Вы тут

Рэтраспектыва-медытацыя


Адлюстраванне жыцця праз фарбы і сюжэты, разважанне над лёсам праз пошук ліній, фарміраванне будучыні ў дэталях... Менавіта так пабудаваны новы праект знакамітага беларускага мастака, лідара і заснавальніка творчага аб’яднання «Арцель» Рыгора Несцерава «На шляху да абсалюту», што дэманструецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.


Па сутнасці, выстаўка ўяўляе сабой рэтраспектыву творчасці аўтара. Прадстаўлена каля сямідзесяці жывапісных твораў. Складаецца праект з трох частак. У першы блок уваходзяць работы авангарда шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў — праз іх аўтара пазнаць можна, але ж адрозненні ад цяперашняга перыяду істотныя. Па-першае, колеры больш насычаныя і рэзкія, па-другое, цяпер мастак больш засяроджваецца на філасофскім аспекце разважанняў. Другую частку складаюць творы васьмідзясятых гадоў, дзе адлюстравана прыняцце рэальнасці. Гэта самая маленькая калекцыя твораў мастака, але ж, па словах майстра, яна вельмі значная з пункту гледжання развіцця ўнутраных стасункаў з самім сабой. У апошнюю частку ўвайшлі творы перыяду ад аўстрыйскай выстаўкі — карціны новага тысячагоддзя. Тут прадстаўлены работы з цыкла «Рэінкарнацыя».

Жывапіс Рыгора Несцерава характарызуецца псіхалагічнай тонкасцю і глыбінёй. Асаблівае месца ў яго творах займае святло, якое мякка перацякае з аднаго стану ў іншы, яно ўвасабляе ідэі мастака. Вытанчана падабраныя адценні нават аднаго-двух колераў ствараюць чароўны настрой. Творца вядзе дыялог з гледачом праз мову адлюстравання эмоцый, уражанняў і пачуццяў.

— Падчас працы я ўвесь час спрабую зразумець, адкуль мы ідзём і куды. І нават напісаў пра гэта кнігу «Гадзіннік гісторыі. Рытмы сусветнай культуры», якая тры гады таму была выдадзена ў Канадзе, — расказвае Рыгор Несцераў. — Мая задача як жывапісца — з хаатычнай заблытанасці чалавечага жыцця стварыць гармонію, паглыбіць і самога сябе, і гледача ў дасканалы свет, пераадолець раз'яднанасць, звязаць людзей агульнымі пачуццямі, галоўнае з якіх — адказнасць. Сёння мы часта занятыя рэчамі, якія літаральна крадуць нашу энергію, мы стамляемся. А душа патрабуе лёгкасці, спакою. Таму я імкнуся звярнуць увагу не на дробязі, а на вечнае.

Мастак упэўнены, што ў пагоні за ажыццяўленнем прымітыўных жаданняў у нашым грамадстве былі страчаныя такія паняцці, як высакароднасць, сумленнасць, прыстойнасць. Акрамя таго, знікла тонкасць у адносінах да жыцця. Ён сцвярджае: народу патрэбны новы ідэал, праз які прыйдзе адчуванне гармоніі да кожнага чалавека і ў кожны дом. Менавіта пошукам такога ідэалу Рыгор Несцераў займаецца апошні час. Ён не шукае новыя стылі ці мудрагелістыя тэмы, а, наадварот, з дапамогай прастаты і лёгкасці працягвае мастацкае даследаванне рэчаіснасці.

Яркая індывідуальнасць, моцная асоба, жывапісец з філасофскай сутнасцю, тонкі каларыст... Менавіта так на адкрыцці праекта ахарактарызаваў Рыгора Несцерава старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. Ён адзначыў: творчасць гэтага мастака — не што іншае, як магія, якая сыходзіць з душы самога творцы. Рыгор Сямёнавіч упэўнены: творы Рыгора Несцерава — гэта гісторыя нашага часу, адлюстраванне эвалюцыйных працэсаў і пошук сродкаў для іх працягу.

— Для мяне мастацтва — своеасаблівая медытацыя, вынік сутыкнення з рэальнасцю, — дзеліцца думкамі Рыгор Несцераў. — Галоўныя героі — пачуцці, эмоцыі, адчуванні, праз якія з'яўляецца свет ці абсалют. Пры гэтым абсалют для мяне не галоўнае паняцце. Дакранаючыся да рэальнасці ў любым пункце, я адчуваю абсалютнае, вечнае і бясконцае, грандыёзнасць, гармонію і прыгажосць цэлага, да якога мы імкнёмся. Пры ўсёй неабсяжнасці і велічы адлюстраванай тэмы вельмі важныя сумленнасць і педантычнасць мастака, тонкасць і дакладнасць, праўда ў перадачы пачуццяў і эмоцый. А гэтага немагчыма дасягнуць без працы і майстэрства, без досведу жыцця ўласнага і культуры папярэдніх пакаленняў.

Рыгор Несцераў не толькі мастак, але і тэарэтык мастацтва, культуролаг. За яго плячыма — больш за пяцьдзясят гадоў прафесійнага актыўнага жыцця ў мастацтве, досведам якога ён дзеліцца цяпер з намі. Майстар не збіраецца спыняцца. У яго яшчэ шмат новых творчых ідэй і задум. Сёння (22 чэрвеня) Рыгор Несцераў запрашае на сустрэчу з ім у галерэі а 18 гадзіне, у межах якой адбудзецца канцэрт вядомага бельгійскага піяніста беларускага паходжання Цімура Сергіені. У праграме прагучаць творы Фрыдэрыка Шапэна.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».