Вы тут

Як Краснапольшчына прыцягвае замежныя інвестыцыі


Краснапольшчына летась далучылася да праекта «Мэры за эканамічны рост» і зараз актыўна працуе над магчымасцю павысіць дабрабыт і якасць жыцця насельніцтва на мясцовым узроўні. У складзе каманды, якая нядаўна наведала штаб-кватэру гэтага праекта ў Тбілісі, пабываў і начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызме Краснапольскага райвыканкама, дэпутат раённага і абласнога Саветаў, адзін з актыўных удзельнікаў праектнай дзейнасці Сяргей Сыранкоў. Трэнінг датычыўся развіцця мясцовых турыстычных брэндаў і прыцягнення ў раён інвестыцый. Прыкладамі міжнароднага вопыту дзяліўся эксперт з Германіі.


— Гэта была вельмі карысная для нас вучоба, — кажа Сяргей Сыранкоў. — Ад вобласці ў Грузіі пабывалі таксама спецыялісты з Чавус, Мсціслава, Слаўгарада і Быхава. Мне асабіста было цікава азнаёміцца з методыкай вядзення перагавораў з патэнцыйнымі інвестарамі, навучыцца ствараць тэматычныя праграмы, даведацца, як лепей сябе падаць, як пераканаць суразмоўніка. Гэта ўсё вельмі важныя моманты ў рабоце з прадпрымальнымі людзьмі.

Да праектнай дзейнасці з прыцягненнем замежных інвестыцый Краснапольшчына далучылася ўсяго чатыры гады таму. Дзякуючы створанаму тут мясцоваму фонду развіцця «Старт-Узыход» і непасрэдна яго дырэктару Мікалаю Лістападаву на тэрыторыі Горскага і Яноўскага сельсаветаў сёння дзейнічаюць эксперыментальныя пляцоўкі, дзе людзі вучацца займацца арганічным земляробствам і вырошчваюць чыстую прадукцыю. Сёлета атрымаў працяг самы першы праект, рэалізаваны ў 2014 годзе на базе Пачапоўскага дзіцячага садка — сярэдняй школы «Зялёная эканоміка сада для адраджэння вёскі (дрэвы супраць беднасці і дэградацыі зямлі)». У межах другога праекта «Зялёная эканоміка сада — рэінвеставанне ў развіццё вёскі» (бюджэт праекта склаў больш за 50 тысяч долараў) атрымалася ўзмацніць патэнцыял Пачапоўскага гадавальніка, закласці матачнік клонавых прышчэп, цяпліцы і пасадзіць дэкаратыўны кветнік.

— Акрамя гэтага, была набытая спецыяльная тэхніка для работы ў гадавальніку і закладзены сад плошчай 2,5 гектара на тэрыторыі раёна, — удакладняе Сяргей Сыранкоў. — У будучыні плануем пашырыць яго да чатырох гектараў. На базе Пачапоўскай школы створаны мясцовы цэнтр па навучанні насельніцтва навыкам садаводства і падрыхтаваны трэнер, які ім усё гэта выкладае. Больш таго, мы ўжо выкарасталі свой вопыт у найбліжэйшых паўднёва-ўсходніх раёнах. Аналагічныя гадавальнікі з'явіліся ў Лабанаўцы Чэрыкаўскага раёна і Мілаславічах Клімавіцкага раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Навука быць гаспадарамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».