Вы тут

Малая радзіма: асобна ўзятыя складнікі


Прыязджаю на мінулыя выхадныя дадому ў вёску, а там каля суседняй Гарошчышынай хаты фургон стаіць ды нейкія людзі завіхаюцца, цягаюць у яго няхітры бабулін нажытак — ложак драўляны, калаўрот, рассохлую вялізную бочку. «Гэта ж купілі нарэшце хату нейкія людзі з Мінска. Але ўмову прадаўцам паставілі, каб ніякага барахла ў ёй не было, каб усё чыста з будынка вынеслі», — тлумачыла мне іншая суседка, больш дасведчаная ў нашых вясковых справах, бо як прыязджае сюды на дачу ў красавіку, дык з'язджае толькі ў кастрычніку. Мы яшчэ колькі хвілін паназіралі за тым, як маладыя дужыя хлопцы спрытна цягаюць тую старую нефарбаваную мэблю, без асаблівага піетэту шпарачы яе ў фургон, дый разышліся па сваіх справах...


Ужо амаль тыдзень прайшоў, а тая пустая — адны сцены — самая старая ў вёсцы (гэта вам не жартачкі — 1925 года пабудовы!) хата чамусьці сядзіць стрэмкай у галаве і ў сэрцы, як нешта незваротна мной асабіста страчанае. Праз гады я памятаю нават яе пах. Бабуля Гарошчыха жыла адна, была самотнай і, здавалася тады, не вельмі любіла людзей, таму трапіць да яе ў жытло было справай не звычайнай. Але па-суседску час ад часу мама ці бабуля адпраўлялі мяне туды што занесці або пазычыць. Хата тая для дзіцяці, якое гадавалася ў пакоях з дывановымі дарожкамі ды кілімамі на сценах, была сапраўды казачнай. Падлога ў ёй была нефарбаваная, а ў сенцах яе зусім не было. Шпалеры былі паклеены, напэўна, толькі аднойчы і калісьці даўно-даўно мелі блакітны колер. Немудрагелістая старая мэбля была акурат такая, як тая, што, даўно закінутая, стаяла ў нас на гарышчы. Газавай пліты ў бабулі не было ў прынцыпе, гатавала яна ў печы, у якой паліла кожны дзень. Таму ў яе хаце заўсёды пахла нейкім крупнікам (здавалася тады — няма смачнейшай стравы), вышараванымі шэрымі дошкамі падлогі і зёлкамі, што вялізнымі венікамі віселі на сценах у сенцах...

Увогуле да даброт цывілізацыі наша суседка ставілася з асцярогай. Электрычнае святло, асабліва ў зале, паліла вельмі рэдка, нават зімой. Калі ж раптам вокны ў хаце ў Гарошчыхі нязвыкла ярка ўспыхвалі ўвечары, мае старэйшыя трывожна перагаворваліся: «Пэўна, нешта здарылася», а калі святло доўга не гасла, хтосьці з іх насоўваў на ногі валёнкі ды ішоў глядзець, ці сапраўды, крый божа, чаго не нарабілася. Бо, па сутнасці, акрамя суседзяў, справы да бабулі нікому не было.

Бабка Жэня не была старой дзеўкай, што дажывала ў вёсцы свой век. У яе калісьці былі муж і сын. Але муж Міхал памёр малады, а сын, калі яму было дзесяць гадкоў, трапіў пад капыты раз'юшанага бычка. У малога быў разбіты мачавы пузыр, і, каб гэта здарылася ў наш час, дзіця б напэўна выратавалі, а тады хлопчык сканаў праз дзень. Так і засталася яна адна — жыла доўга, пэўна, за ўсіх — і за сына, і за мужа, была не вельмі ветлівая, нават крыху жорсткая да іншых людзей. Вельмі любіла сваю пярэстую кошачку (яна так і звала яе, бы па мянушцы — Кошачка), дзялілася з ёй сваёй простай ежай, гладзіла нязграбнымі скурчанымі ад цяжкай працы пальцамі, і ўдзячная жывёлка аддана ўсюды хадзіла за ёй, бы хвосцік. Жыла бабка бедна — на пенсію ў дваццаць восем рублёў, як і ўсе савецкія калгаснікі, што ў 50-я рвалі свае жылы за палачкі-працадні. Самую цяжкую работу, нават калі ёй было за восемдзесят, рабіла сама. Напрыклад, усё лета і восень нарыхтоўвала сабе дровы. Такой і запомнілася яна праз гады — у паркалёвай хустцы, у чырвоных кедах стаіць пад старой дзічкай ля сваёй хаты і павольна пілуе нажоўкай пакладзенае на перакошаныя козлы тоўстае бярозавае палена...

Калі бабуля занядужала, яе забраў да сябе на зіму пляменнік. Але праз месяц яна вярнулася — не змагла вытрываць тэлевізара, які, скардзілася, «раве на ўсю хату». Праз нейкі час яна зусім аслабла, не магла даглядаць сябе, і мама з іншымі суседкамі насілі ёй паесці. Нарэшце ўдалося ўладкаваць бабку ў дом для састарэлых, і там яна ў доглядзе пражыла яшчэ некалькі гадоў. Аднавяскоўцы аднойчы ездзілі праведаць яе ў той дом дзесьці за Маладзечнам, у нас нават фота ёсць, на якім яна са сваімі гасцямі — сівенькая, чысценькая, і, можа, упершыню за доўгія гады — шчаслівая.

Яна вярнулася на ноч у сваю хату, а пасля назаўжды да свайго Міхала, ужо ў новым тысячагоддзі, дажыўшы да дзевяноста васьмі гадоў. Наступным летам мы разбіралі яе рэчы (пляменнік напачатку адмовіўся ад спадчыны: маўляў, рабіце і бярыце, што хочаце), і яшчэ раз дзівіліся прыхаванай, вымытай і зацыраванай галечы, у якой бабуля жыла. Затое быў запас на чорны дзень — мяшок солі, скрынка запалак, купленая, калі меркаваць па рэкламе часопіса на пачках, адразу пасля вайны — у 1947-м. Ніхто з таго няхітрага нажытку нічога не ўзяў, і хата засталася стаяць як сапраўдны музей, у якім тоіцца шмат цікавага і дагэтуль нябачанага. Яна так стаяла амаль пятнаццаць гадоў, спадчыннікі не маглі яе прадаць, бо ніхто не квапіўся на такую старую нерухомасць, нават зусім недалёка ад МКАД. І было ў гэтым нешта сімвалічна-аптымістычнае: прыязджаеш дадому — а зусім побач з роднай хатай, якую рамантуеш, у якой мяняеш мэблю, — гэткі востраў дзяцінства, дзе нічога ні на каліва не змянілася за некалькі дзесяцігоддзяў, дзе кожная палічка, кожная дошка, кожны рыштунак помніць і сваю гаспадыню ў чырвоных кедах, і цябе, малога, і тваіх блізкіх людзей, якіх ужо няма на гэтым свеце...

Зрэшты, не растлумачыць гэта ні хлопцам, якія без шкадобы шпурлялі ў фургон старую мэблю, ні новым гаспадарам, якія хутка прыедуць у Гарошчышыну хату і стануць яе рамантаваць, а можа, і зусім знясуць, каб паставіць новы акуратны дамок. Гэта не іх успаміны і не іх малая Радзіма. Якая — толькі цяпер я гэта зразумела — дзякуючы такім вось успамінам і жыве вечнай стрэмкай у сэрцы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Стрэмка ў сэрцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».