Вы тут

Уладзімір Цвірка. Чырвоны Бераг


Пачну з мясцовай легенды. Пытаюся: «Чаму так завецца ваша вёска? Мабыць, другая раней назва была, а гэтая за савецкім часам з’явілася?».


— Не, — адказваюць мясцовыя жыхары. — Колькі вёска існуе, столькі і назва ў яе такая, родная гэта назва. А чырвоны бераг — значыць, прыгожы. Сад тут у нас вельмі даўно рос — прыгажэйшага за яго не было. Пасадзіў яго мясцовы каваль для багатай паненкі, імкнуўся такім чынам на сябе ды на сваё каханне звярнуць яе ўвагу. Казалі, што вельмі ганарлівая была.

— І чым гісторыя скончылася? — пытаюся.

— А тым, што памёр каваль, пасадзіўшы апошняе дрэўца. І пахавалі яго ў садзе. А паненка са сваёй ганарлівасцю ды з багатым пасагам так усё жыццё і пражыла ў адзіноце. Шкада, ведаеш, іх абодвух. А можа, гэтая гісторыя была ім для навукі... Хоць дзівоснага саду ўжо няма, але ж мясціны нашы — прыгажосці яшчэ той! Толькі не спяшайся, павольна разглядай, дробязі не прамінай. А то прыляцяць, фота шчоўк ды назад у машыны. Ці так глядзець трэба? А спытаеш, чаму, у адказ чуеш адно: часу няма. А дзе яны гэты час згубілі, куды падзелі....

Хацелася дагнаць суразмоўцу, спыніць, запэўніць, што я не з іх ліку. Не дагнаў, пасаромеўся. І я іншы раз лячу як ашалелы. І паабяцаў сабе, што менавіта сёння буду ўсё глядзець як мага павольна і захапляцца ўбачаным.

...Па адных звестках, гэтыя мясціны ў гістарычных летапісах вядомыя з 1528 года. Другія, больш старажытныя крыніцы, сцвярджаюць, што Чырвоны Бераг (цяпер Жлобінскі раён) існаваў як паселішча яшчэ з самага пачатку XIV стагоддзя ў складзе зямель Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гаспадарылі на гэтых землях розныя ўладальнікі. Сярод іх былі роды Зінькевічаў, Салтанаў, Варанецкіх...

Вялікія, непамерныя страты панеслі гарады нашы і мястэчкі падчас вайны з Масковіяй (1654—1657). Ператварылася ў попел і паселішча Чырвоны Бераг. Адраджацца пачало толькі праз некалькі стагоддзяў. Пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1866 годзе тут гаспадарыць расійскі палкоўнік Багародскі, а з 1877-га — новы ўладальнік, генерал-маёр Гатоўскі. Пасля яго смерці ўся маёмасць перайшла дачцэ Марыі, а потым — яе мужу Вікенцію Паклеўскаму-Козел.

Той непараўнальны архітэктурны цуд, дзеля якога я наладзіў чарговую вандроўку, з’явіўся тут у сярэдзіне 1893 года. Будаваўся гэты велічны палац з цэглы ў вельмі выразных рысах эклектычнага стылю, у якім па-майстэрску спалучаюцца рысы неаготыкі, рэнесансу і мадэрну. Кіраваў будоўляй малады, але ўжо вядомы і таленавіты архітэктар Віктар Шротэр. Калі яшчэ пра стылі, якія можна без цяжкасці знайсці і ў вонкавым дэкоры, і ў афармленні амаль сарака пакояў, то іх набіраецца столькі, што можна толькі па гэтай тэме на цэлы дзень ладзіць тэматычную вандроўку.

І сапраўды, згаданую асаблівасць можна пабачыць на здымках. Была іх неверагодная колькасць, але ні адзін не паўтарыў папярэдні, — настолькі гэты архітэктурны помнік разнастайны ў афармленні. Абавязкова трэба выдзеліць добрую частку часу на агляд залаў і пакояў палаца. Багатым дэкорам уразяць каміны, сцены ды столі са шматлікай аб’ёмнай ляпнінай, якая месцамі нават нечакана здзіўляе арабскімі матывамі.

Калі зацікавіцца старымі здымкамі сядзібы і самога палаца, адразу можна заўважыць, што дрэвы, якія былі высаджаны пры закладцы старога парку, яшчэ не настолькі вялікія, каб перакрываць, скрадваць велічны сілуэт будынка палаца. Яго адлюстраванне ў ціхіх водах невялікай маляўнічай рэчкі Добысны было поўным, з усімі дробязямі. Цяпер справа іншая: парк, які разлёгся на берагах ракі на дзесяці гектарах, хавае дзівосны будынак, ахінае яго сваімі галінамі, як быццам раўнуе да ўсяго навакольнага свету.

Адразу бачна, што ландшафтны архітэктар Францішак Шаніёр глядзеў на перспектыву, таленавіта прадугледжваючы ўсе асаблівасці наваколля: выгібы ракі, напрамак алей і відавых палян. Каб сёння мы з такой асалодай успрымалі гэты «англійскі парк» пейзажнага тыпу, казачны палац пад вершалінамі яго дрэў, люстэрка няспешна бягучай побач Добысны.

І сапраўды, чым павольней блукаеш па сцежках парку, па берагах рэчкі, падыходзіш і зноў на нейкі час пакідаеш сцены палаца, тым ясней разумееш і заўважаеш больш тых разнастайных, такіх мілых дробязей, якія лёгка пераўтвараюць асяроддзе вакол цябе ў чароўны, нават фантастычны свет.

Падчас двух сусветных войнаў пашчасціла і самому палацу, і яго гаспадарчым пабудовам, нават парку быць не пашкоджанымі. Таму ў нас ёсць выдатная магчымасць убачыць побач з палацам цікавы флігель, які захаваўся без значных перабудоў, шматлікія гаспадарчыя пабудовы ў стылі неаготыкі, агароджу вакол сядзібы з арыгінальнай уязной брамай, узведзенай у псеўдагатычным стылі.

Добра, што ўсё так захавалася, добра, што так выдатна папрацавалі рэстаўратары і будаўнікі, але не след спыняцца на дасягнутым. Столькі неацэнных архітэктурных помнікаў у руінах чакае нашых рук, нашай працы. Час і надвор’е даўно ім не сябры. Вельмі хацелася б, каб мы сталі іх сябрамі і нават абаронцамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».