Вы тут

Творы і астральныя падарожжы Язэпа Драздовіча


Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць: фенаменальнасць, таленавітасць і ўпартасць гэтага творцы паўплывалі на развіццё важных працэсаў нацыянальнага Адраджэння. Сёлета 130 гадоў з дня нараджэння мастака-фантаста. Да юбілею майстра Нацыянальны мастацкі музей Беларусі падрыхтаваў экспазіцыю «Сусвет Язэпа Драздовіча», дзе шырока прадстаўлена творчая палітра захапленняў аўтара.


«Аўтапартрэт», 1943 г.

Настолькі маштабна творчасць мастака дэманструюць упершыню. Больш за семдзесят твораў на самыя розныя тэмы. Мастаку было цікава ўсё. Ён паспрабаваў сябе ў жывапісе, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Выстаўка таксама прысвячаецца аднаму з першых даследчыкаў творчасці Язэпа Драздовіча — Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе напісаў кнігу пра мастака «Вечны вандроўнік».

Язэп Драздовіч быў сапраўдны народны філосаф. Аўтар, які адным з першых прызнаў сябе менавіта беларускім мастаком: у яго было пэўнае самаадчуванне. Творчая спадчына Драздовіча ўражвае і якасцю, і разнастайнасцю, і колькасцю. Яна звязаная і з этнаграфічнымі вандроўкамі па Беларусі, і з гістарычным жанрам, і з касмічнымі замалёўкамі.

Пры ўваходзе ў выставачную прастору глядач бачыць ваенны аўтапартрэт 1943 года. Вайну Язэп Драздовіч перажыў на далёкіх хутарах, хаваючыся ад немцаў. І ў той час актыўна пісаў гістарычныя палотны. Тады ж стварыў і гэты дзіўны аўтапартрэт. У ім аўтар паўстае трохгаловым, паказваючы тры свае жыццёвыя іпастасі: выкладчыка-мастака, астранома і краязнаўцы.

— Калі б была магчымасць па кампазіцыі, яму можна было б дамаляваць яшчэ некалькі галоў, таму што ён сапраўды унікум, — падкрэслівае мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава. — Бо ён жа і археолаг, і этнограф, і нават хірамант. Такіх людзей у 1920-я гады называлі «культурнікамі». Ён ствараў рэльефы на дрэве, пасля якіх мастака сталі называць яшчэ і скульптарам. Гэта быў самабытны творца, які бачыў свет асаблівым, шматузроўневым.

Пачынаў Язэп Драздовіч творчы шлях з графікі, ствараў партрэты беларускіх князёў. Вельмі старанна прапрацоўваў кожную дэталь, менавіта ў гэтым ужо быў закладзены яго стыль. Манера напісання вачэй чалавека ў мастака асаблівая: маляваў іх вялікімі і выпуклымі. Гэта тыя рысы, па якіх заўсёды пазнавалі пэндзаль Драздовіча.

Многія работы Язэпа Драздовіча захаваліся, таму што іх купляў Беларускі музей Івана Луцкевіча ў Вільні. Калі ў 1941 годзе музей закрылі, работы перадавалі ў розныя інстытуцыі. Яны трапілі ў Акадэмію навук Беларусі, у мастацкі і гістарычны музеі. У Акадэміі навук сёння знаходзяцца дзённікі творцы.

«Прарок», 1931 г.

— У 1970-я гады, даведаўшыся пра Драздовіча, беларускія мастакі на чале з Алесем Марачкіным праявілі ініцыятыву: адправіліся на Дзісеншчыну — месцы, дзе жыў і пісаў мастак, там абыходзілі хаты і выкуплялі дываны, створаныя аўтарам, — тлумачыць Надзея Усава. — Уладальнікі, дарэчы, расставаліся з гэтымі творамі мастацтва з вялікім шкадаваннем. Пасля ўсе дываны былі адрэстаўраваныя. У іх можна ўбачыць рысы мадэрну, народную творчасць, рамантычныя матывы. Язэп Драздовіч прыходзіў да людзей і пытаўся, што ім напісаць. Паколькі жыццё ў народа было складанае, усе хацелі бачыць прыгожае. У выніку аўтар часта ствараў рамантычны пейзаж начнога характару. Гэта была асаблівая частка яго творчасці, таму яна ў цэнтры нашай экспазіцыі.

На выстаўцы разам з дыванамі прадстаўлены жывапісныя гістарычныя палотны з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры, якія вельмі рэдка выстаўляліся. Напрыклад, «Выгнанне народнага князя», напісанае ў 1946 годзе, альбо «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй». Таксама дэманструюцца шаржавана-карыкатурныя творы, праз якія Язэп Драздовіч высмейваў прагнасць і меркантыльнасць. Адна з галоўных адметнасцяў экспазіцыі — серыя твораў, прысвечаных Францыску Скарыну.

Некаторыя работы на выстаўцы прадстаўлены з драўлянымі рамамі, якія мастак ствараў сам. Ён першы ў краіне распачаў гэтую традыцыю. Заўсёды вельмі сур’ёзна падыходзіў да афармлення рамы: быў цудоўны разьбяр, таму яму ўдавалася ствараць непаўторныя арнаменты.

Язэп Драздовіч ствараў ілюстрацыі для многіх выданняў, у тым ліку для газеты «Наша ніва». Спачатку мастаку плацілі добра, а пасля сітуацыя змянілася і трэба было шукаць, дзе зарабляць на хлеб. Пры Беларускім музеі Івана Луцкевіча Язэп Драздовіч стварыў невялікі кіёск сувеніраў, дзе рэзаў драўляныя кіі, якія карысталіся вялікім поспехам. Прадаваў іх за невялікія грошы, але паколькі куплялі шмат, то зарабіць можна было добра. Некалькі кіёў прадстаўлена на выстаўцы.

А карціна «Прарок» — фактычна адна з першых работ беларускага сімвалізму: акно байніцы, выразанае па форме сілуэта прарока, праз якое глядач бачыць акно да нябеснага горада. Такі «наіўны сімвалізм». Калі творца адаслаў некалькі такіх карцін у «Нашу ніву», яму адказвалі, што сімвалізм нікому не цікавы і не зразумелы, і папрасілі дасылаць ілюстрацыі і краязнаўчыя замалёўкі... Драздовіч хацеў зрабіць выстаўку сімвалічных работ, але нават блізкія і сябры яго не падтрымалі. Гэта сумны факт біяграфіі творцы: ён лічыў сябе адзінокім.

— Язэп Драздовіч ніколі не меў сям’і. Толькі аднойчы, калі выкладаў у гімназіі, закахаўся ў сваю вучаніцу Жэнечку і нават вырашыў пасватацца да яе, — расказвае Надзея Усава. — Але бацькі дзяўчыны сказалі, што ён вельмі дзіўны і забаранілі дачцэ ісці за мастака. З таго моманту творца больш не спрабаваў уладкаваць асабістае жыццё і не думаў пра наладжванне побыту. Ужо за савецкім часам яму далі дом і карову, а ён не ведаў, што з гэтым рабіць. Шмат часу пражыў у сям’і братоў, часта вандраваў па вёсках. За дзень мог праходзіць па 50 кіламетраў пешшу. Яму падабалася мяняць уражанні, гутарыць з людзьмі. У многіх дамах яго ведалі і падкормлівалі. Быў жаданым госцем і часта начаваў у адрынах, дзе збіраліся дзеці, і ён расказваў ім гісторыі пра Сусвет...

Больш за ўсё Язэп Драздовіч вядомы як чалавек, які першы — у пачатку 1920—1930-х гадоў — пачаў пісаць іншапланецян. Пасля таго, як яго выгналі з-за працоўнай спрэчкі з гімназіі, ён пасяліўся ў Вільні, хадзіў у бібліятэку і стаў вывучаць кнігі па астраноміі. Здымаў пакой на гарышчы. І, застаючыся самнасам, мог уваходзіць у стан трансу, знаходзячыся на мяжы сну і явы. Казаў, што падчас астральных падарожжаў лётаў над планетамі і бачыў, як яму махалі рукамі іншапланецяне. Замалёўваў убачанае, ствараючы фантазійную ўтопію.

— Заявы мастака пра сустрэчы з іншапланетнымі істотамі выклікалі ў людзей усмешку, — расказвае Надзея Усава. — А жонка Браніслава Тарашкевіча пісала, што адзін з прафесараў даваў Драздовічу вялікія грошы, каб той выступіў з лекцыяй перад студэнтамі-медыкамі з мэтай прадэманстраваць ім адну з праяў шызафрэніі. Мастак з абурэннем адмовіўся, нягледзячы на тое, што быў чалавекам небагатым і ў сродках меў патрэбу. Быў упэўнены ў тым, што нармальны, а ўсё, што бачыць, — гэта рэальнасць.

Напрыканцы жыцця мастак вельмі хацеў сабраць свае творы, каб арганізаваць выстаўку. Аднак не паспеў. У 1954 годзе яго знайшлі хутаране на дарозе без прытомнасці. Ён памёр у забыцці ў сельскай лякарні. Пахавалі Драздовіча ў Ліплянах. Труны не было, таму цела мастака толькі абматалі белай тканінай...

Так скончыўся зямны шлях чалавека, які стварыў некалькі светаў, — рэальных і тых, што здаваліся фантастычнымі. А праз 5 гадоў пасля яго смерці быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі, праз 7 гадоў паляцеў у космас першы чалавек, а праз 15 — людзі ступілі на паверхню Месяца, як і прадказваў Язэп Драздовіч.

Вікторыя АСКЕРА 

Загаловак у газеце: Народны філосаф

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?