Наш бераг


Словы «бераг» і «абярэг» — аднаго кораня. Абярэгі мы сабе выбіраем у адпаведнасці з тым, што прынята ў мясцінах, дзе жывём. На Х Рэспублiканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагiня», які прайшоў у гарадскiм пасёлку Акцябрскi Гомельскай вобласцi, быў багаты выбар рэчаў, напоўненых сімваламі, падарункаў, сувеніраў: народныя ўмельцы паказвалі сваё майстэрства. Вырабы з саломы, ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве — чым багатыя. І, нягледзячы на тое, што на дварэ тэхналагічнае ХХІ стагоддзе, рэчы, створаныя рукамі, карыстаюцца ўвагай і попытам. «Створана з любоўю!» — можна маркіраваць кожны выраб. Ды і сам фестываль можа праходзіць з такім дэвізам.


Сёлета на «Берагiні» адбылася мiстэрыя начнога Купалля: з заплятаннем вянкоў, карагодамі ды спевамi, агнямі феерверку і шматметровым вянком замест вогнішча на плошчы — цёплы дождж гатовы быў вынесці яго ручаямі да возера...

Апавядальнікі ў народнай традыцыі (конкурс «Несцерка» нават назвай адлюстроўвае сутнасць) умудраюцца не проста гісторыю распавесці, а нават з каларытам мясцовых дыялектных гаворак. У гэтым і асаблівасць «Берагіні», якая хоць і мае статус міжнароднага фестывалю, але арыентуецца найперш на свае адметнасці. І гэтым прыцяг-вае. Дзясяты фэст — а ўсё адно як адкрыццё нязведанага, таго, што багата яшчэ захоўвае Беларусь, і калі пашукаць...

Дзеля гэтага пошуку — кожны ў сваёй мясцовасці — прапанаваў ідэю фестывалю Мікола Козенка. Рупліўцы беларушчыны зразумелі: людзям трэба даваць магчымасць выходзіць са сваёй творчасцю, прадстаўляць яе і такім чынам атрымліваць глыток паветра для далейшых спраў па перадачы песень, танцаў, абрадаў наступным пакаленням. Спрацавала: «Берагіня» аб’ядноўвае неабыякавых розных узростаў. І падтрымлівае творчы дух ва ўсіх кірунках. Асабліва каштоўная праца па захаванні аўтэнтычнага фальклору. А ў нас ёсць унікальныя спеўныя традыцыі, што занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь! Напрыклад, у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці ёсць гурт «Паршынскія зоркі», які захоўвае гучанне хрэсьбінных і вясельных песень. Вялікая справа, але як даць магчымасць гэтым людзям адчуць асаблівасць сваёй місіі? Даць магчымасць выступаць перад вялікай аўдыторыяй. Ці як адчуць патрэбу ў песнях удзельнікам гурта «Прусаўчанка» са Старадарожскага раёна Мінскай вобласці? Адна справа, калі на ўзроўні свайго раёна разумеюць важнасць справы. Але калі, лічыце, з гастролямі — ды па Беларусі... А як дзецям зразумець, што нашы песні павінны гучаць? Як упэўніцца: тое, што ім цікава, можа быць нават супермодным? Проста: калі яны стаяць на сцэне і бачаць неабыякавую публіку ў зале. І калі назіраюць за «калегамі па справе», што прыязджаюць да нас з-за мяжы: там жа такое падтрымліваюць, значыць, і мы «ў трэндзе».

І так, не горш за акрабатычны брэйк-данс могуць захапіць нашы танцы. Напрыклад, каб увасобіць «Мiкiту», трэба танчыць над скрыжаванымi хварасцiнамi або пячнымi чапяламi. Тут без майстэрства ніяк. А «Лявонiха» цi «Барыня» здольныя зарадзіць настроем, а тым больш, калі ім прысвяцілі конкурс і ідзе творчае спаборніцтва...

Каля 800 удзельнiкаў рознага ўзросту з усёй Беларусi знаёмілі з лепшымi ўзорамi фальклорнага мастацтва. Больш за 30 фестывальных iмпрэз, сярод якіх і гутаркі пра сур’ёзнае: этнавыхаванне моладзі ў наш час; як не згубіць будучыню Беларусі. Тое, з чаго пачынаецца патрыятызм, — усведамленне сваёй адметнасці і гатоўнасць яе адстойваць у любых варунках. Як гэта рабілі жыхары рудабельскага краю, калі стваралі і захоўвалі сваю рэспубліку 100 гадоў таму, у Першую сусветную. Як у Другую сусветную паказала сябе ўся Беларусь. Як паказваюць і цяпер тыя, хто прыязджае на «Берагіню» з надзеяй упэўніцца: гэта усё некаму патрэбна. Значыць, жыве традыцыя.

Марыя АСІПЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.