Вы тут

Хто сочыць за добраўпарадкаваннем прыватнага сектара


Усе мы не раз чулі выраз «мой дом — мая крэпасць». Прычым многія ўспрымаюць значэнне гэтай фразы занадта літаральна: маўляў, раз крэпасць, значыць, на сваёй тэрыторыі я магу рабіць абсалютна ўсё, што душа пажадае. Але ж мы жывём у цывілізаваным грамадстве, у якім існуюць нормы, у тым ліку і добраўпарадкавання прыватных участкаў. Як аказалася, іх даволі шмат. Пра тое, якія правілы трэба выконваць, калі вам пашчасціла жыць у сваім доміку ў сталіцы, мы даведаліся падчас штотыднёвага аб'езду тэрыторый з камунальнымі службамі.


Камень спатыкнення

На тэрыторыі Заводскага раёна горада Мінска размешчана 3620 прыватных домаўладанняў. Досыць вялікая лічба, улічваючы, што нямала дамоў было знесена за апошнія гады. Уплывае на добраўпарадкаванне раёна і новы генеральны план, праўда, калі раней тэрмінам зносу называлі 2020 год, то зараз яго адсоўваюць да 2023-га. Гэта істотна ўскладняе ўзаемадзеянне з мясцовымі жыхарамі. Яны ўжо даўно «сядзяць на чамаданах», таму асабліва акультурваць дамы, якія ўсё роўна пойдуць пад знос, не імкнуцца. У той час як нормы добраўпарадкавання для ўсіх аднолькавыя.

Сёння ў плане ў камісіі, якая складаецца з прадстаўнікоў аддзела гарадской гаспадаркі раённай адміністрацыі, аддзела па прыватных домаўладаннях ЖРЭА, санстанцыі і пажарнай службы, аб'езд Малога Трасцянца. Раней тут была вёска, тэрыторыя ўвайшла ў склад Мінска толькі ў 80-х. Мікрараён знаходзіцца ўбаку ад транспартных артэрый — вуліцы, размешчаныя ўздоўж іх, спецыялісты называюць каркаснымі, аднак патрабаванні да мясцовых жыхароў ад гэтага не менш строгія. Па словах начальніка аддзела па прыватных домаўладаннях ДУП «Жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае аб'яднанне Заводскага раёна г. Мінска» Жанны ТУМІЛОВІЧ, часцей за ўсё ўзнікаюць пытанні, звязаныя з афарбоўкай і заменай агароджаў, рамонтам і афарбоўкай фасадаў дамоў, самавольным будаўніцтвам або парушэннем праектнай дакументацыі, у сезон — з пакосам травы. І калі па вышыні агароджы або памерах і размяшчэнні пабудоў ёсць выразныя нормы, то недагледжанасць вызначаецца амаль інстынктыўна: гэта калі эстэтычны складнік дакладна можна назваць парушаным. Даводзіцца змагацца камунальным службам і з «сіндромам Плюшкіна», калі ўчастак захламляюць настолькі, што гэта можа ўяўляць небяспеку. А вось тэндэнцыю спальвання смецця ўжо практычна ўдалося перамагчы: гараджане нарэшце зразумелі, што на маленькіх участках гэта недапушчальна. Але адзін «трэнд» застаецца нязменным: бясконцыя спрэчкі паміж саўладальнікамі дамоў, а таксама паміж гаспадарамі сумежных участкаў. Прычым да вырашэння спрэчных пытанняў мінчане спрабуюць заклікаць гарадскія службы, хоць большасць з іх павінна абмяркоўвацца проста падчас спакойнай асабістай гутаркі.

Свая праўда

Каля аднаго з такіх дамоў мы і праязджаем. Сутнасць спрэчкі: адзін саўладальнік не дае другому дазволу на рэканструкцыю, у выніку знешні выгляд дома вымушае жадаць лепшага. Сітуацыя нават дайшла да суда, але «праціўнік» у залу так і не з'явіўся... Яшчэ адзін выпадак. У двары размешчаны аб'ект самавольнага будаўніцтва: гараж узвялі ў 1986 годзе. Хацелі тады ж зарэгістраваць, але саўладальнік ўчастка не даў згоды. Зараз гэтая праблема вырашылася, але ёсць іншая: адлегласць ад сцяны збудавання да суседняга ўчастка меншая за метр. Тут два варыянты развіцця падзей: альбо сусед пацвердзіць, што ён не пярэчыць, альбо гараж пойдзе пад знос. І, мяркуючы па ўсім, чакаецца менавіта другі варыянт.

Але і тут не ўсё проста. Камунальнікі выпісваюць прадпісанне, і ўладальнік можа альбо сам разабраць збудаванне (з бонусаў — захаваны будаўнічы матэрыял), альбо гэта зробіць служба, але з пакрыццём выдаткаў за кошт гаспадара. Праўда, загваздка ў тым, што на прыватную тэрыторыю, калі няма пагрозы жыцця, староннія могуць трапіць толькі з дазволу. У падобнай сітуацыі адзін мінчанін тры гады не дапускаў спецыялістаў да сябе ў двор, справа вырашылася праз суд — будынак знесены. Так што тым, хто спрабуе абараніць сваю праўду, грунтуючыся толькі на ўласнай упартасці, варта пашкадаваць нервы: так ці інакш парушэнні ўсё роўна будуць ліквідаваныя.

Але не варта думаць, што гарадскія службы не ідуць мясцовым жыхарам насустрач. У кожным асобна ўзятым выпадку ўлічваюцца ўсе жыццёвыя абставіны.

Тэрмін дзеяння прадпісання залежыць ад тыпу работ. Напрыклад, на афарбоўку фасада або замену агароджы даецца ў сярэднім 2-3 месяцы. А калі людзі кажуць, што змогуць прыступіць да работ падчас адпачынку ці збіраюць сродкі на сайдынг, таму пакуль не фарбуюць дом, тэрмін працягваецца.

— Наша мэта не пакараць, а прывучыць да адказнасці за ўласнае месца жыхарства, — кажа Жанна Туміловіч.

«Я мастак, я так бачу»

Безгаспадарных дамоў на тэрыторыі раёна цяпер няма, а вось участкі, якія ніхто не даглядае, на жаль, ёсць. Але ў хуткім часе Указ Прэзідэнта № 100 аб старых і пустуючых дамах распаўсюдзіць сваё дзеянне на горад Мінск. Тады будзе складзены рэестр такіх дамоў — большасць з іх, як правіла, засталіся пакінутымі пасля пажару — і прынята рашэнне, як далей з імі быць. Таму што ўгаворы спрацоўваюць не заўсёды.

Наогул тое, наколькі добра спецыялісты ведаюць мясцовых жыхароў, прыемна здзіўляе. Пакуль мы праязджаем па вуліцах, яны паміж сабой абмяркоўваюць, хто сёлета якія работы пачаў на ўчастку і як выконваюцца загады, дэманструючы веданне «гісторыі» літаральна кожнага дома.

Вы ведалі, напрыклад, што трэба ўзгадняць са службамі абсалютна ўсе пабудовы? Выключэнне складаюць толькі некапітальныя збудаванні, якія не маюць прывязкі да зямлі. Гэта значыць, калі вы хочаце купіць гатовую альтанку ў краме — калі ласка, а вось калі плануеце ўзвесці яе на падмурку самастойна — будзьце ласкавыя, звярнуцца па дазвол.

Дызайн і расфарбоўку агароджы, як і колер фарбы для фасада дома, таксама трэба ўзгадняць. У ідэале вуліца павінна выглядаць як адзіная архітэктурна вывераная кампазіцыя, але на справе гэта магчыма толькі тады, калі будаўніцтва ўсіх дамоў пачнецца адначасова. Як доказ гэтай тэорыі — ярка-лімонны дом, які вылучаецца на фоне значна больш стрыманых суседскіх пабудоў. «Тут у нас жыве гаспадар — творчая асоба. Паглядзіце, як шмат у двары розных упрыгажэнняў. І яму не дакажаш, што колер зусім не ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе. Адказ адзін — я мастак, я так бачу», — усміхаецца Жанна Туміловіч.

Акрамя таго, спецыяліст падкрэслівае, што тым, хто яшчэ толькі задумваецца аб куплі жылля ў прыватным сектары, варта ведаць: рамонтныя работы тут прыйдзецца праводзіць штогод, такая спецыфіка. Затое ў адрозненне ад кватэры ў шматпавярховіку свой дом у большай ступені зможа адпавядаць паняццям і сямейнага гнязда, і сапраўднай крэпасці...

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Не сам сабе рэжысёр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».