Вы тут

Ці трапіць сучаснік на старонкі раманаў?


Адно з актуальных пытанняў сучаснасці — фарміраванне нацыянальнай свядомасці і выхаванне любові да Бацькаўшчыны на падставе мастацкіх твораў. Рэспубліканскі круглы стол пад назвай «Адлюстраванне сучаснай Беларусі ў мастацкай літаратуры», прымеркаваны да 90-годдзя НАН Беларусі, днямі адбыўся ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.


Удзельнікі круглага стала падчас абмеркавання.

Запрошаныя да ўдзелу ў ім навукоўцы і пісьменнікі паспрабавалі разгледзець найважнейшыя аспекты праблемы і нават прапанаваць пэўныя рэкамендацыі. Падчас абмеркаванняў тэм, датычных сучаснага стану не толькі літаратуры, але і культуры ў цэлым, прагучала шмат шчырых, а іншым разам і вельмі крытычных выказванняў. Найперш турбуе вузкая сфера ўжывання беларускай мовы. Што датычыць непасрэдна літаратуры, то гэта адсутнасць сур’ёзных эпічных твораў з вобразам сучасніка, у тым ліку і станоўчых вобразаў чалавека працы — настаўніцы, урача, вучонага... Шмат нараканняў прагучала ў адрас тэлебачання, дзе не ў поўнай меры асвятляецца культурнае жыццё.

— Пашана да гістарычнай памяці, усталяванне духоўных арыенціраў — гэта тое, што можа і павінна данесці да чалавека нацыянальная літаратура і мастацтва, — лічыць старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. — Тое, чым мы адметныя на сусветнай прасторы, што з’яўляецца складнікам нацыянальнага духу, — аснова нацыянальнай ідэі. Наша прыгожае пісьменства заўсёды спрабавала акрэсліць перспектывы далейшага развіцця грамадства. Але, на жаль, зніжаюцца тыражы выданняў, меншае беларускамоўнае чытацкае кола...

Даволі вострымі атрымаліся выступленні пісьменнікаў Віктара Праўдзіна, Георгія Марчука, Васіля Шырко, Валеры Гапеева, Аляксандра Кавалёнка. У выніку прыйшлі да высновы, што выхаваўчая роля мастацкай літаратуры не знікае. Паэтычныя творы здольныя ўплываць на свядомасць, а значыць, і перайначваць яе да лепшага. Шчырыя духоўныя пачуцці — пафас многіх сучасных твораў, якія валодаюць магутным выхаваўчым патэнцыялам. Задачы творцаў — утрымаць беларускасць, духоўнасць; паказаць перспектыву развіцця асобы, дапамагчы чалавеку ў вырашэнні яго канфліктаў з грамадствам і з самім сабой. Нягледзячы на тое, што жанр рамана нібыта страчвае папулярнасць, пашыраецца ўплыў сеціва на свядомасць, набіраюць папулярнасць розныя гаджэты, усё ж добрая кніга, а значыць, і добры пісьменнік, заўсёды будуць запатрабаваныя.

— Між іншым, творы самых знакамітых празаікаў ХХ стагоддзя — Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Чыгрынава, Вячаслава Адамчыка, Івана Навуменкі — былі не пра сучаснасць. Пісьменнікі глядзелі на яе з нейкай адлегласці, — аспрэчыў тэму пасяджэння Аляксандр Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». — У 1990-я гады пісьменнікі Андрэй Федарэнка і Алесь Наварыч таксама напісалі раманы пра гісторыю. Але створаныя імі вобразы мелі немалое ўздзеянне на сучаснікаў.

Магчыма, гэты феномен стане тэмай яшчэ адной сустрэчы? Хто ведае?..

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.