Вы тут

Усе разам, напаўголасу...


Ці магчыма зрабіць самастойны тэатральны твор, калі існуе (і даволі папулярны) мастацкі фільм? Здавалася, стваральнікі мюзікла «Звычайны цуд» (тэатр «Тэрыторыя мюзікла») вельмі рызыкавалі. Вядома, што «раскручаная» гісторыя заўсёды больш прыцягвае, чым прэм’ера зусім невядомага твора. Але і адказнасць (асабліва з улікам зорнага складу ў фільме рэжысёра Марка Захарава) большая. І, здаецца, прысутнічае спакуса спекуляваць на ўжо знаёмых вобразах — правераных, любімых...


Да гонару рэжысёра Настассі Грыненкі і мастака Андрэя Меранкова, якія прадумалі сцэнічнае ўвасабленне гэтай гісторыі, яны вельмі стараліся адысці ад паўтораў вобразаў герояў і распавесці ўсё ж пра свой «Звычайны цуд». Аднак адсылка да фільма (зусім пра яго забыць не выпадае!) прысутнічае: у выглядзе паветраных шарыкаў, што лунаюць над сцэнай. Але позірк на іх спыняецца толькі на пачатку спектакля, і ў спалучэнні з першымі гукамі музыкі, вядомай па фільме, яны разам уцягваюць у цудоўную казку Яўгена Шварца, што лягла ў аснову твора — кінематаграфічнага і потым сцэнічнага. Але далей спектакль жыве сваім асобным жыццём. І становіцца зразумела, навошта паўтараць у тэатры тое, што ўжо добра вядомае. Фільм існуе без нас, мы назіраем за гісторыяй збоку. Тэатральная сцэна нібыта таксама на адлегласці ад крэслаў у глядзельнай зале. Але яна дае адчуванне далучанасці да таго, што адбываецца ў цябе перад вачыма. Яшчэ і арганізатары паказу папрацавалі на гэта: да пачатку спектакля сярод гледачоў былі заўважаны асобы ў стылізаваных строях, нібыта з паралельнага вымярэння. Яны потым уладкаваліся ў зале, і было адчуванне, што ўсе мы — падуладныя волі чараўніка і падданыя казачнага каралька.

А калі сцэна стала напаўняцца героямі, узнікла адчуванне, што яны жывуць сваім жыццём. Часткова ў гэтым заслуга менавіта тых, хто распрацоўваў канцэптуальнае вырашэнне мінскай пастаноўкі (пастановачная група), а часткова — музычнага твора. Таму што тэкст, які прамаўляецца артыстамі, мінімальны. У асноўным гісторыя распавядаецца менавіта праз музычныя нумары. І тут сапраўды папрацавалі стваральнікі Юлій Кім (аўтар слоў), і Генадзь Гладкоў (аўтар музыкі). Яны стварылі асобныя нумары, якія даюць дадатковую (музычную) характарыстыку героям і тлумачаць сюжэтныя перыпетыі. Дзякуючы дадатковым музычным нумарам адчуваецца каханне Чараўніка да жонкі, зразумела, чаму ён усю гэтую гісторыю прыдумаў. Чараўнік — Дзмітрый Якубовіч — наогул здолеў пазбегнуць параўнанняў з Алегам Янкоўскім. Яго герой — задзірысты і творчы, кемлівы і недзе авантурны. Вельмі стараліся і маладыя артысты іграць сваю рамантычную гісторыю. Іншай атрымалася Прынцэса ў Алены Бабук: казачная лялечка напачатку, яна бывае і свавольнай, і рамантычна-засяроджанай. А вось Мядзведзь Эдуарда Вайніловіча падаецца надта стрыманым і не такім гарачым, як кінаперсанаж. Абаяльны — але па-іншаму — кароль у выкананні Аляксандра Асіпца. І яго хочацца прыняць як кіраўніка гэтага каралеўства, з уласцівай яму харызмай. Але некаторыя вобразы (свядома ці падсвядома) усё ж просяцца да параўнання з фільмам. Тым не менш жыццё ўсіх персанажаў недзе казачнае — мастак па касцюмах Юлія Бабаева гэта пастаралася падкрэсліць. А ў чымсьці гэтае жыццё і рэальнае, таму што ўваходзіць у залу, распаўсюджваецца на ўсіх прысутных праз рамантычныя мары і думкі пра сапраўдныя цуды, што падуладныя кожнаму. Таму пытанне «Навошта гэта ставіць?» паступова адпадае. Яшчэ таму, што героі старога (ужо, як ні сумна!..) фільма ў выкананні савецкіх зорак цяпер не ўспрымаюцца моладдзю: тых, каго памятаюць бацькі ці бабулі з дзядулямі, іх нашчадкі могуць ужо не ведаць. Ім бліжэй будуць якраз сучасныя, рэальныя выканаўцы, іх аднагодкі, якія са сцэны распавядаюць гісторыю менавіта для іх. А яна сама па сабе такая цудоўная, што пасля хочацца спяваць...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».