Вы тут

З думкаю аб шчасці Беларусі...


Ёсць на Беларусі месцы, без якіх яе немагчыма ўявіць, без існавання якіх, мусіць, Радзіма была б іншая. Адно з іх дало нашай літаратуры нацыянальнага генія. У колішнім маёнтку Вязынка ў 1882 годзе прыйшоў у свет Ясь Луцэвіч, будучы народны паэт Беларусі Янка Купала.


Цяпер тут створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». 20 чэрвеня 1948 года музей прыняў першых наведвальнікаў.

Назву мясцовасці дала рэчка Вязынка. Непадалёк знаходзяцца рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх з гаспадарчымі пабудовамі, стаў, стары сад, а таксама гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі ІІ—IV стст. нашай эры, крыніца, дуброва, пасаджаная беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння песняра, помнік паэту, малыя архітэктурныя формы, узгорыстыя і лясістыя ваколіцы, якія з’яўляюцца прыроднай экспазіцыяй гісторыка-культурнага ландшафту. Упрыгожваюць мясцовасць валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы.

У мемарыяльнай частцы музея адноўлены інтэр’ер хаты, дзе нарадзіўся будучы паэт. Там знаходзяцца і асабістыя рэчы яго бацькоў. Пры дапамозе архіўных крыніц, успамінаў старажылаў, здымкаў, чарцяжоў і планаў тут усё адноўлена так, як было пры жыцці маладой сям’і Луцэвічаў.

Экспазіцыя літаратурна-дакументальнай часткі музея прысвечана нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта, станаўленню яго як асобы. Атмасферу даўніны ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ—ХХ стагоддзя, сабраныя ў ваколіцах Вязынкі. Дзейнічае і сезонная экспазіцыя «Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы».

Штогод да дня нараджэння паэта на тэрыторыі запаведніка ладзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, злёты студэнтаў-філолагаў, фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі», каляндарныя народныя святы. Не стане выключэннем і гэты юбілейны год адкрыцця музея. Сёлета свята «З адною думкаю аб шчасці Беларусі...» адбудзецца 7 ліпеня.

Творы Янкі Купалы, напоўненыя пачуццём адданасці Айчыне, выпраменьваюць прыгажосць і багацце душы беларускага народа. Яны прэзентавалі свету Беларусь, а сам паэт, як народны дыпламат, прадстаўляў Радзіму на землях іншых народаў. Таму не выпадкова, што ў 1939 годзе Янка Купала стаў ганаровым госцем Арменіі.

Тады святкаваўся 1000-гадовы юбілей армянскага эпасу «Давід Сасунскі». Як народны прадстаўнік, паэт звяртаўся да армянскага народа: «У вашу краіну гор і бурных рэк, вінаградных садоў і хрустальных ручаёў мяне паслаў народ краіны глухіх лясоў і ціхіх рэк».

Гэтыя радкі далі назву выстаўцы, прымеркаванай да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Арменія.

Адкрыццё выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «У краіну гор і бурных рэк...» урачыста святкавалі днямі ў Доме-музеі Аванеса Туманяна ў Ерэване. Яна была арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Арменія.

Помнік Янку Купалу ў Вязынцы.

Ёсць народы, якія не падобныя паміж сабой ні знешне, ні ў гучанні моў. Аднак падабенства можа існаваць і ў іншым: у гістарычных лёсах, у агульных цяжкасцях, у няпростых шляхах, на якіх здабывалі незалежнасць. І беларусы, і армяне праз стагоддзі адстойвалі свае мову і культуру, пра што натхнёна пісалі паэты.

Сябрам Янкі Купалы быў армянскі паэт і перакладчык Наіры Зар’ян, які неаднаразова гасцяваў у доме паэта, а ў 1935 годзе ад імя армянскіх пісьменнікаў павіншаваў з творчым юбілеем. Бліжэй пазнаёміўшыся з беларускай літаратурай, Наіры Зар’ян перастварыў па-армянску дзясяткі вершаў беларускіх калег па пяры, у тым ліку і дванаццаць вершаў Янкі Купалы. Пераклады трапілі ў зборнік вершаў песняра на армянскай мове, які быў выдадзены ў 1951 годзе.

 Менавіта ў Ерэване Янка Купала даведаўся аб уз’яднанні беларускіх зямель. Ён стварыў цыкл вершаў пад назвай «На заходне-беларускія матывы». Значыцца і месца напісання: «Ерэван — Мінск».

Янка Купала верыў, што дружба — той падмурак, на якім мусяць будавацца адносіны паміж народамі і краінамі. Культурны дыялог, распачаты паэтам, яго сябрамі і сучаснікамі, працягваецца.

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».