Вы тут

Летнія канікулы «Жывой класікі»


Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» стаў адным з самых папулярных у беларускіх школьнікаў і прываблівае ўсё большую колькасць удзельнікаў. Сёлета да мастацкага чытання любімых твораў айчыннай класікі далучыліся амаль 15 тысяч юных беларусаў. Гэта сведчыць пра цікавасць маладога пакалення да літаратуры і пацвярджае жаданне вывучаць лепшыя творы.


Дар’я Ананіч — вучаніца Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Кіраўска.

Вялікай падзеяй стаў паўфінал конкурсу, які, як вядома, прайшоў у сярэдзіне чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. І ў той дзень старонкі многіх кніг па-сапраўднаму ажылі: дзеці захапляльна прэзентавалі свае выступленні. Не толькі пранікнёна і шчыра дэкламавалі, але і тэатралізавана прадстаўлялі вобразы сваіх герояў. Многія выканаўцы прысвяцілі выступленні Году малой радзімы. Напрыклад, для Дар’і Ананіч пераможным стаў твор Г. Клішэвіч «За цябе мая вёска, малюся».

— Вельмі складана было вызначыцца з пераможцамі, — запэўнівае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня журы паўфіналу конкурсу. — Заўважна, што ў Беларусі падрастае таленавітая моладзь. Як натуральна гучала з вуснаў чытальнікаў родная мова! І ў гэтым таксама важнасць конкурсу — далучаць дзяцей да нацыянальнай духоўнай спадчыны. Дзякуй за гэта бацькам, настаўнікам, якія дапамагаюць чытальнікам вызначыцца з творамі ў вялікім кніжным свеце.

Уражаныя пісьменнікі — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Міхась Пазнякоў — адзначылі асобных выканаўцаў сваімі кнігамі. А ў выкананні паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага прагучалі яго кранальныя песні пра Радзіму.

Конкурсны дзень у Нацыянальнай бібліятэцы быў насычаны. Сталі вядомы імёны пераможцаў паўфіналу, а самі яны трапілі ў эфір сталічнага тэлебачання — аднаго з сузаснавальнікаў конкурсу.

Варта нагадаць, што 12 лепшых чытальнікаў паедуць у сталіцу сёлетняга Дня беларускага пісьменства Іванава, каб там паказаць узоры свайго выканаўчага майстэрства. Але «Жывая класіка» не страчвае актуальнасці нават падчас школьных канікул! Па краіне крочыць традыцыйная акцыя «Лета з добрай кнігай», і юныя чытальнікі адчуваюць роднае беларускае слова.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.