Вы тут

Юдэль Пэн вачыма сучаснікаў


Зварот да краязнаўчых матэрыялаў і архіўных тэкстаў апошнім часам стаў папулярнай з’явай. Заўважна, што цікавасць да дакументальных твораў праяўляюць не толькі навукоўцы ды спецыялісты адпаведнай сферы, але і звычайныя чытачы, якіх вабіць мінулае і яго прадстаўнікі. Так, у серыі «Кніжная лаўка Дома Шагала», заснаванай у 2013 годзе, выйшла кніга «Ю. М. Пэн (1854—1937) у прыжыццёвых публікацыях і дакументах Дзяржаўнага архіва Віцебскай обласці», якая падрабязна разглядае некаторыя моманты жыцця і творчасці вядомага віцебскага мастака.


Выданне можна назваць юбілейным: яно пабачыла свет у 2017 годзе, праз 80 гадоў з дня смерці творцы. Кніга складаецца з кароткай, але ёмістай біяграфічнай даведкі, публікацый у прэсе 1898—1937 гадоў, дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай обласці, каментарыяў да прадстаўленых матэрыялаў ды ўступных слоў ад укладальнікаў. Газетныя публікацыі пачынаюцца з таго часу, як Ю. Пэн пераехаў у Віцебск і адкрыў у 1898 годзе уласную Школу малявання і жывапісу. Інфармацыйныя тэксты ў прадстаўленай падборцы дакладна ілюструюць падзеі з жыцця мастака. Крытычныя артыкулы ад мастацтвазнаўцаў таго перыяду праўдзіва падаюць аналіз творчасці Пэна з усімі моцнымі бакамі і недахопамі.

Пасля знаёмства з выданнем чытач хутка зразумее (калі не ведаў раней): Юдэль Пэн зрабіў велізарны ўнёсак у мастацтва не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Справа не толькі ў жывапісных работах, якія пакінуў пасля сябе творца: ён узгадаваў плеяду мастакоў, чые імёны прагучалі далёка за межамі ўласнай радзімы. Чаго варты адзін толькі Марк Шагал! Між іншым, у аўтабіяграфічнай кнізе «Маё жыццё» М. Шагал згадваў свайго віцебскага настаўніка (гэтыя радкі можна прачытаць і на старонках гэтага выдання). Здольнасці Ю. Пэна да выкладання жывапісу, уменне разгледзець талент у вучнях, натхніць і падбадзёрыць іх на творчым шляху не засталіся незаўважаныя сярод яго сучаснікаў. Як было напісана ў «Віцебскіх губернскіх ведамасцях», адкуль прыводзяць вытрымку ўкладальнікі выдання, «апошнія некалькі гадоў ён пастаянна жыве ў нас, у Віцебску, адкрыў у нас сваю школу малявання і жывапісу, і не толькі гэтай школай, але і сам, сваімі работамі, дапамогай, парадай, гатоўнасцю даць указанне, калі па яго звяртаюцца, бескарыслівай адданасцю мастацкай справе дужа садзейнічаў развіццю ў нас цікавасці да мастацтва, абуджаў у цэлых гуртках жаданне вучыцца, працаваць, не закопваць у зямлю дараванняў, нават самых сціплых».

Некаторыя дакументы і пасмяротныя публікацыі, змешчаныя ў кнізе, звяртаюць увагу на таямніцу гібелі жывапісца. Нягледзячы на тое, што па справе забойства Ю. Пэна, даволі вядомага ў савецкі час мастака, былі абвінавачаны і арыштаваны яго сваякі, імя сапраўднага злачынцы дасюль невядомае. Натуральна, што сярод неабыякавых да творчасці Ю. Пэна і цяпер з’яўляюцца версіі падзей, якія маглі прывесці да трагедыі.

Трэба адзначыць, што кніга добра ўпарадкаваная: да ўсіх момантаў, якія могуць выклікаць непаразуменне ў чытача (а іх, натуральна, шмат, бо прафесіяналаў, якія будуць чытаць публікацыі пачатку ХХ стагоддзя і ведаць кожнае прозвішча, знойдзецца мала), укладальнікі выдання абачліва зрабілі вынаскі з каментарыямі. Выданне «Ю. М. Пэн (1854—1937) у прыжыццёвых публікацыях і дакументах Дзяржаўнага архіва Віцебскай обласці» ў першую чаргу арыентуецца на тых, хто мае звычку ў вольны час гартаць навуковую літаратуру: кніга ўсё ж больш навуковая, чым папулярная. Замест займальнага расповеду пра жыццё мастака тут можна знайсці факты, якія не ўбачыш у Вікіпедыі, таму тэксты, якія змяшчае кніга, варта было б надрукаваць хаця б дзеля таго, каб не страціць важную інфармацыю. Так, на яе старонках — першапачатковы вопіс карцін, які дазваляе дакладна ацаніць творчую спадчыну мастака, адсачыць яе страты за апошнія 80 год.

Праз публікацыі з выдання выяўляецца не толькі вобраз Юдэля Пэна, але і таго часу, калі ён жыў. А гэта вельмі цікавы і неадназначны гістарычны перыяд: перадрэвалюцыйныя гады, рэвалюцыя, усталяванне савецкай улады... Прэса тых гадоў, пра што б ні шла гаворка ў матэрыялах, носіць адбітак жыцця грамадства, і праз біяграфію Ю. Пэна на чытача глядзіць і Беларусь той эпохі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.