Вы тут

Як пад Мінскам трэніруюцца лётчыкі


Святочны парад войскаў Мінскага гарнізона адбудзецца ў сталіцы на Дзень Незалежнасці. Пасля праходжання механізаванай калоны ў небе з'явіцца авіяцыя. Паветраны эшалон парада будзе прадстаўлены баявымі верталётамі Мі-8МТВ-5, Мі-24, знішчальнікамі МіГ-29, штурмавікамі Су-25, ваенна-транспартнымі самалётамі Іл-76, Ан-26, вучэбна-баявымі самалётамі Як-130 і вучэбна-трэніровачнымі самалётамі Л-39.


Хуткасць палёту самалётаў будзе складаць да 500 кіламетраў за гадзіну. Ці 125 метраў за секунду. Таму выніковая пагрэшнасць нават у адну секунду ўжо нясе рызыку і можа сапсаваць прыгажосць палёту паветранага разліку для гледачоў з зямлі. Сваё майстэрства лётчыкі адточваюць на аэрадроме 50-й змешанай авіяцыйнай базы, што месціцца ў Мачулішчах пад Мінскам. Туды і адправіліся карэспандэнты «Звязды».

Побач з узлётна-пасадачнай паласой знаходзіцца без навушнікаў даволі складана. Паветраныя караблі ўзлятаюць, а пасля заходзяць на пасадку адзін за адным. Разліковы час узлёту ўсіх 44 машын — усяго толькі 13 хвілін. А гэта значыць, што кожныя 15 секундаў у неба ўздымаецца чарговы лятальны апарат. Час узлёту, параметры баявых парадкаў, вышыня і хуткасць размечаны з дакладнасцю да секунды. І вось у небе з'яўляецца белы Іл-76. Яго вядзе на пасадку камандзір базы, палкоўнік Андрэй Лук'яновіч.

— Пілатаваць самалёты на парадзе будуць толькі першакласныя афіцэры. Папярэдняя падрыхтоўка праводзілася не ва ўрон баявой. Зараз жа мы будзем праводзіць разбор палётаў. Прааналізуем усе элементы палётаў, пастраенне, падыход да пункта паказу ў зададзены час.

Парад праходзіць у цэнтры горада. А аэрадром знаходзіцца па-за яго межамі. Такім чынам, убачыць пралёт авіяцыі можна будзе і наўпрост з некаторых дамоў, якія пралягаюць па трасе яго следавання.

— Баявы парадак можна смела назваць унікальным, — працягвае Андрэй Лук'яновіч. — Паветраныя караблі пойдуць на чатырох хуткасцях. Верталёты, якія панясуць дзяржаўныя сцягі, праляцяць на хуткасці 60 км/г. Другія верталёты — на хуткасці ў 200 км/г. Самалёты Ан-26 і Як-130 будуць ляцець удвая хутчэй. У астатніх машын хуткасць складзе 500 кіламетраў за гадзіну.

Побач з узлётна-пасадачнай паласой з'яўляецца намеснік камандзіра 50-й змяшанай авіяцыйнай базы падпалкоўнік Уладзімір Скоркін. Ён будзе вядучым звяна баявых верталётаў Мі-24. У паветры ж ён — з 2001 года.

— Буду ўдзельнічаць ужо ў трэцім парадзе. Місія вельмі адказная, — заўважае падпалкоўнік. — А наперадзе яшчэ — разбор палётаў, дзе збяруцца ўсе кіраўнікі, лётчыкі і персанал. Хоць мушу зазначыць, што Мі-24 прайшлі, як трэба, з нулявым адхіленнем ад графіка. Наперадзе сёння нас чакае яшчэ адзін трэніровачны палёт. Сумарна праводзім у паветры за дзень больш за дзве гадзіны.

***

А нашаму фотакарэспандэнту ўдалося падняцца ў неба на тым самым Іл-76.

Я ўпершыню лятала ў кабіне з лётчыкамі і бачыла ўсё, што і як яны рабілі. Гэта проста цуд! Прыехалі на аэрадром. Заканчваюцца апошнія падрыхтоўкі перад палётам. Вось-вось пачнецца рэпетыцыя. Падыходзім да самалёта. Рухавікі гудуць. Я нічога не чую. Пілот бярэ мяне за руку, каб я не залезла, куды не трэба, ад шчасця будучага палёту. «Правай-левай, правай-левай, рукамі трымаешся тут і сядаеш!» Выконваю ўсе ўказанні пілота і сяджу ў чаканні мары побач з экіпажам у Іл-76. Да гэтага ваенныя самалёты бачыла толькі ў кіно.

Фатаграфавацца да палёту ні ў якім разе нельга — дрэнная прыкмета. Толькі пасля таго, як паляцім. Я і не спрабую. Трымаюся, хоць і вельмі хацелася. Узлятаем. Набіраем хуткасць. Я ціхенька сяджу з заплюшчанымі вачыма і думаю: як жа гэта запомніць, на якія кнопкі ў які час націскаць. Як гэта ўсё магчыма?

Мне ласкава прапаноўваюць падысці і сесці бліжэй. Радуюся. Перасоўвацца цяжка з непрывычкі. Я сяджу непасрэдна за камандзірам.

Сфатаграфаваць бы хоць што-небудзь. Але камера не слухаецца. Устаць не магу, кадр не атрымліваецца. «Ну і добра», — думаю я. Хоць бы незнарок не націснуць на што-небудзь, не зламаць. Ляцім над горадам, над Мінскім морам... Толькі паспявай трымацца. А пад крыламі самалёта — прыгажосць, якую нельга апісаць.

Нарэшце мы заходзім на пасадку. Першым з самалёта выходзіць камандзір Андрэй Лук'яновіч, потым усе астатнія. Устаю, расплываюся ва ўсмешцы і дзякую яму і ўсяму экіпажу за спраўджаную мару...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, Таццяна ТКАЧОВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Ізноў ідзе пасадка на барты...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...