Вы тут

Хоцімскія дэпутаты вырашылі заняцца маніторынгам тутэйшых аграгаспадарак


Летась хоцімскія дэпутаты вырашылі заняцца маніторынгам тутэйшых аграгаспадарак. І зусім не дзеля таго, каб кагосьці вывесці на чыстую ваду і пакараць. Сэнс у іншым. Такім чынам тут спрабуюць талакой вырашаць пытанні, якія не пад сілу аднаму калгасу. І добрыя вынікі ёсць. Напрыклад, як паведамілі работнікі аграгаспадаркі «Батаева», няма больш затрымак з выплатай заработнай платы.


Мі­ка­лай Ко­ка­таў, Яў­ген Ні­ка­ла­ен­ка і Сам­вел Джа­вук­цян  на­зі­ра­юць за ўтрам­боў­кай се­на­жу.

Няма кармоў — няма заробку

Старшыня Хоцімскага райсавета дэпутатаў Яўген Нікалаенка якраз шэфствуе над ААТ «Батаева». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі знаходзіцца ў аграгарадку Бяседавічы. Тут спецыялізуюцца на вытворчасці малака, вырошчванні збожжавых і зернебабовых. На тэрыторыі таварыства знаходзіцца восем жывёлагадоўчых аб'ектаў, тры з якіх — малочнатаварныя фермы. У гаспадарцы працуе ў сярэднім 135 чалавек. Пра тое, наколькі тут складаныя абставіны, сведчыць той факт, што таварыства знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

— З кармамі праблема, фуражу летась было недастаткова, — уздыхае заатэхнік Людміла Папырка. — У ход ідзе падкормка, сена новага ўраджаю. Сродкаў у гаспадаркі не хапае, усё дарагое. На літр саляркі трэба некалькі літраў малака прадаць. Адкуль грошам узяцца?

Дэпутацкая дапамога, кажа жанчына, адчуваецца. З той жа зарплатай, напрыклад. Затрымкі з ёй няма. А яшчэ старшыня райсавета паклапаціўся, каб была арганізаваная дапамога з будаўніцтвам сіласнай ямы.

— Вельмі своечасовая дапамога, — адзначае выканаўчы дырэктар гаспадаркі Самвел Джавукцян. — Будаўніцтва сянажнай траншэі для захоўвання кармоў ідзе на месцы былой фермы. Дапамагаюць хоцімскія арганізацыі. А наша задача — нарыхтаваць кармы.

— Кадраў на сяле больш не становіцца, — дадае Яўген Нікалаенка. — Раней сваіх людзей у гаспадарцы хапала, а зараз калгаснікі не паспяваюць усё самі рабіць. Але ўдзельнічаем мы толькі ў другарадных справах. Даіць малако або нарыхтоўваць кармы — гэтым павінны займацца спецыялісты. А вось падрыхтаваць ферму да зімы, пабудаваць сянажную яму можа любы чалавек. Калі адцягваць на гэта спецыялістаў, мы страцім самае галоўнае — малако і кармы. А без малака не будзе і заработнай платы.

Талакой прасцей

Пляцоўка для будаўніцтва сянажнай траншэі ўжо гатовая. Каб танней было, яе ствараюць на месцы старога кароўніка. Падмурак і сцены ўжо ёсць. Кармы — канюшына і кукуруза — у крокавай даступнасці. Сянажная траншэя дапаможа захаваць якасць кармоў, што, у сваю чаргу, паўплывае на якасць малака, яго аб'ём, на здароўе жывёлы. У разборцы старой пабудовы, дарэчы, прымалі ўдзел леснікі, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама, гарпаліва, ратавальнікі, дарожныя будаўнікі ДРБУ-216. Калі прывязуць грунт і пліты, каб зрабіць дах, работы працягнуцца.

— Да верасня тут павінна быць усё гатова, — кажа выканаўчы дырэктар. — Бурты сёння нельга рабіць на палях, усё павінна быць пад дахам.

На ўборцы кармоў працуе аб'яднаная тэхніка дзвюх гаспадарак — «Ліпаўкі» і «Батаева». «Ліпаўка», дарэчы, таксама банкрут.

— У нас сфарміраваны атрад, каб больш аператыўна прыбіраць кармы, больш якасна і ў тэрміны класці сянажныя ямы,— кажа антыкрызісны кіраўнік ААТ «Ліпаўка» Мікалай Кокатаў, таксама дэпутат сельскага Савета. — Заканчваем у «Батаеве», ідзём у «Ліпаўку», і наадварот. Так па чарзе рыхтуем кармы. Як дэпутату, мне важна, каб у людзей была і работа, і зарплата.

Гас­па­дар­ка — банк­рут, але дэ­пу­та­ты да­па­ма­га­юць ёй вы­хо­дзіць з кры­зі­су.

Падставілі плячо

Можна прывесці шмат прыкладаў, як хоцімскія дэпутаты дапамагаюць сельскім гаспадаркам. Дырэктар ПМК № 276 Міхаіл Кошкін, напрыклад, летась падтрымаў падшэфную гаспадарку з рамонтам памяшканняў сельскагаспадарчага значэння. Сіламі гэтага прадпрыемства была забетанавана падлога ў адным з хлявоў. У ПМК для такіх работ ёсць спецыяльныя брыгада і тэхніка.

Дырэктар «Жылкамунгаса» Сяргей Віннікаў, таксама дэпутат, падтрымлівае ААТ «Кастрычнік-Бярозкі», выдзяляе тэхніку для адвозкі кармоў. «Тэлефаную, езджу глядзець, як ідуць справы на сянажнай яме, як працуе тэхніка», — кажа ён .

Быў выпадак, калі на МТФ гаспадаркі выйшаў са строю кацёл, які ацяпляў даільную залу. Зваршчык «Жылкамунгаса» аператыўна наладзіў абсталяванне, працаваў да самай ночы.

Настрой — гэта важна

Да Расіі ад Хоцімска бліжэй, чым да Магілёва. Моладзь, калі не знаходзіць работу дома, з'язджае да суседзяў. Але цесная работа выканаўчай і прадстаўнічай улады па рэанімацыі сваёй раённай эканомікі ўжо дае плады.

— За сельгасарганізацыямі замацаваны і дэпутаты, і члены выканкама, і прафсаюзы. Але наша задача не ўмешвацца ў работу кіраўніка гаспадаркі, не ўказваць яму, калі сеяць, калі ўбіраць. Там ёсць спецыялісты, якія гэта ведаюць лепш за нас, — кажа старшыня Хоцімскага райвыканкама Дзмітрый Рубан. — Наша задача, каб дэпутаты і спецыялісты, замацаваныя за гаспадаркамі, жылі праблемамі людзей, якія там працуюць. Часам дастаткова пагутарыць з калектывам, каб стабілізаваць абстаноўку. Настрой людзей — гэта вельмі важна.

Кіраўнікі гаспадарак могуць арганізаваць работу на сваіх тэрыторыях самастойна, але ёсць моманты, дзе ім падстаўляюць плячо. Хоцімшчына — сельскагаспадарчы раён, таму тут перш за ўсё звяртаюць увагу на сельскую гаспадарку. Кіраўнікі, калектывы разумеюць, што, калі з сельскай гаспадаркай будзе ўсё добра, то будуць і рабочыя месцы, а будуць рабочыя месцы — будзе развівацца і сацыяльная сфера.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Хоцімскі варыянт

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.