Вы тут

Мясцовая ініцыятыва стала штуршком да грамадскай актыўнасці жыхароў пасёлка


Формы работы дэпутатаў мясцовых Саветаў бываюць розныя. Найчасцей даводзіцца чуць, што галоўнай задачай народнага абранніка становіцца работа з насельніцтвам. Але ж дэпутат сельскага Савета не ладзіць прыёмы выбаршчыкаў, як парламентарый, — у яго няма такой патрэбы, бо ён бачыцца з выбаршчыкамі ледзь не кожны дзень. Тады што лічыць работай з насельніцтвам? Напэўна, канкрэтную справу, да якой здольны заахвоціць жыхароў народны абраннік і якую можа ўзначаліць сам. Калі дэпутацкая ідэя выліваецца ў пэўную карысную грамадскую справу — гэта ёсць вынік правільна пастаўленай работы з насельніцтвам. Так выйшла і ў невялічкім пасёлку Кобрынскага раёна з крыху дзіўнай назвай Птушкафабрыка.


Спачатку было слова. Дэпутата

Спачатку была ідэя дэпутата Батчынскага сельскага Савета Алы Сапяжынскай наконт гранта — а цяпер яна ператварылася... у цудоўную пляцоўку для адпачынку дзяцей і дарослых з арэлямі, батутам, спартыўнымі збудаваннямі. І гэта далёка не канец праекта, гавораць мясцовыя жыхары.

— А пачыналася ўсё з сельскага сходу, — згадвае старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана ГАНГАЛА. — На адным са сходаў жыхароў Птушкафабрыкі людзі настойліва прасілі, каб сельвыканкам абсталяваў хоць бы зусім невялікую дзіцячую пляцоўку: маўляў, нашы дзеці не маюць магчымасці нават у пяску пагуляць, не кажучы ўжо пра іншыя забавы. А чым яны горшыя за гарадскіх? Я тады падумала, што давядзецца паставіць дзве лаўкі, пясочніцу і тым абмежавацца. Бо на большае ў мясцовага органа ўлады проста грошай не было.

Але выступіла дэпутат Ала Сапяжынская, расказала пра кобрынскі клуб дзелавых жанчын «Бона», пра яго цікавыя справы і прапанавала праз гэтую грамадскую арганізацыю падаць заяўку на грант.

Сказана — зроблена. Ала Сяргееўна разам з паплечніцамі і сельвыканкамам аформіла дакументы, напісала пра сваё бачанне мясцовай ініцыятывы ў рамках праекта Tandem-ІІІ «Супрацоўніцтва для развіцця мясцовых таварыстваў і ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні» пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (ALDA) і асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі». Цяпер аб гэтым расказвае нават спецыяльная таблічка-шыльда. А тады да таблічкі было яшчэ далёка. Збіраліся разам, абмяркоўвалі, завадатарам агульнай справы стала стараста пасёлка Таццяна Камінская.

Робім для сябе

Па гранце атрымалі каля 4,5 тысячы еўра. За гэтыя сродкі купілі арэлі, каруселі, невялікі батут, некалькі лавак. Спачатку думалі абсталяваць дзіцячую пляцоўку літаральна ў некалькі дзясяткаў квадратных метраў, на большае не размахваліся. (Месца выбралі даўно — раней тут пастаянна пасвіліся козы.)

На будаўніцтва і абсталяванне месца адпачынку дзяцей сабраліся самыя актыўныя бацькі сямействаў. Многія прыйшлі сем'ямі, мужчыны ставілі і муравалі элементы канструкцый, жанчыны і дзеці фарбавалі, упрыгожвалі. Агароджу яшчэ не паставілі, як прыйшло разуменне, што пляцоўка мусіць быць большай: сюды трэба больш прыстасаванняў для актыўнага адпачынку дзяцей. Некаторыя энергічныя бацькі знайшлі будаўнічы матэрыял, было зроблена яшчэ некалькі лавак. Тут падключыліся іншыя дэпутаты сельскага Савета, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Яны дапамаглі з тэхнікай, бо патрабавалася падвозіць то пясок, то цэмент. А потым ідэі сталі нараджацца адна за адной: нешта падгледзелі ў горадзе, нешта знаходзілі ў інтэрнэце. Фарбавалі старыя шыны. Выраблялі сваімі рукамі малыя архітэктурныя формы, паступова паяўляліся сімпатычныя драўляныя грыбкі, фігуркі жывёл. Нехта прынёс старадаўні бабулін куфар, але не для ўпрыгажэння: туды склалі ўвесь дзіцячы пясочны інвентар — вёдры, граблі, лапаты, формы, каб не насіць «прылады» кожны раз з дому. Агульная цацачная маёмасць, дарэчы, знаходзіцца ў куфры ўжо год, і ніхто яе не забірае.

Ста­рас­та Тац­ця­на Ка­мін­ская.

Футбольнае поле і карабель

Але ж пакуль малыя гуляюць, дарослым таксама варта бавіць час з карысцю. Таму абсталявалі побач валейбольную пляцоўку, потым поле для міні-футбола, далей — поле для вялікага футбола. Знайшлі спонсараў і паставілі турнікі ды брусы для заняткаў гімнастыкай (на якіх, дарэчы, нават нягледзячы на дробны дождж, у дзень прыезду карэспандэнта займаліся падлеткі).

Урачыстае адкрыццё пляцоўкі адбылося год таму, 30 чэрвеня. Сабраўся ўвесь пасёлак, людзі не толькі віншавалі адзін аднаго з добрай падзеяй у жыцці населенага пункта — яны дзяліліся ідэямі, абмяркоўвалі, як развіваць далей інфраструктуру для адпачынку. Адзін з актыўных удзельнікаў будаўніцтва пляцоўкі Вадзім Главацкі прапанаваў надаць закончаны выгляд гэтаму грамадскаму цэнтру адпачынку і ўзвесці збудаванне, якое нагадвала б карабель. І знайшоў падтрымку. Людзі сабралі грошы, купілі драўніну, і зноў закіпела работа. Паступова з'явіліся барты, палуба, лесвіцы, штурвал. Сёння мала сказаць, што дзеці любяць гэты карабель, яны адсюль не вылазяць!

Стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та дэпутатаў Свят­ла­на Ган­га­ла і стар­шы­ня ра­ён­на­га Са­ве­та дэпутатаў Іван Даў­жук.

Грамадская адказнасць

Але ж адна справа зрабіць цудоўны і патрэбны аб'ект, іншая — яго захаваць. Вось тут і праявілася грамадская салідарнасць. Маёмасць агульная, усе сочаць за яе захаваннем і беражлівым карыстаннем.

— І не толькі дарослыя, а нават падлеткі звяртаюць увагу і робяць заўвагі, калі хто не вельмі правільна сябе паводзіць, — расказвае Святлана Гангала. — Проста прыемна бачыць, як мяняецца грамадская псіхалогія: з ранейшага «агульнае — значыць, нічыё» на сённяшняе «агульнае — значыць, маё, я за яго адказваю».

Стараста Таццяна Камінская расказала, як адна прыезджая дзяўчынка падышла да батута і спытала, колькі трэба заплаціць, каб паскакаць на ім. А мясцовыя хлапчукі не без гонару адказалі: «У нас усё бясплатна!» Дарэчы, за батутам таксама сочаць дарослыя. А дзеці ведаюць, што скакаць на ім трэба толькі па адным, бо ён невялікі. І прытрымліваюцца гэтага правіла. На зіму батут здымаюць, складваюць у гаражы аднаго з жыхароў.

Зноў за справу

А яшчэ, адзначыла старшыня сельскага Савета, узвядзенне і абсталяванне гэтай пляцоўкі паўплывала на агульную атмасферу жыцця ў пасёлку. Людзі лепш пазнаёміліся, пасябравалі, цяпер больш камунікуюць паміж сабой. На Новы год, не згаворваючыся, выйшлі сюды, каб павіншаваць адно аднаго са святам. Пляцоўка стала галоўным грамадскім цэнтрам. Тут, відаць, і вырашылі, што трэба ачысціць забалочаны ўчастак па вуліцы Новай і ператварыць яго ў культурны вадаём. Вопыт ёсць, так што вясной зноў узяліся за справу. Знайшлі тэхніку, ачысцілі ранейшую не то яму, не то равок, прыбралі бур'ян навокал. Атрымаўся невялікі прыгожы вадаём. Потым запусцілі туды малька рыбы — хутка будзе і рыбалка. Сельвыканкам купіў сетку, жыхары паставілі агароджу. Ужо набылі насенне травы, пасля дажджу можна будзе пасеяць і акультурыць бераг.

А далей у планах жыхароў Птушкафабрыкі побач з пляцоўкай узвесці сцэну, каб можна было праводзіць дзень пасёлка ці іншыя святы з запрашэннем самадзейных артыстаў. Не сумняваюся, што гэта ў іх атрымаецца.


Іван ДАЎЖУК, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў:

— У пасёлку Птушкафабрыка мы маем цудоўны прыклад, калі атрыманы з дапамогай дэпутацкай ініцыятывы грант стаў штуршком для развіцця грамадскага самакіравання. Людзі зразумелі, што яны многае могуць зрабіць самі для паляпшэння якасці жыцця. І здзейснілі гэта. Самае галоўнае, што рэалізацыя адной ініцыятывы стала трамплінам для другой.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Форма і змест

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».