандроўкі ў Кушляны, зладжанай Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна са Смаргонскім раённым выканаўчым камітэтам, адбыліся цікавыя экскурсіі па сядзібе-музеі Францішка Багушэвіча. У рэчах, якімі ён карыстаўся, стаілася гісторыя, гатовая сведчыць пра свайго гаспадара, пра час, у якім ён жыў. Асоба першага нацыянальнага паэта адкрылася ў нязвыклым ракурсе...


З фондаў музея-сядзібы Францішка Багушэвіча. Шкаплеры, абраз і чахол для яго з мошчамі святых. Зроблена ў турме Ганнай Багушэвіч.

...Невялікі драўляны будынак у атачэнні векавых дрэў. Ліпы, клёны, лістоўніцы, вязы (адзін з іх, па ўспамінах Язэпа Драздовіча, пасадзіў сам Францішак). Маёнтак Кушляны належаў Багушэвічам з 1749 года, калі яго набылі. Ён шмат што можа распавесці пра свайго гаспадара — хоць і рэстаўраваўся, але прайшоў выпрабаванне часам. У музеі, які займае амаль усё ўнутранае памяшканне, шэсць пакояў — як і пры жыцці Францішка. .

..Зацяты выгляд, вялізная барада, за якой амаль не разгледзець твару. І вершы пра няшчаснага мужыка і паганага пана — такім запомніўся са школьнага падручніка Багушэвіч. Першы нацыянальны паэт... Першы сярод шляхты, хто ў літаратуры назваў сябе беларусам.

 Між тым сам Францішак паходзіў з паноў. Продкі яго маці належалі да знакамітага роду, які даў нашай гісторыі Канстанціна Астрожскага. У Францішка было ўсё: адукацыя, дабрабыт, прэстыжная пасада. Чаго ж яму не ставала, што штурхала абараняць просты люд?.. У пакоі, які служыў Францішку працоўным кабінетам, ля акна — элегантны пісьмовы стол, за якім працаваў паэт, збоку на стале — прыгожая скарбонка на самы вытанчаны густ, побач — утульныя крэслы. Сцяну ўпрыгожваюць партрэты бацькоў работы Міхала Андрыёлі (мастак еўрапейскай славы быў сябрам сям’і).

— Тыповыя прадстаўнікі нашай шляхты былі далёка не такімі высокамаральнымі і гуманнымі, якімі з’яўляліся Багушэвічы, — разважае загадчык музея-сядзібы Францішка Багушэвіча і даследчык творчасці паэта Алесь Жамойцін. — У Вільні нават існавала тайная арганізацыя «кінжальшчыкаў» пад кіраўніцтвам Уладзіслава Малахоўскага — для змагання з тымі, хто меў ярка выражаную антынародную пазіцыю. Гэта быў час прыгону — сяляне належалі гаспадарам. Некаторыя шляхціцы здзекваліся са сваіх людзей самымі вычварнымі спосабамі — да такіх маглі прымяняцца жорсткія метады знішчэння, асабліва падчас паўстання. Гэта было перакананне Каліноўскага. На такіх перакананнях быў выхаваны і Францішак.

У Віленскай гімназіі, дзе вучыўся Багушэвіч, існавала падпольная арганізацыя для падрыхтоўкі паўстання — «Братні саюз моладзі». Задачы ставіла амбіцыйныя: праз 2-3 пакаленні ў саюзе з палякамі, украінцамі і рускімі ўзняць паўстанне супраць самадзяржаўя і пабудаваць свабодныя еўрапейскія дзяржавы. У сценах навучальнай установы лунаў дух беларускага Адраджэння. Юны Францішак з моманту паступлення — з 12 гадоў — у нацыянальна-вызваленчым руху.

Усяго два месяцы пакаштаваў Францішак студэнцкага жыцця ў Пецярбургскім універсітэце, куды паступіў на фізіка-матэматычны факультэт пасля сканчэння гімназіі, — і раптам піша заяву на адлічэнне... У чым справа? Ішоў 1861 год... Кіраўніцтва «Саюза» адклікала сваіх удзельнікаў з універсітэтаў і ваенных карпусоў для падрыхтоўкі паўстання і ўдзелу ў ім. Сотні студэнтаў вярталіся на радзіму...

З канца XVIII стагоддзя паўстанні выбухалі адно за адным, цяпер надышоў час Каліноўскага... У 1863 — 1864 гг. Францішак змагаўся ў атрадзе Людвіка Нарбута, дзе было каля 300 байцоў, 150 з іх былі ўзброены штуцэрамі. Кадравы афіцэр Нарбут, прайшоўшы Каўказ, ведаў усю тактыку партызанскага бою. Калі б па віне здрадніка атрад не загналі ў балота, ён мог бы пераарганізавацца ў магутнае войска. Брат Францішка Валяр’ян таксама змагаўся ў баявым атрадзе. Бацька з маці год правялі ў турмах — за дапамогу паўстанцам. Удзельніцай паўстання была і сястра паэта Ганна — падчас турэмнага зняволення яна сваімі рукамі вырабляла рэчы рэлігійнага прызначэння: чахлы для абразкоў, медальёны, шкаплеры. Цяпер гэтыя рэчы, перададзеныя нашчадкамі Ганны, упрыгожваюць адну з вітрын. І на суседняй сцяне — паўстанцкая каса, пераробленая ў зброю (ад якой паходзіць назва войска «касінеры») і шабля пад паўстанцкім сцягам.

Ля музея-сядзібы Францішка Багушэвіча.

Пасля паўстання, хаваючыся ад пераследу, Валяр’ян Багушэвіч уцёк на тэрыторыю сучаснай Германіі, а Францішак — ва Украіну, дзе ў 1865 годзе скончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Падчас вучобы зарабляў на жыццё рэпетытарствам: навучанне было платнае, і Францішку, за якім цягнуўся след судовай справы, адмовілі ў вызваленні ад платы. Пасля працаваў судовым следчым, аператыўнікам, прычым паспяховым, бо яго начальнік неаднаразова пісаў службовыя запіскі, прапануючы павысіць па службе падначаленага, але адказ чыноўнікаў заўжды быў «адмовіць».

У творчасці Францішак свядома абірае публіцыстычны стыль — ён прайшоў баявыя дзеянні і не меў схільнасці да сантыментаў. Мэта была ранейшая — дапамагчы свайму народу. У бацькі Багушэвіча было 32 душы сялян — ён даў ім волю з надзеламі без выкупу. Так зрабілі Нарбуты і яшчэ лічаныя адзінкі. Францішак вярнуўся ў радавую сядзібу, у Кушляны. Вёў судовыя справы з сялянамі па-беларуску, на што ў той час патрабавалася пэўная адвага.

...Пры рэстаўрацыі сядзібы пад падлогай у дзіцячым пакоі была знойдзена закладка для кніг. Справа ў тым, што дом Багушэвічаў быў перавалачным пунктам для нелегальнай перапраўкі забароненай літаратуры — Францішак да канца жыцця заставаўся канспіратарам. Невыпадкова яго зборнік «Дудка беларуская» выдадзены пад псеўданімам Мацей Бурачок. На другім зборніку, «Смык беларускі», значыцца: Сымон Рэўка з-пад Барысава (у стылі Кастуся Каліноўскага). Багушэвіч і тут рызыкаваць не стаў (яшчэ і напрамак «падказаў» царскім жандармам: маўляў, пад Барысавым пашукайце, падалей ад Кушлянаў...) Бо ніводзін народ пры царскай уладзе не меў права друкаваць кнігі на нацыянальных мовах (усё выходзіла па-руску). За парушэнне забароны маглі канфіскаваць маёмасць, забраць шляхецтва і выслаць у Сібір. А як Багушэвіч змог бы працягваць дзейнасць, не маючы сродкаў?

З 1891 па 1930 было выдадзена 19 тыражоў зборнікаў Багушэвіча. Лацінкаю — 18 і адзін тыраж — кірыліцай. Яны мелі неацэннае значэнне для нашай культуры. Напрыклад, патрапілася кніжка хлопцу Івану Луцэвічу — сябар прапанаваў, экспедытар паўстання Зыгмунт Чаховіч, які меў багатую бібліятэку ў жончыным маёнтку, дзе адбываў пакаранне пасля паразы паўстання. І так запала Івану ў душу ідэя, што захацеў ён служыць свайму народу, а не іншаму. Вось так наш будучы Янка Купала атрымаў магутны штуршок для творчасці. Тое ж можна сказаць і пра Коласа, і пра Цётку, і пра шмат іншых юных талентаў, якія межавалі ў вызначэнні: хто я — паляк, рускі ці беларус?

...Сяброўка паэта Эліза Ажэшка высока цаніла яго творчасць, прэзентавала гарадзенскай грамадскасці як беларускага пісьменніка.

— Вершы Францішка Багушэвіча актуальныя і сёння, бо ў іх — зрэз моўнага пласта цэнтральнай крэўскай гаворкі — то-бок, закладзены код сапраўднай аўтэнтычнай мовы, яе граматычны, стылістычны і лексічны склад, а таксама фальклор, — перакананы Алесь Жамойцін.

...Стаць бліжэй да свабоды хаця б на ўзровень уласных магіл. Калі не мы, дык нашы наступнікі... Альбо іх наступнікі... — так можна вызначыць ментальны складнік асяроддзя, у якім выхоўваўся Багушэвіч. Смеласць, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне... Дзякуючы парасткам, што з’явіліся ў канцы XVIII — ХІХ стагоддзяў (і істотная роля ў тым Францішка Багушэвіча), цяпер Беларусь — ёсць. І кожны можа завітаць на сядзібу Багушэвіча. Хаця б у думках падзякаваць за ўсё, што ён зрабіў...

Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара і Алы КЛЕМЯНОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.