Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Японца аштрафавалі за раннія адыходы з працы.

Японскага дзяржслужачага пакаралі за сістэматычны выхад на абед на тры хвіліны раней за вызначанае, піша The Guardіan.

64‑гадовы супрацоўнік арганізацыі ў горадзе Кобэ 26 разоў за сем месяцаў выходзіў раней, чым трэба, каб купіць ежы ў рэстаране побач з офісам. Даведаўшыся пра гэта, работадаўцы аштрафавалі мужчыну і зрабілі яму вымову. Пасля гэтага кіраўніцтва склікала прэс-канферэнцыю і папрасіла прабачэння за работніка, назваўшы яго паводзіны вельмі сумнымі. Аб супрацьпраўных дзеяннях мужчыны стала вядома, калі адзін з начальнікаў заўважыў яго ў акно. У выніку кіраўніцтва дакладна падлічыла, колькі часу той адсутнічаў на рабочым месцы, і пазбавіла яго заробку за палову дня.

Як растлумачыў калега мужчыны, перапынак на абед пачынаецца роўна ў 13.00, а супрацоўнік ішоў з месца раней. Такім чынам ён парушыў закон аб дзяржслужбе, які патрабуе ад чыноўнікаў засяродзіцца на сваёй працы. Мужчына растлумачыў, што пакідаў офіс крыху раней з‑за змены абстаноўкі.

У сацсетках пачалася кампанія ў абарону мужчыны. Карыстальнікі падлічылі, што ён у сярэднім выходзіў крыху раней усяго адзін раз на тыдзень. Іншыя адзначылі, што ў такім выпадку закон павінен распаўсюджвацца на людзей, якія ў працоўныя гадзіны ходзяць курыць або ў прыбіральню. The Guardіan піша, што нядаўна ў Кобэ іншага дзяржслужачага адхілілі ад пасады за падобную правіннасць. Высветлілася, што за паўгода ён адсутнічаў на працы 55 гадзін.

У маі парламент Японіі ўхваліў законапраект, згодна з якім работы звышурочна чалавеку забараняюцца, калі яны ўжо перавысілі 100 гадзін у месяц. Гэта звязана з шматлікімі выпадкамі каросі — смерці ад перапрацоўкі. Звычайна іх прычынай становяцца інсульты і інфаркты проста ў офісе на фоне стрэсу і наймацнейшай стомленасці, аднак частка гэтых эпізодаў — самагубствы. Штогод рэгіструюцца сотні падобных выпадкаў, неафіцыйна лік ідзе на тысячы.


У Брытаніі наступіў піўны крызіс.

У Вялікабрытаніі паўстаў дэфіцыт дыяксіду вугляроду (вуглякіслы газ), які шырока ўжываецца ў харчовай прамысловасці, у тым ліку пры вырабе піва. Тэлеканал NBC назваў цяперашняе становішча ў краіне піўным крызісам.

Як тлумачыць Fіnancіal Tіmes, адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў пеннага напою ў каралеўстве — кампанія Booker — быў вымушаны крыху абмежаваць аб'ёмы прадукцыі 10 скрынямі піва, пяццю скрынямі сідру і безалкагольных напояў у адны рукі. У якасці адной з прычын такой сітуацыі спецыялісты называюць тэхнічныя цяжкасці, якія ўзніклі ў адзінай газавай кампаніі ў краіне. Акрамя таго, пяць вытворцаў вуглекіслаты ў Еўропе па традыцыі летам закрылі свае прадпрыемствы на тэхабслугоўванне.

Становішча пагаршаецца гарачым надвор'ем і чэмпіянатам свету па футболе, у якім удала выступае зборная Англіі. Брытанцы актыўна скупляюць піва, з‑за чаго ў барах і рэстаранах яго стала не хапаць.


Агрэсіўныя веганы атакуюць мяснікоў.

Французская федэрацыя мяснікоў звярнулася да ўрада з просьбай аб абароне іх крам ад ваяўнічых веганаў, паведамляе BBC News.

Кіраўнік федэрацыі Жан-Франсуа Гіярд заявіў, што такія нападзенні на іх крамы з'яўляюцца адной з формаў тэрарызму. «Гэты жах, які людзі імкнуцца пасеяць, мае толькі адну мэту: прымусіць знікнуць велізарны пласт французскай культуры. Веганы імкнуцца навязаць большасці людзей свой лад жыцця ці нават сваю ідэалогію», — сказаў ён.

Французскія мяснікі паскардзіліся, што з-за нападзенняў веганаў традыцыйная нацыянальная кухня, у якой шмат страў з мяса, знаходзіцца пад пагрозай. Яны расказалі, што за апошнія некалькі месяцаў ваяўнічыя веганы запырскалі падробленай крывёй каля 15 крам, а таксама пабілі камянямі вітрыны і пашкодзілі іх налепкамі і надпісамі з заклікамі адмовіцца ад мяса. Вегетарыянцы і веганы складаюць невялікі працэнт ад насельніцтва Францыі. Паводле статыстыкі, якую прыводзіць BBC News, у 2016 годзе каля 3 % французаў лічылі сябе вегетарыянцамі.

У канцы мая стала вядома, што з падобнымі пагрозамі ад вегетарыянцаў сутыкаліся і англійскія мяснікі. Яны атрымлівалі паведамленні з пагрозамі, а таксама шматлікія адмоўныя водгукі аб сваіх установах у інтэрнэце. На вітрынах лавак веганы пакінулі графіці: «Хопіць забіваць жывёл! Стань веганам!»


Поўныя кітаянкі бясплатна адпачылі.

Уладальнікі парку забаў Tang Paradіse ў кітайскім горадзе Сіянь прапанавалі жанчынам вагой больш за 61,8 кілаграма бясплатны ўваход, паведамляе BBC News.

Tang Paradіse — шырокі тэматычны парк з традыцыйнай архітэктурай дынастыі Тан. Конкурс грунтуецца на вазе знакамітай танскай наложніцы Ян Юйхуань, вядомай як адна з чатырох прыгажунь старажытнага Кітая. Выданне адзначае, што ў той час стандарты прыгажосці прадугледжвалі, што прывабная жанчына павінна быць трохі пухлай. Перад паркам арганізатары пабудавалі велізарныя вагі, а дзяўчаты павінны былі размясціцца на вялікай чары. Акцыя праводзілася пяць дзён, у кожны з іх былі даступныя толькі 618 бясплатных білетаў.

У выніку каля ўвахода збіраліся доўгія чэргі. «Ніколі не думала, што мая лішняя вага стане маёй перавагай», — адзначыла адна з наведвальніц, якая змагла займець бясплатны білет. Відэа, на якім захаваны працэс узважвання, паглядзелі больш за пяць мільёнаў карыстальнікаў. У каментарыях людзі разважаюць пра этычнасць падобных акцый. Некаторыя абурыліся тым, што ў конкурсе ўвага акцэнтавалася толькі на лішняй вазе жанчын, а не мужчын.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».